Гэта быў самы звычайны дзень. Але…
Я сядзеў у парку і чытаў газету. Краем вока ўбачыў, як па сцяжынцы ішлі стары і дзяўчынка. Дзяўчынка яўна спяшалася, з цяжкасцю цягнучы старога, які ўчапіўся ў яе руку.
– Сядзем, – папрасіў стары.
І яны ўселіся на суседнюю лаву, непадалёку ад мяне…
Прайшло яшчэ некалькі мінут гэтага самага звычайнага дня.
– Дзед, а дзед, я хачу марожанага. Мы будзем сядзець не доўга?
– Крыху пасядзім і паглядзім па баках… Што мы бачым сёння?
– Сёння мы бачым восень. І ўчора мы бачылі восень. Зусім такую ж –шэрую і не цікавую.
– Ты глупства гаворыш, – сказаў стары і стаў нервова праводзіць рукою па лаўцы. – Восень ніколі не бывае аднолькавай. Я з дзяцінства палюбіў гэтую пару года ды і нарадзіўся восенню. Восень увесь час змяняецца. Праз дзве гадзіны яна будзе зусім іншай, не такой, як зараз. Што мы бачым яшчэ?..
– Усюды восень – шэрая, брудная, сумная…
– Ну, што ты?! Восень ніяк не можа быць сумнай. Проста ты ніколі не бачыла сапраўднай восені. Тут, у парку, толькі яе маленькі кавалачак, які адкалоўся ад вялікай Восені і згубіўся ў нашым горадзе. Што ты яшчэ бачыш?..
– Бачу дрэвы. Вялікія, іх, мусіць, хутка спілуюць на дровы…
– А гэтыя ж дрэвы выраслі з кволых саджанцаў. Адзін з іх і я некалі пасадзіў… Расці ім дапамагалі зямля і сонца. Што ты яшчэ бачыш?..
– Больш нічога!
– Хіба нічога? Ліст падае…
– Гэта проста вецер сарваў яго з вершаліны дрэва.
– Гэта так прыгожа, калі падае ліст. Глядзі, як ён падае. Павольна, неахвотна. Толькі нядаўна ён быў жывы. І упаў… Памёр, але сваёй смерцю крышачку ўпрыгожыў наша жыццё – для нас з табой, для іншых людзей. Ен добра жыў і слаўна памёр. Дык чаму ж ты гаворыш, што нічога няма?
– Дзед, мне сумна, мне надакучыла расказваць, – хныча дзяўчынка. – А лісце не памірае, а проста падае і гніе. Ты такі вялікі і мудры, дзядуля, а разважаеш, як малое дзіця…
– Адну хвіліначку! Яшчэ толькі адну хвіліначку! – просіць стары. – Падымі галаву і паглядзі на неба. Што там бачыш?
– Нічога. Толькі воблакі…
– А я бачу. Калі глядзець на неба, здаецца, што воблакі быццам спыніліся раптам, а ты павольна плывеш разам з зямлёй і з вершалінамі дрэў. Плывеш у зусім іншы свет. Гэты свет падарыў дзед майму бацьку, а бацька – мне. Цяпер я павінен падарыць яго табе, унучка. Беражы яго, беражы кожны лісцік, кожны шэпт роднай прыроды. Ты таксама абавязана будзеш падарыць яго сваім дзецям…
– Дзед, не кажы глупства. Я хачу марожанага, – перабівае дзяўчынка.
– Зараз пойдзем…
Стары высока падняў галаву, доўга-доўга глядзеў у блакітнае неба. Толькі вочы яго былі нерухомыя. Ен быў сляпы.
Ну, хто сказаў, што ў сляпых пустыя вочы?..
Канстанцін СЦЯПАНАЎ.