У структуры захворваемасці дарослых летась, як і ў 2007 годзе, пераважалі хваробы сістэмы кровазвароту, органаў дыхання, стрававання, касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі, эндакрыннай сістэмы, расстройствы харчавання і парушэнні абмену рэчываў, траўмы, атручванні, псіхічныя расстройствы і расстройствы паводзін, хваробы вока і яго прыдатачнага апарата.
Трэба адзначыць у якасці станоўчага моманту адсутнасць выпадкаў захворвання віруснымі гепатытамі “А” і “В”.
Па-ранейшаму захворваемасць туберкулёзам застаецца самай высокай у вобласці (110,35 на 100 тыс. насельніцтва пры сярэднеабласным паказчыку 61,6).
Паказчык інваліднасці сярод жыхароў Хойнікшчыны працаздольнага ўзросту складае 49,1 на 10 тыс. насельніцтва. У структуры прычын пярвічнай інваліднасці пераважалі хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы і новаўтварэнні.
У мінулым годзе зарэгістраваны 93 выпадкі захворвання злаякаснымі новаўтварэннямі, што на 2 выпадкі менш, чым у 2007 годзе. Усяго на тэрыторыі Хойніцкага раёна на ўліку састаіць 793 анкахворых. У структуры захворваемасці злаякаснымі новаўтварэннямі пераважаюць меланома і іншыя новаўтварэнні скуры (34%), новаўтварэнні трахеі, бронхаў, лёгкага (15%), страўніка (10%). У 2008 годзе ад злаякасных новаўтварэнняў памёрлі 45 чалавек, што складае 13 працэнтаў ад агульнай колькасці пайшоўшых з жыцця летась.
Трэба памятаць, што дзейснай мерай прафілактыкі любых захворванняў з’яўляецца здаровы лад жыцця, які прадугледжвае рацыянальнае і збалансаванае харчаванне, загартоўку, плённую працу, аптымальны рухальны рэжым, выкараненне шкодных звычак.
С. КРАЎЧАНКА,
в.а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна.