Стала намнога прасцей


З 1 мая сёлета ўступілі ў сілу змяненні і дапаўненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі. Аб найбольш істотных зменах у зямельных адносінах расказвае начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Хойніцкага раёна А.А. МАЛІНОЎСКІ.


– Змяненні і дапаўненні накіраваны на далейшую лібералізацыю эканомікі краіны, абарону інтарэсаў насельніцтва і павышэнне дзелавой актыўнасці суб’ектаў гаспадарання. Акрамя таго, ствараецца спрыяльны інвестыцыйны клімат ў сярэдніх і малых гарадах, сельскіх населеных пунктах, уключаючы аграгарадкі, дзе зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца інвестарам без правядзення аўкцыёна для будаўніцтва і абслугоўвання аб’ектаў нерухомай маёмасці ў свабодных эканамічных зонах, а таксама пры набыцці незавершаных будаўніцтвам, незакансерваваных капітальных пабудоў (акрамя незавершаных будаўніцтвам жылых дамоў і жылых памяшканняў), рашэнне аб адчужэнні якіх прынята Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Не патрэбен аўкцыён для будаўніцтва аб’ектаў нерухомай маёмасці, прызначаных для вытворчасці тавараў, выканання работ, паслуг, а таксама калі канкрэтны інвестар вызначаны рашэннем Прэзідэнта або праграмай, зацверджанай на дзяржаўным узроўні.

Праз аўкцыён набываюцца зямельныя ўчасткі для будаўніцтва любых аб’ектаў у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва звыш 50 тысяч чалавек, а таксама для будаўніцтва аўтазаправачных станцый. І не важна, дзе яны знаходзяцца – у буйным горадзе або маланаселенай вёсцы.

Зямельныя ўчасткі без правядзення аўкцыёна прадастаўляюцца грамадзянам Рэспублікі Беларусь для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў у населеных пунктах, за выключэннем абласных цэнтраў і горада Мінска. Заўважу, што грамадзянам, якія састаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па іх жаданню зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца ў пажыццёвае спадчыннае ўладанне, у прыватную ўласнасць або ў арэнду.

Мясцовыя органы выканаўчай ўлады могуць прымаць рашэнні аб прадастаўленні пратэрміноўкі ўнясення платы за права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў або платы за зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя ў прыватную ўласнасць. Пратэрміноўка можа прадастаўляцца на тэрмін, не перавышаючы 5 гадоў з дня прыёму ў эксплуатацыю ва ўстаноўленым парадку закончанага будаўніцтвам аб’екта.

Многія змяненні ўнесены ў працэдуру афармлення дакументаў на зямельныя ўчасткі. Перш за ўсё, спрошчана працэдура афармлення дакументаў на ўчасткі, якія маюцца ў карыстанні грамадзян. Прыняцце рашэння аб прадастаўленні зямельнага ўчастка ажыццяўляецца на падставе матэрыялаў па ўстанаўленню яго мяжы. Уведзена норма пераходу права на зямельны ўчастак без рашэння мясцовага выканаўчага камітэта пры пераходзе права на размешчаную на гэтым участку капітальную пабудову іншай асобе, калі пры гэтым не змяняецца назначэнне зямельнага ўчастка, яго памер і межы.

Дадаткова, да асобага рашэння Прэзідэнта, прыпынена дзеянне Указа № 87 ад 7 лютага 2006 года “Аб некаторых мерах па скарачэнню незавершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў і дач”, якім ўстаноўлены гранічны тэрмін будаўніцтва грамадзянамі жылых дамоў, дач – 3 гады з дня атрымання дазволу на будаўніцтва. Гэта дазволіць грамадзянам разлічыць свае фінансавыя магчымасці і спакойна завяршыць пачатае будаўніцтва.


Запісала Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *