Ідэю напісаць пра Андрэя Кавальчука я выношвала з пачатку года. Менавіта пасля таго, як юнак вярнуўся з абласной алімпіяды па працоўнаму навучанню з Дыпломам пераможцы трэцяй ступені. Знаходзячыся па рабочых пытаннях у Глінішчанскай школе, нарэшце пазнаёмілася з таленавітым маладым чалавекам і пабачыла яго цуда-танк.
Драўляная мадэль сапраўды здзіўляе і захапляе. На яе стварэнне быў затрачаны амаль год. Танк проста выпеставаны рукамі юнага майстра. Ён складаецца са 170 дробных дэталяў, кожную з якіх трэба было ўявіць, начарціць, выпіліць лобзікам, падагнаць адну да адной і толькі потым сабраць у адзінае цэлае. Разьба па дрэву – вельмі скрупулёзная работа, якая патрабуе не толькі ўмення выпільваць і выразаць, але і аб’ёмнага ўяўлення, тэхнічных ведаў, дакладнасці і цярпення. Усім гэтым Андрэй валодае ў поўнай меры.
Цікавасць да работы з дрэвам яму прывіў настаўнік працоўнага навучання Валянцін Аркадзьевіч Міхасёў, які заўважыў здольнасці юнака і запрасіў да сябе ў гурток. На занятках хлопец у першы раз узяў у рукі лобзік, спачатку спрабаваў выпільваць з фанеры просценькія фігуркі, потым пачаў ствараць больш складаныя вырабы. Справа пайшла. Зацягнула. Кожная наступная ўдала зробленая рэч падштурхоўвала да новых ідэй і іх рэалізацыі.
Мадэль, якая з’яўляецца дакладнай мініяцюрнай копіяй танка, устаноўленага ў нашым райцэнтры, – адна з самых арыгінальных і яркіх работ Андрэя. Драўляная ваенная тэхніка, прадстаўленая Глінішчанскай школай, шчыра ўразіла членаў журы абласной алімпіяды, тым больш, што прысвечана творчае спаборніцтва было якраз 70-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дарэчы, Андрэй Кавальчук неаднаразова з’яўляўся пераможцам раённых алімпіяд па працоўнаму навучанню.
Для юнака разьба па дрэву – гэта не толькі спосаб самавыяўлення, але яшчэ і выдатная таблетка для зняцца стрэсу пасля напружанага дня. Гэта ж і праца, і адпачынак адначасова. Сапраўды, цікава назіраць за тым, як звычайны брусок дрэва ператвараецца ў які-небудзь прыгожы выраб. Зачаравана назірала за тым, як Андрэй «калдаваў» над драўляным матэрыялам – у яго сапраўды ўмелыя рукі. Няхай з-пад іх нараджаюцца новыя цудоўныя вырабы, што прывядзе да новых творчых перамог.
Наталія Чэкан.