Прафесія патрэбная і важная


Крылатая фраза сцвярджае, што статыстыка ведае ўсё. Магчыма, гэта і не зусім так, але бясспрэчна адно – пры аналізе работы народнай гаспадаркі, яе планаванні і пастаноўцы задач на будучае без статыстычных даных не абысціся ніяк.

Сёння аб рабоце ўзначальваемай арганізацыі расказвае начальнік аддзела статыстыкі Хойніцкага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці Т.М. ПІВАВАР.


– Таццяна Міхайлаўна, якія функцыі ўскладзены на калектыў?

– Нашымі асноўнымі задачамі з’яўляюцца збор, апрацоўка, абагульненне, накапленне, захоўванне і ахова статыстычных даных на аснове статыстычнай метадалогіі. Гэтую інфармацыю мы прадастаўляем выканаўчым і распарадчым органам раёна, раённаму Савету дэпутатаў, органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям.

– Як гэта адбываецца на практыцы?

– Кожная арганізацыя (усяго гэта каля 200 рэспандэнтаў) прадастаўляе нам пярвічныя статыстычныя даныя аб сваёй гаспадарча-фінансавай дзейнасці. Справаздачы прадастаўляюцца як штомесячна, так штоквартальна і па выніках года. Мы апрацоўваем гэтыя даныя і потым накіроўваем іх у электронным выглядзе ў Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гомельскай вобласці.

– Такім чынам, складваецца самая аб’ектыўная і поўная карціна эканамічнага жыцця раёна. Як ідуць справы ў народнай гаспадарцы па даных работы за 7 месяцаў бягучага года?

– У гэтым годзе сітуацыя больш складаная, чым летась – як ні круці, а подых сусветнага эканамічнага крызісу адчуваецца. Цяжкасці ўзнікаюць у прадпрыемстваў прамысловасці раёна, не ўсё гладка ідзе ў сферы гандлю. Тым не менш, заработная плата працуючым ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі выплачваецца своечасова. Абнадзейвае і той факт, што за перыяд са студзеня па жнівень інвестыцыі ў асноўны капітал у раёне ў супастаўных цэнах павялічыліся на 86% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.

Бурна развіваецца будаўнічая галіна – за 7 месяцаў года ўведзена 4330 квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што склала 88% графіка будаўніцтва на год. З даведзенымі прагнознымі заданнямі спраўляюцца і работнікі сельскай гаспадаркі.

– Наперадзе – рэспубліканскі перапіс насельніцтва, у якім вам давядзецца прыняць непасрэдны ўдзел.

– Так, з 14 па 24 кастрычніка ў краіне пройдзе перапіс насельніцтва. Акрамя работнікаў нашага аддзела, у гэтым важнейшым сацыяльна-эканамічным мерапрыемстве прымуць удзел і каля 120 добраахвотных памочнікаў, кандыдатуры якіх ужо адабраны і ўзгоднены з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, на якіх яны працуюць. Мяркую, што перапіс насельніцтва ў нашым раёне пройдзе арганізавана і зладжана.

– Раскажыце аб людзях, якія працуюць у вашым калектыве.

– Калектыў наш невялікі, але дружны і здольны на вырашэнне самых складаных задач. Заўсёды магу быць упэўненай у высокім прафесіяналізме, стараннасці і высокай самааддачы намесніка начальніка Людмілы Уладзіміраўны Бічан, галоўнага эканаміста Наталлі Рыгораўны Луцко, вядучага эканаміста Людмілы Валянцінаўны Каласок, вядучага эканаміста па перапісу насельніцтва Алены Мікалаеўны Каласок, эканаміста І катэгорыі Веры Рыгораўны Чэкан, аператара ЭВМ Наталлі Аляксееўны Чэркас. Заўсёды ў чысціні захоўвае памяшканні і кабінеты прыбіральшчыца Людміла Міхайлаўна Аўдзеенка, выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі слесар-сантэхнік Уладзімір Уладзіміравіч Каралёнак.

Не магу не ўспомніць і нашых ветэранаў, людзей, якія не адзін год адпрацавалі ў сферы статыстыкі, Таццяну Міхайлаўну Чатырка, Ніну Фёдараўну Кавалькову, Ліну Іванаўну Будзько, Валянціну Аляксандраўну Пінчук, Еву Максімаўну Мажэйка, Тамару Данілаўну Зіньковіч і іншых.

Сардэчна віншую іх, а таксама ўсіх работнікаў аддзела статыстыкі з прафесійным святам і жадаю здароўя, шчасця, міру і дабрабыту.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *