40 год на адным прадпрыемстве

Людзі і лёсы Экономика

Ёсць людзі, без якіх цяжка ўявіць тую ці іншую справу. І наадварот – іх немагчыма аддзяліць ад прафесіі, якая стала справай усяго іх свядомага жыцця. Напрыклад, настаўнік, які дзесяцігоддзямі ўваходзіць у адзін і той жа клас. Альбо ўрач, які назаўсёды прысвяціў сябе той ці іншай галіне медыцыны, ці прадавец, які большую частку жыцця адпрацаваў у адной і той жа гандлёвай кропцы, супрацоўнік міліцыі, які для ўсіх, хто яго ведае, стаў жывым увасабленнем законнасці і справядлівасці. Да такіх людзей мы прывыкаем настолькі, што яны становяцца неад’емнай часткай нашай рэчаіснасці.

P6297133
Вось і на заводзе жалезабетонных вырабаў наўрад ці змогуць уявіць работу кацельні прадпрыемства без яе начальніка Леаніда Пятровіча Папова (на здымку). У мінулым чэрвені споўнілася роўна 40 гадоў з таго дня, калі ён упершыню пераступіў парог заводскай прахадной. Юбіляра павіншавалі кветкамі і памятным падарункам, у яго адрас прагучалі самыя цёплыя словы ад таварышаў па рабоце, кіраўніцтва прадпрыемства і яго прафсаюзнага камітэта, у склад якога Леанід Пятровіч нязменна ўваходзіць. І гэта былі не проста словы, а шчырая ўдзячнасць і павага чалавеку, які большую частку свайго жыцця аддаў прадпрыемству і калектыву, стаўшымі для яго роднымі.
Нарадзіўся ён у гарадскім пасёлку Дабранка Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці. Гэты населены пункт адметны тым, што па працякаючай скрозь яго рэчцы Нямыльні праходзіць мяжа Беларусі і Украіны. У савецкія часы гэты факт не дастаўляў жыхарам Дабранкі і наваколля асаблівых клопатаў, у адрозненне ад дзён сённяшніх. А тады Леанід закончыў мясцовую васьмігодку, далейшую адукацыю атрымліваў у Гомельскім вучылішчы рачнікоў па спецыяльнасці «механізацыя прамысловага абсталявання». За час вучобы навучэнцы грунтоўна і дасканала вывучалі работу і ўстройства металаапрацоўчых станкоў, асвойвалі і прафесію газаэлектразваршчыка. Менавіта ў якасці газаэлектразваршчыка арматурнага цэха ён і быў прыняты на Хойніцкі завод ЖБВ у чэрвені далёкага 1974 года, куды выпускнік Папоў прыбыў па размеркаванню пасля заканчэння вучылішча.
Там і адпрацаваў да службы ў арміі, а калі ў лістападзе 1977 года дэмабілізаваўся, то вярнуўся ў Хойнікі, дзе тады ж ажаніўся на дзяўчыне з прыгожым іменем Антаніна, якую ведаў яшчэ ў роднай Дабранцы. У годзе наступным завод выдзеліў маладой сям’і кватэру па вуліцы Калесніка, і тым самым новая ячэйка грамадства трывала замацавалася на хойніцкай зямлі.
З бегам часу расло і ўмацоўвалася прафесійнае майстэрства маладога зваршчыка. Леанід Пятровіч 8 год адпрацаваў у арматурным цэху, потым была работа ў аддзеле галоўнага механіка, а ў 1982 годзе ён перайшоў у заводскую кацельню. Трэба сказаць, што зваршчыкам у кацельню возьмуць не кожнага, а толькі чалавека кваліфікаванага і дасведчанага: трубы – матэрыя тонкая і сапсаваць, прапаліць іх – раз плюнуць, а каб працаваць з імі, патрэбна асаблівае ўменне.
Прапарцыянальна прафесійнаму майстэрству ўзрастаў і асабісты аўтарытэт Л.П. Папова ў калектыве. А таму ніхто і не здзівіўся калі яго прызначылі начальнікам кацельні. Прынамсі, у штатным раскладзе гэтая пасада пазначана больш сціпла – майстар кацельні. Аднак калі ў цябе ў падпарадкаванні больш за 20 чалавек, то міжволі людзі пачнуць называць цябе начальнікам. Такога немалога штату кацельня дасягала ў часы, калі яна ацяпляла частку мікрараёна «Юбілейны». І акрамя чыста прафесійнай адказнасці, немалым грузам дадавалася адказнасць псіхалагічная – за цяпло ў кватэрах, школах, дзіцячых садах.
Увогуле кола службовых абавязкаў Л.П. Папова шырокае. Прасцей кажучы, ён тут у адказе за ўсё: за падачу цяпла, пары і гарачай вады для вытворчых і бытавых патрэб, за стан абсталявання, за сваіх людзей, за санітарны стан свайго вытворчага аб’екта. Апошняму аспекту Леанід Пятровіч надае асаблівае значэнне.
– Лічу, што адна з галоўных якасцей, якая павінна быць у чалавека працы – высокая культура вытворчасці, – гаворыць Л.П. Папоў, – толькі ў гэтым выпадку можна чакаць ад яго высокай ступені адказнасці за даручаную справу і такой жа высокай ад яе аддачы. Немалаважныя і культура адносін паміж людзьмі, узаемаразуменне і ўзаемапавага ў калектыве, умовы, у якіх працуюць людзі і якія яны стварылі для сябе самі…
Пры гэтых словах майго субяседніка ўспомнілася, што сказала пра яго дырэктар прадпрыемства Ганна Аляксандраўна Васіленка:
– Той зялёны аазіс, які створаны зараз вакол будынка, – кветкі, клумбы, бярозкі, асінкі, вішанькі, алыча, дэкаратыўнае кустоўе – усё гэта альбо справа рук самога Леаніда Пятровіча, альбо высаджана падначаленымі па яго ініцыятыве. Гэтае ж датычыць вазонаў і кветак у вытворчых памяшканнях. А ўвогуле, за калектыў, створаны ім у кацельні за гэтыя гады, мікраклімат у ім і становішча спраў з забеспячэннем парай і цяплом я магу асабліва не хвалявацца, ведаючы, што там усё будзе як трэба.
Аналагічную думку выказала і старшыня прафсаюзнага камітэта прадпрыемства Людміла Аляксандраўна Валасюк:
– Гэта ў вышэйшай ступені прыстойны і адказны чалавек. Людзі яго любяць і паважаюць, і ў нашым прафсаюзным камітэце ён адзін з самых актыўных. А які парадак і якую прыгажосць стварыў ён вакол і ўнутры звычайнай кацельні.
Сам жа Леанід Пятровіч з уласцівай яму сціпласцю папрасіў адзначыць Вольгу Васільеўну Ступакову і Алену Леанідаўну Кетнер, падкрэсліўшы, што гэта на іх руках трымаецца ўся гэтая зялёная гаспадарка.
Сціплы. Нешматслоўны. Калі гаворыць, то толькі па справе. У вольны час любіць пакорпацца на дачы альбо з вечна патрабуючым умелых мужчынскіх рук аўтамабілем. Жонка Антаніна Сцяпанаўна ўжо на заслужаным адпачынку, сын і дачка – сямейныя людзі, ёсць унучак, для якога любімы дзядуля ва ўсім з’яўляецца прыкладам.
Адным словам, хапае ў Леаніда Пятровіча клопатаў і дома, і на рабоце. Але з усімі праблемамі і ўзнікаючымі пытаннямі ён спраўляецца паступова, няспешна і з нязменным поспехам. Такі ўжо гэта чалавек – грунтоўны і нетаропкі, сумленны і адказны.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *