Часу мала, а работы многа

Сельское хозяйство

Да пачатку зімова-стойлавага перыяду засталося менш чым паўтара месяца. За гэты час гаспадаркам патрэбна не толькі паспець закончыць рамонтныя работы, але і прадэзінфіцыраваць, пабяліць жывёлагадоўчыя памяшканні, а таксама належную ўвагу ўдзяліць падрыхтоўцы кашар: падрамантаваць іх, ачысціць і падсыпаць. Адным словам, часу засталося мала, а работы яшчэ хапае.

Самая маштабная работа па падрыхтоўцы ферм да зімоўкі зараз вядзецца ў сельгаспрадпрыемстве імя Мележа. Тут у асноўным ужо падрыхтаваны ўсе жывёлагадоўчыя памяшканні. Да намечанай даты – 1 кастрычніка – засталося толькі завяршыць будаўніцтва комплексу на 720 галоў жывёлы, якая будзе знаходзіцца на беспрывязным круглагадовым утрыманні. Будаўніцтва вядуць спецыялісты трэста “Мазырпрамбуд”, а сіламі работнікаў сельгаспрадпрыемства ўжо закончана будаўніцтва адной сянажнай траншэі і пачата будаўніцтва другой.

Вялікі аб’ём работ па падрыхтоўцы да зімоўкі грамадскага статка выкананы і ў КУП “Аравічы”, дзе добра папрацавала свая будаўнічая брыгада з 16 чалавек. На Віцьеўскай МТФ адно памяшканне рэканструіруецца пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы, у другім кароўніку ўстанаўліваюцца боксы і рамантуецца малочны блок. Заменена сістэма водапаення і вядзецца мантаж малакаправода на Барысаўшчанскай МТФ. На Храпкаўскай малочнатаварнай ферме будуецца малочны блок.

Уласнымі сіламі вядуць  рамонт і ў сельгаспрадпрыемстве “Веляцін”. На Звеняцкоўскай МТФ зараз ідзе рэканструкцыя памяшкання для беспрывязнога ўтрымання дойнага статка з даеннем на УДС з малакаправодам, што дазволіць мінімізаваць кантакт малака са знешнім асяроддзем, а значыць, і павысіць яго якасць.

А на Забалацкай МТФ ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” акрамя сваіх працуюць і будаўнікі са Століна. Яны займаюцца будаўніцтвам памяшкання малочнага блока і рэканструкцыяй памяшкання, у якім раней утрымліваўся маладняк, а на зіму на беспрывязное ўтрыманне плануецца тут паставіць дойны статак.

Рыхтуюцца да зімоўкі і ў КСУП “Судкова”, дзе на Кліўской малочнатаварнай ферме праведзена рэканструкцыя пад беспрывязное ўтрыманне дойнага статка з устаноўкай ПДУ і малакаправода. У другім памяшканні, таксама адрамантаваным, будуць утрымлівацца сухастойныя каровы і нецелі для раздою. І ў гэтай гаспадарцы добра працуюць як свае, так і столінскія будаўнікі.

Аднак так гладка падрыхтоўка да пачатку зімова-стойлавага перыяду ідзе не ўсюды. Вернымі сумнай традыцыі рабіць усё ў апошні момант застаюцца ў агракамбінаце “Віць”. У гэтай гаспадарцы зараз прыпынены будаўніча-рамонтныя работы практычна на ўсіх фермах. Разабралі падлогу на МТФ у Куравым, ды так яе і пакінулі. Пачалі нешта рабіць на Валоцкай ферме, але і там зараз пануюць цішыня і спакой.

Маруднымі тэмпамі вядзецца рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў на комплексе ў эксбазе “Стралічава”. Да таго ж, тут яшчэ не закупілі помпы для змыўной сістэмы гноевыдалення.

Яшчэ з мінулай зімоўкі стаяць неачышчанымі ад гною і саломы памяшканні ў КСУП “Велікаборскі”.


У. БОНДАР, галоўны заатэхнік райсельгасхарчу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *