З 25 ліпеня па 2 жніўня ў Швецыі прайшоў чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў. У склад зборнай Беларусі ўваходзіла і наша зямлячка, майстар спорту Інеса Палуянава, якая ў штуршку падняла 108 кілаграмаў, паказаўшы трэці вынік. Бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы папоўніў калекцыю спартсменкі з 17 медалёў, заваяваных на спаборніцтвах рознага рангу.
– Гэта маё першае выступленне на міжнародных спаборніцтвах. Адразу адчуваецца больш высокая падрыхтоўка сапернікаў, – прызнаецца Інеса. – У г. Ландскрона, дзе праходзіў чэмпіянат, спадабалася. Быў час, каб пагуляць па яго вуліцах, пазнаёмілася са спартсменамі з іншых краін.
Асабістыя дасягненні спартсменкі – 115 кілаграмаў у штуршку і 98 – у рыўку. Паўтарыць іх на чэмпіянаце ў Швецыі не дазволіла траўма калена, атрыманая год таму назад. Цяпер адпачывае, каб падрыхтавацца да наступных спаборніцтваў, у тым ліку і чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў, які адбудзецца ў наступным годзе на Кіпры.
З 4 класа Інеса займалася лёгкай атлетыкай, дзе таксама паказала вельмі неблагія вынікі.У цяжкую атлетыку яна прыйшла тры гады назад да трэнера Хойніцкай СДЮШАР А.Л. Шпаруна – па душы прыйшоўся ёй гэты цікавы і захопліваючы від спорту. Родныя не пярэчылі, хоць спачатку і аднесліся з недаверам да яе выбару. Цяпер жа з захапленнем сочаць за ўсімі дасягненнямі дачкі, ад усёй душы “хварэюць” за яе.
Інеса Палуянава – першая дзяўчына ў нашым раёне, якая выканала нарматыў майстра спорту па цяжкай атлетыцы. І спыняцца на дасягнутым не збіраецца. Яна ўваходзіць у асноўны састаў маладзёжнай зборнай Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы, вучыцца на другім курсе Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Праз год збіраецца прадоўжыць навучанне ў ВНУ.
Няхай жа ажыццявіцца ўсё задуманае Інесай, а яе калекцыя медалёў папоўніцца яшчэ не адной узнагародай.
Ірына НОВІКАВА.