Крокі да стабільнасці


У мінулым месяцы дырэктарам Хойніцкага леспрамгаса ЗАТ “Мазырлес” назначаны А.У. ХАРОШКА. З новым кіраўніком прадпрыемства гутарыць карэспандэнт “Хойніцкіх навін”.


– Андрэй Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, крыху аб сабе.

– Нарадзіўся я ў Мінску 7 лістапада 1980 года. Потым бацькі пераехалі ў вёску Вялікі Бор Хойніцкага раёна. Закончыў спачатку Велікаборскую БШ, а потым Партызанскую сярэднюю школу. Атрымаўшы атэстат сталасці, паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт і закончыў яго  па спецыяльнасці “інжынер лясной гаспадаркі”. Працаваў памочнікам ляснічага Казялужскага лясніцтва ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”, ляснічым Хойніцкага лясніцтва, тэхнаруком Хойніцкага леспрамгаса, галоўным інжынерам прадпрыемства “Зетрон лессервіс”. 10 ліпеня 2009 года быў назначаны дырэктарам Хойніцкага леспрамгаса.

– Якая эканамічная спадчына Вам дасталася?

– Хойніцкі леспрамгас заўсёды быў на добрым рахунку ў закрытым акцыянерным таварыстве “Мазырлес”. Аднак у апошні час па шэрагу прычын як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага характару на прадпрыемстве склалася няпростая сітуацыя. Напрыклад, надвор’е лета гэтага года не спрыяла выкананню даведзеных прагнозных паказчыкаў – зацяжныя дажджы значна ўскладнілі пад’езды да лесасек, размешчаных у нізінах і на балотах. Таму доўгі час тэхніка была вымушана прастойваць.

Зараз імкнемся навярстаць упушчанае. Ліпеньскае заданне калектыў паспяхова выканаў, а цяпер ідзем па графіку выканання прагнозу на жнівень. Штодзённа нарыхтоўваем не менш 115 кубічных метраў драўніны, якую адгружаем спажыўцам (у асноўным гэта дрэваапрацоўшчыкі і мэбельшчыкі з аб’яднанняў “Рэчыцадрэў”, “Пінскдрэў” і “Маладзечнамэбля”) у выглядзе абразной дошкі па стандартах заказчыка і кругляком.

– Падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучае.

– Самыя бліжэйшыя планы – работа па нарыхтоўцы, вывазцы і пілаванню драўніны на верасень. На будучы месяц падабралі ўжо амаль палову лесафонду ў Дубровіцкім і Казялужскім лясніцтвах Хойніцкага лясгаса, а таксама плошчы ў Камарынскім і Васілевіцкім лясгасах.

Па меры магчымасці будзем удасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу вытворчасці. Напрыклад, плануем пабудаваць новую эстакаду лесапільнага цэха, якая павінна забяспечыць стопрацэнтную і бесперабойную загрузку яго магутнасцей. Новыя магчымасці адкрые і выкарыстанне маніпулятара пры загрузцы вагонаў.

Гэта праграма-мінімум. Што будзе далей, пакажуць час, вынікі нашай сённяшняй работы і тэндэнцыі агульнай эканамічнай сітуацыі ў краіне і свеце. Арыентуючыся на іх, мы і будзем планаваць сваю доўгатэрміновую эканамічную стратэгію.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *