Першыя ўражанні якія, спецыялісты маладыя?

Тэрыторыя моладзі

МазырецСяргей Мазырэц, майстар лесу Казялужскага лясніцтва:
– Я – мясцовы, родам з аграгарадка Храпкаў. Пасля заканчэння Судкоўскай школы паступіў у Гомельскі політэхнічны каледж. У красавіку сёлета атрымаў дыплом аб сярэдне-спецыяльнай адукацыі, а ў чэрвені па размеркаванню прыбыў на работу ў Хойніцкі лясгас. Цяпер працую майстрам лесу ў Казялужскім лясніцтве. Раней тут праходзіў практыку, таму ўжо знаёмы са спецыфікай работы і калектывам, дарэчы ён проста выдатны. Калегі падтрымліваюць мяне, дапамагаюць ва ўсім. Зараз жыву ў Хойніках, на работу дабіраюся на аўтобусе – мне зручна. У вольны ад работы час наведваю трэніроўкі па настольнаму тэнісу. Нядаўна ў складзе каманды нашага лясгаса прымаў удзел у абласной спартакіядзе, заняў у гэтым відзе спорту другое месца. Наогул, мне вельмі падабаецца, што ў нашай арганізацыі вельмі насычанае культурнае і спартыўнае жыццё.
МихеевАндрэй Міхееў, галоўны інжынер КСУП «Судкова»:
– Родам я са Слуцка. У Хойніцкі раён трапіў па размеркаванню пасля заканчэння Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Было некалькі варыянтаў працаўладкавання, але з усіх я выбраў менавіта Хойнікшчыну невыпадкова. Тут жывуць мае сваякі, раней неаднаразова прыязджаў да іх у госці, і мне вельмі спадабаўся ваш горад. Хаця за апошнія гады ён яшчэ больш змяніўся, стаў прыгажэй і ўтульней. У сельгаспрадпрыемстве «Судкова» працую толькі другі тыдзень, першыя ўражанні добрыя. Паступова ўліваюся ў работу, вывучаю машынна-трактарны парк – гаспадарка ж вялікая, тэхнікі многа. Разабрацца ў справах дапамагае кіраўніцтва і работнікі інжынернай службы. Жыву ў райцэнтры ў сваякоў. З тым, як дабрацца на працу, праблем не ўзнікае: кірую ўласным аўтамабілем. Вольнага часу зараз мала, але наогул люблю рыбалку і футбол.
ЗдорМарына Здор, таваразнаўца райспажыў-таварыства:
– Нарадзілася ў Хойніках. У 2008 годзе закончыла першую гарадскую школу і паступіла ў Гомельскі гандлёва-эканамічны каледж. Пасля вырашыла прадоўжыць навучанне ў ВНУ і падала дакументы ў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажыўкааперацыі. Вучылася па накіраванню нашага райпо, таму адразу ведала, дзе буду працаваць пасля вучобы. Работа мне спадабалася яшчэ калі праходзіла тут практыку. Калектыў гандлёвага аддзела невялікі, нас усяго тры чалавекі, але дружны. Заўсёды ахвотна працягваюць руку дапамогі начальнік аддзела Наталля Вячаславаўна Удра і вядучы таваразнавец Нэлі Адамаўна Сіткевіч. Я раблю заказы тавараў на розных прадпрыемствах для далейшага размеркавання па гандлёвых кропках раёна. Абавязковая адпрацоўка ў мяне тры гады, вялікіх планаў на будучыню не будую. Пакуль мяне ўсё задавальняе, а там будзе бачна.

Апытвала Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *