З міліцэйскай хронікі


РАБАЎНІКІ СЯДУЦЬ НА ЛАВУ ПАДСУДНЫХ


Узбуджана крымінальная справа па артыкулу 206 часткі 2 (рабаўніцтва) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь на 2 жыхароў горада, якія, убачыўшы у руках праходзіўшага грамадзяніна бутэлькі гарэлкі і мінеральнай вады аднялі іх ды яшчэ і пабілі за тое, што супраціўляўся.


ЗА ЛЖЫВЫ ВЫКЛІК


Прыехала Кацярына са сталіцы нашай краіны да бацькоў пагасцяваць. Ужо добра такі звечарэла, а тут тэрмінова спатрэбіліся грошы. Пешшу да банкамата паленавалася ісці. Нічога лепшага не змагла прыдумаць, як пазваніць у аддзел міліцыі з паведамленнем, што ў бацькоўскім доме разгарэўся скандал і справа дайшла да бойкі. Калі ж прыехалі людзі ў пагонах, з мілай усмешкай папрасіла: “Падкіньце мяне да бліжэйшага банкамата і назад…”

Не дапамаглі ні жаноцкія чары, ні мілая ўсмешка. Склалі міліцыянеры пратакол за лжывы выклік.


ПЕРАМОГ БАХУС ГІМЕНЕЯ


Едучы ў Беларусь, грамадзянін Германіі меў цвёрды намер звязаць сябе вузамі Гіменея з маладой русакосай паляшучкай. Прыглянулася адна. Ен ёй таксама да спадобы прыйшоўся. Без слоў зразумелі адзін другога, хаця ў лексіконе патэнцыяльнага жаніха было адно толькі рускае слова “водка”.

Але раптам перспектыўны жаніх знік. Стала шукаць яго неадбыўшаяся нявеста.

Звярнулася ў міліцыю і заявіла аб прапажы. А немец сам  аб’явіўся. Загуляў ён, аказалася, бо ў нашым горадзе нямала аматараў выпіць ды закусіць за чужы кошт. Сабраў ён добрае застолле, дзе пасля некалькіх чарак усё роўна, на якой мове размаўляць. А калі прыйшло пахмелле, то за галаву ўзяўся: гэта ж не жартачкі застацца без грошай у чужой краіне.

Раздумаў спадар жаніцца. Хуценька падаўся ў роднае пасольства ў Мінску, а адтуль дадому.

Падобна нашы ўяўленні аб разважлівасці сучасных немцаў могуць разбурыцца. І прыклад гэтаму – расказаная гісторыя.


З ДАПАМОГАЙ ПАСРЭДНІКАЎ


Мілыя сварацца – толькі цешацца. Па такому прынцыпу жывуць Галя і Алесь. Няхай бы і цешыліся сабе ўдваіх. Дык не ж! Жадаючы “насаліць” каханаму, так часта звяртаецца Галя ў міліцыю, што супрацоўнікам аддзела надакучыла запісваць адно і тое ж у журнале ды выязджаць на месца, бо праз некаторы час у скандалістаў зноў мір і згода.

Ведаючы аб нядобрай сваёй славе, а, магчыма, сорамна ўжо было, у чарговы раз пакрыўджаная маладзіца вырашыла скарыстацца пасрэдніцкімі паслугамі. Пазваніла ў цэнтральную раённую бальніцу з просьбай паведаміць у міліцыю, што ў яе доме зноў скандал.


СУМЛЕННЕ  КРАНУЛА


Звычайна сямейныя скандалісты вельмі крыўдзяцца на родных, блізкіх, суседзяў, калі тыя звяртаюцца ў аддзел унутраных спраў з просьбай утаймаваць “байца”. Сярод іх жыхар Алексіцкага сельскага Савета выглядае “белай варонай”. Учыніў ён скандал з роднымі бацькам і маці, а праз некаторы час так “скруцілі” пакуты сумлення чалавека, што сам пазваніў у дзяжурную часць РАУС з просьбай прыехаць і прыняць да яго меры.

Бацькі адмовіліся пісаць заяву на дзіця роднае. А па той прычыне, што знаходзіўся скандаліст на вуліцы, то і аформілі яго правапарушэнне як з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.


Паводле даных РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *