Васілій Рэвяка – Герой Беларусі

Асобы Хойнікшчыны

Ревяко-В-А--04Ёсць людзі, якія сваім жыццём даказалі, што героем можна стаць не толькі ў ваенны час, але і ў мірныя будні. Але што патрэбна зрабіць для таго, каб стаць тварам эпохі? Рабіць тое, што прынята лічыць немагчымым, як сцвярджае вялікі пісьменнік О. Уайльд. Ставіць перад сабой толькі такія мэты, якія здольны запаліць сваё ўласнае сэрца. І гэтае святло тваёй нястомнай душэўнай энергіі, стараннямі якой зроблена многа добрага для іншых людзей, хутчэй за ўсё, у той дзень, калі ты менш за ўсё чакаеш гэтага, і запаліць тваю зямную Зорку.
Прадаўжальнік вялікіх традыцый, пераемнік двух «зорных» папярэднікаў – Герояў Сацыялістычнай Працы Фёдара Пятровіча Сянько і Аляксандра Іосіфавіча Дубко – Васілій Афанасьевіч Рэвяка праявіў сябе магутным кіраўніком і ўпісаў яркую старонку ў развіццё гаспадаркі. Пры гэтым змог застацца адкрытым чалавекам. Ён шчыра расказаў аб сваім лёсе.
Калі наперадзе ў цябе цэлае жыццё, хто не марыць аб чымсьці вялікім? Вось і студэнт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута Васілій Рэвяка быў нямнога рамантыкам. Але нейкіх глабальных мэт перад сабой не ставіў. Ды і ці мог юнак са шматдзетнай сялянскай сям’і паверыць у тое, што прыдзе час і ён атрымае самую высокую дзяржаўную ўзнагароду?

Ревяко-В-А--02
Васілій Афанасьевіч памятае не толькі першыя ўдачы, але і першыя складанасці: пасля заканчэння інстытута веды былі добрыя, а вось рабоце з людзьмі, разуменню псіхалогіі студэнтаў не навучалі. Напэўна пашанцавала, што спасцігаць навуку зносін давялося ў адным з лепшых у рэспубліцы калектываў. У той час «Прагрэс» ужо валодаў новымі перспектыўнымі тэхналогіямі. Удасканаленню тэхналагічных працэсаў у розных галінах, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, мяжы няма. Але праблем у галіне фарміравання прадуктыўнасці жывёлагадоўлі і раслінаводства было больш чым дастаткова.
Пад патранажам Аляксандра Дубко Рэвяка 6 гадоў адпрацаваў галоўным заатэхнікам. Гэта былі напружаныя гады. Менавіта ў той час гаспадарка два разы ўзбуйнялася. Стварэнне розных по ўзроўню вытворчасці і інтэлектуальнаму ўзроўню калектываў заўсёды праходзіла няпроста. Вось тут і дапамагала веданне чалавечай псіхалогіі.
Ревяко-В-А--06У 1981 годзе, калі працаваў намеснікам старшыні па жывёлагадоўлі, адначасова ўзначаліў партыйную арганізацыю гаспадаркі. Яна была вялікай – 280 чалавек. Пасля таго, як Віталій Ільіч Крамко перайшоў у саўгас «Кастрычнік», Рэвяка стаў першым намеснікам старшыні. Затым яго запрасілі працаваць у абкам партыі інструктарам аргаддзела. Там ён адпрацаваў усяго некалькі месяцаў. Але яны аказаліся для яго самымі складанымі. Цішыня кабінетаў і работа з паперамі – гэта не з яго характарам. Наступная работа была хаця і партыйнай, але жывой. Яго выбралі першым сакратаром Мастоўскага райкама партыі. Адпрацаваў на гэтай пасадзе 6 гадоў. За гэты час закончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Атрымаў больш трывалыя веды па асновах псіхалогіі, фарміраванню псіхалогіі грамадства, прамоўніцкаму мастацтву і г.д.
У Мастах яму многае ўдалося – раён зрабіў вялікі крок наперад, прыкметна вырас па прадуктыўнасці статка і ўраджайнасці.
Пасля распаду Савецкага Саюза былі прапановы перайсці на працу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, Дзяржхарчпрам. Але ўсё змяніла сустрэча з Аляксандрам Іосіфавічам Дубко, і В.А. Рэвяка вярнуўся ў свой калектыў. Працаваў намеснікам старшыні да таго часу, пакуль Дубко не стаў губернатарам Гродзенскай вобласці, а ў 1995 годзе стаў старшынёй «Прагрэса».
Гэта адзіны выпадак, напэўна, не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы, калі тры кіраўнікі гаспадаркі адзін за другім сталі Героямі Беларусі. Фёдар Пятровіч Сянько адпрацаваў 14 гадоў, Аляксандр Іосіфавіч Дубко – 22 гады, а Васілій Афанасьевіч Рэвяка працуе 19 гадоў.
Пачатак «Верцялішкам» паклаў Ф.П. Сянько, які ўвасобіў у жыццё ідэю стварэння эксперыментальнай паказальнай гаспадаркі. Яму было тады 24 гады, але ён смела ўзяўся за справу. Больш вопытныя кіраўнікі, якім прапаноўвалі ўзяцца за гэту ношу, адмовіліся. Фёдар Пятровіч у вельмі сярэдняй гаспадарцы наладзіў вытворчасць, пачаў будаўніцтва найпрыгажэйшага на той час пасёлка. Яго справу прадоўжыў Аляксандр Іосіфавіч Дубко. Пры ім двойчы адбывалася ўзбуйненне гаспадаркі, маштабна разгарнулася будаўніцтва жылля і сацыяльнай сферы.
В.А. Рэвяку таксама давялося прыкласці шмат намаганняў. Напрыклад, пры Дубко былі пабудаваны новыя комплексы, і запушчаны ў эксплуатацыю іншыя вытворчыя магутнасці, але пасля гэтага прайшло ўжо 22 гады. Да гэтага часу з’явіліся зусім іншыя тэхналогіі. Тое, што было зроблена, давялося перабудоўваць. Комплекс па вырошчванню бройлераў у бытнасць Рэвякі павялічыў прадуктыўнасць у 2 разы. Малочныя комплексы былі нядрэнныя, але прыйшоў час мяняць і іх. На добраўпарадкаванне пасёлка было затрачана 20 мільярдаў рублёў. Практычна быў пабудаваны новы пасёлак на 200 кватэр. Калі ўлічыць, што сям’я ў сярэднім састаіць з 4 чалавек, то значыць 800 з 3200 жывучых у Верцялішках – людзі, якія атрымалі ключы ад кватэр з рук свайго старшыні.
Вельмі добра памятае Васілій Афанасьевіч свае першыя «Дажынкі» ў Шклове ў 2010 годзе, тады, да слова, мелі ўраджайнасць 46 цэнтнераў з гектара, а ў 2011 годзе атрымалі з гектара 84,9 центнера збожжавых.
Першымі паведамілі Васілію Афанасьевічу аб прадстаячым узнагароджванні журналісты тэлебачання. Але ён ім не паверыў. Так, разумеў, што многа працуе, але ніколі не лічыў сябе выключным чалавекам. Зорку Героя В.А. Рэвяку ўручаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе. Гэтая высокая ўзнагарода яго да многага абавязвае.
Каманда ў яго добрая. Васілій Афанасьевіч часам жартуе: калі пусціць на дэмакратычныя рэйкі сваю гаспадарку, то і тады яна будзе самай моцнай. Кожны разумее, што яму трэба рабіць. Старшыня дапускае такую магчымасць, што сёння прыйшоўшы на практыку ў «Прагрэс-Верцялішкі» студэнт аграрнага ўніверсітэта, як калісьці Васілій Афанасьевіч, можа ўзначаліць гаспадарку.
В.А. Рэвяка ганарыцца тым, што многа зрабіў разам з калектывам. «Прагрэс-Верцялішкі» не ў ліку тых, хто паўсядзённа прыбягаў да даброт у выглядзе дзяржаўных датацый. Ва ўсё – і развіццё вытворчасці, і сацыяльную сферу – укладвалі ўласныя грошы або крэдыты. У выніку гаспадарка на пад’ёме, жыццё ў людзей на належным узроўні.
У Васілія Афанасьевіча двое дзяцей. Дачка Жанна закончыла юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржуніверсітэта, працуе ў прыватным бізнесе. Сын Аляксей – выпускнік эканамічнага факультэта аграрнага ўніверсітэта, працуе ў банку. Жонка Яўгенія Уладзіміраўна – дамашняя гаспадыня, захавальніца сямейнага ачага. Ёсць унук Арцём.
Васілій Афанасьевіч – сапраўдны працаголік. Нават у выхадныя ідзе на работу, ды і водпуск увесь цалкам адгуляць не ўдаецца. Як правіла, бярэ два тыдні з думкай, што яшчэ раз у годзе адпачне, але потым не знаходзіць для гэтага «форткі». Захапленні ёсць. Вельмі любіць займацца веласпортам. 10 кіламетраў з раніцы на веласіпедзе – проста для задавальнення. А зімовымі вечарамі прагульваецца пяшком кіламетраў шэсць. Па-першае, бачыць, што робяць падлеткі на вуліцах Верцялішак, як убіраецца снег на вуліцах, а па-другое, такая прагулка здорава бадзёрыць. Летам, бывае, рыбачыць, але атрымліваецца гэта зрабіць толькі некалькі разоў за сезон. Хаця тут ёсць вадаём, дзе разводзіцца рыба, ён туды не ходзіць, любіць дзікія азёры – яму больш падабаецца працэс лоўлі, чым вынік.

Ревяко-В-А--01
Рэвяка многае зрабіў, многага дасягнуў. Калісьці марыў, што гадоў за 15 правядзе рэканструкцыю, прывядзе ў парадак сацыяльную сферу і будзе задавальняцца вынікамі ў Верцялішках. Але зараз зразумеў, што жыцця чалавечага для гэтага мала, вось чаму яго мара – у паўсядзённай працы.
На малой радзіме Васілій Афанасьевіч бывае не часта. На вялікі жаль, не дажылі да трыумфу сына бацькі. Але Афанасій Ісакавіч і Алена Яфімаўна ганарыліся ім усё жыццё. Ганарыцца і Хойнікшчына сваім славутым сынам – Героем Беларусі.

ВІЗІТНАЯ КАРТКА
Васілій Афанасьевіч Рэвяка нарадзіўся ў вёсцы Рабец Хойніцкага раёна ў 1948 годзе. Закончыў Слабажанскую васьмігадовую школу, затым Рэчыцкі аграрны каледж і Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці “вучоны-заатэхнік”. Пасля вучобы служыў у арміі, працаваў заатэхнікам-селекцыянерам у калгасе “Заазер’е” Гомельскай вобласці, загадчыкам цэха жывёлагадоўлі, а затым намеснікам старшыні калгаса “Прагрэс” Гродзенскага раёна. З 1995 года – старшыня СВК “Прагрэс-Верцялішкі”. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.

УЗНАГАРОДЫ, ГРАМАДСКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ
Ордэн “Знак Пашаны”, медаль “За працоўныя заслугі”, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Указам №135 ад 01.03.2006 удастоены звання “Герой Беларусі” за выключныя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
Дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

ГАСПАДАРКА, ЯКОЙ В.А. РЭВЯКА КІРУЕ
У СВК “Прагрэс-Верцялішкі” працуе 45 структурных падраздзяленняў: 5 вытворчых участкаў, садаводчая брыгада, 13 жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, кармацэх, прадпрыемства па перапрацоўцы малака, цэх перапрацоўкі птушкі, прадпрыемства забою жывёлы, каўбасны цэх, мукамольнае прадпрыемства, хлебапякарня, цэх пярвічнай апрацоўкі пушніны, лесацэх, сталярна-мастацкае прадпрыемства, цэх пашыву адзення з футра і інш.

Клаўдзія БОСАК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *