Адным з пытанняў, разгледжаных на пасяджэнні райвыканкома ў мінулую пятніцу, было выкананне ў раёне мерапрыемстваў па ўмацаванню працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, папярэджванне працоўнага траўматызму. Актуальнасць разгляду ўзмоцнена прыняццем з пачатку сёлетняга года новага Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы”.
Старшыня райвыканкома А.В. Бічан указваў на абавязковасць прывядзення адпаведнай дакументацыі ў парадак ва ўсіх суб’ектах гаспадарання, размешчаных на тэрыторыі раёна, незалежна ад іх форм уласнасці і падначаленасці. Пры гэтым важна, каб роспіс работніка ў журнале інструктажу ставіўся не дзеля галачкі, а сведчыў аб ведах па бяспецы працы і ўсведамленні поўнай адказнасці за свае паводзіны на працоўным месцы.
Аналізуючы прычыны пажараў у ліпені-жніўні сенасклада аддзялення “Валокі” агракамбіната “Віць” і аўтобуса АТУП-14, напрошваецца вывад, што людзі жывуць з думкай “са мной бяда не здарыцца” або “маўляў, пранясе”, бо ведаюць, што іх не кантралююць, не правяраюць.
Таму першачарговая задача кіраўнікоў, адказных за вядзенне пытанняў аховы працы – стварыць атмасферу адказнасці ў калектыве. Акрамя таго, як падкрэслівалі ў сваіх выступленнях запрошаныя на пасяджэнне начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы В.С. Ганчароў і галоўны дзяржінспектар Рэчыцкай міжраённай інспекцыі працы Ю.Б. Нікішын, у святле новага Закона “Аб ахове працы” неабходна перапрацаваць правілы ўнутранага працоўнага распарадку, пасадавыя інструкцыі для спецыялістаў і інструкцыі па ахове працы, каб людзі дакладна ведалі, за што з іх спытаюць. Да таго ж, да канца 2010 года ва ўсіх арганізацыях павінна быць укаранёна сістэма кіравання аховай працы.
Як кіраўніцтва да дзеянняў, да ведама прысутных была даведзена інфармацыя аб тым, што 25 працэнтаў рашотак на вокнах памяшканняў, дзе знаходзяцца людзі, павінны адчыняцца на выпадак эвакуацыі.
Усе маюць права на бяспечныя ўмовы працы і павінны вяртацца дамоў жывымі і здаровымі. У поўнай меры на гэта можна разлічваць толькі пазбавіўшыся ўласнай абыякавасці, раўнадушша да ўсяго, што адбываецца вакол.
Ірына ВАСІЛЬЕВА.