Ёсць усе магчымасці

Сельское хозяйство

Першы месяц восені традыцыйна лічыцца адным з самых складаных для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Неабходна ўкласціся ў аптымальныя тэрміны правядзення азімай сяўбы, своечасова апрацаваць супраць шкоднікаў пасевы азімага рапсу, паспець узяць кармы з небагатага восеньскага травастою і падрыхтаваць жывёлагадоўчыя памяшканні да зімоўкі грамадскага статка. А яшчэ – надзённая і карпатлівая работа па вытворчасці малака, адкорму і дарошчванню маладняку. Усе гэтыя і некаторыя іншыя пытанні сельгасвытворчасці былі разгледжаны на семінары кіраўнікоў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі, які прайшоў у мінулую суботу на базе сельгаспрадпрыемстваў “Судкова” і “Аравічы”. 

Цяпер работнікам гаспадарак неабходна аператыўна вызваліць ад саломы пасяўныя плошчы, унесці мінеральныя ўгнаенні, падрыхтаваць іх да сяўбы і правесці яе ў вызначаныя тэрміны: азімую пшаніцу пасеяць да 10 верасня, трыцікале – да 15-га, жыта і азімыя на зялёны корм – да 25 верасня. У гэты ж дзень плануецца і завяршыць восеньскую пасяўную кампанію.

Па стану на 31 жніўня салома ў раёне вывезена толькі з 59 працэнтаў плошчаў. Асабліва нізкімі тэмпамі вядзецца гэтая работа ў эксбазе “Стралічава”, дзе ад саломы вызвалена ўсяго 30 % плошчаў.

Што датычыць падрыхтоўкі глебы пад азімую сяўбу, то і тут стралічаўцы трымаюць сумнае лідэрства – падрыхтавана ўсяго 22 працэнты плошчаў.



Сёння ў гаспадарках раёна ёсць усе магчымасці закласці трывалую базу ўраджаю збожжавых будучага года: практычна гатова да пасяўных работ уся сельскагаспадарчая тэхніка, ёсць неабходны запас мінеральных тукаў, пры належнай разваротлівасці вырашальнай выглядае і сітуацыя з насенным матэрыялам.



Адметнасцю сёлетняй азімай сяўбы з’яўляецца пераважнае выкарыстанне шыроказахопных комплексных пасяўных агрэгатаў як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Іх прымяненне дазваляе значна з’эканоміць расход паліва (5-10 літраў на гектар), максімальна вытрымаць норму высявання і забяспечыць высокую якасць сяўбы. У гэтым удзельнікі семінара змаглі пераканацца на палях “Судкова” і “Аравіч”, дзе на сяўбе азімай пшаніцы механізатары працавалі на нямецкай сеялцы “Лемкен” і лідскіх комплексных пасяўных агрэгатах АПП-4 і АПП-6.

Падкрэслена, што дарагія энерганасычаныя трактары і комплексныя шыроказахопныя пасяўныя агрэгаты павінны акупляць сябе і працаваць увесь светлавы дзень, а механізатары – у дзве змены. Што датычыць падрыхтоўкі глебы, то пастаўлена задача ўзворваць не менш 200-250 гектараў у дзень.




Калі сяўбу весці ўсімі наяўнымі 24 агрэгатамі і штодзённа засяваць не менш 450 гектараў, то правесці азімую пасяўную кампанію (яе план па раёну складае 8500 га) можна за 18 дзён.



Гаварылася на семінары і аб тым, што сёння нельга ўпусціць тэрміны хімахоўных мерапрыемстваў у пасевах азімага рапсу. Прагноз вераснёўскага надвор’я спрыяльны для бурнага развіцця шкоднікаў у неблагіх у цэлым па раёну ўсходах. Калі своечасова не прыняць належных мер, можна загубіць будучы ўраджай.

Адзначаны і рэзка ўзросшы попыт на цукровыя буракі. З-за неўраджаю цукровага трыснягу ў Бразіліі на сусветным рынку сёння ўзнік дэфіцыт гэтага харчовага тавару і, напрыклад, Расія ўжо зараз гатова на парадак павялічыць закупкі беларускага цукру. Таму перад гаспадаркамі раёна ў гэтым напрамку адкрываюцца самыя шырокія і заманлівыя перспектывы. Важна толькі якасна правесці ўборку цукровых буракоў і звесці да мінімуму страты пры іх транспарціроўцы да месц перапрацоўкі.

Пабывалі ўдзельнікі семінара і на Віцьеўскай малочнатаварнай ферме. У адным з памяшканняў для дойнага статка зараз вядзецца замена даху і зманціраваны новы малакаправод. Вокны старшыня райвыканкома А.В. Бічан патрабаваў замяніць неадкладна: жывёле патрэбна дастатковая колькасць кіслароду, таму яны павінны свабодна расчыняцца, як гэта зроблена ў суседнім памяшканні для маладняку. Да таго ж, тут зроблены суцэльны праём у дахавым каньку – і светла, і прасторна.

Камфортна будзе жывёле і ў новай кашары на Судкоўскай МТФ. Доўгі суцэльны рад кармушак, прасторныя тэрыторыі і крытыя павеці, дастатковая колькасць саломы павінны забяспечыць нядрэнныя вынікі работы жывёлаводаў.

Аднак так у раёне, на жаль, не ўсюды. Крытыцы за неналежную падрыхтоўку жывёлагадоўчых ферм да прадстаячай зімоўкі былі падвергнуты агракамбінат “Віць” і эксбаза “Стралічава”. У пратаколе работы семінара зроблены запіс аб тэрміновым ухіленні ўсіх выяўленых у гэтых гаспадарках недахопаў і забеспячэнні паўсюднай пастаноўкі грамадскага статка ў тэрмін да 1 кастрычніка.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *