Мацярынскае сэрца бабулі Яні

Общество

Нягледзячы на тое, што скончыўся першы месяц восені, яна толькі пачынае акуратна разбіраць свае рэчы, займаючы месца ў душах людзей.

Подых ветрыку – і павольны карагод лісця прызямляецца пад ногі. Ападаюць апошнія яблыкі. Пусцеюць палеткі і гароды. Мыюцца каля хат пад дожджыкам пузатыя паны-гарбузы. Красуюцца каля плота познія кветкі, ловячы сонечныя промні. Падчас творчых камандзіровак па любімай Хойнікшчыне стараюся не прапусціць прыгожыя штрыхі ў прыродзе. Хаця і робіцца гэта часцей на бягу, спехам.

А яшчэ наша работа дазваляе атрымаць асалоду ад прыгажосці чалавечай душы. Яна дорыць нам сустрэчы з цудоўнымі людзьмі, якія мы потым доўга захоўваем у памяці і сэрцы. Адна з такіх адбылася днямі. Я пабывала ў гасцях у жыхаркі вёскі Мархлеўск Яніны Лабады.

«Злавіла» суразмоўцу на гародзе – яна штосьці клапатала там. Гаспадыня запрасіла ў хату, дзе мы доўга гаварылі аб любові і расчараваннях, пошуках і знаходках, радасцях і бедах, надзеях, якія спраўдзіліся, і марах, што не збыліся.

Мяне вельмі расхваляваў няпросты лёс Яніны Адамаўны. Колькі мудрасці ў яе расказах, колькі пачуццяў, колькі разважанняў. Яна нарадзілася ў вёсцы Гарошкаў. У адметны дзень – 9 мая. Усё жыццё працавала ў калгасе: даяркай, цялятніцай, свінаркай, паляводам, пастухом. Заўсёды была перадавой. Замуж выйшла за паселіцкага юнака Міхаіла. Разам яны выхавалі десяць дзяцей!

У гэтым яе шчасце. Яна дзесяць разоў радавалася першай усмешцы, першым гукам, першым крокам. Яе жыццё прысвечана штодзённым мацярынскім турботам. У яе заўсёды былі пяшчотныя мазольныя, але такія мяккія рукі, якія часцей за ўсё пахлі пустазеллем і жытнім хлебам, смачным прыемным сырадоем. Яна заўсёды была ўвішнай гаспадыняй. Смачна гатавала. Як птушка «лётала», увесь час у клопатах.

Ды і цяпер Яніна Адамаўна збірае ўраджай з агароду і робіць закаткі – паказала мне доўгія рады слоікаў у пограбе. Гаспадыня вырошчвае збожжа, перцы, агуркі, памідоры, бульбу, кабачкі і інш. Трымае курэй і індыкоў. І дзве любіміцы ёсць – кошкі Каця і Моця. А раней, узгадвала субяседніца, і хатнюю гаспадарку мела большую, і па два гектары зямлі засявала.

У бабы Яні (дарэчы, яна так сама сябе называе), як я ўжо казала, 10 дзяцей – Галіна, Аляксандр, Сяргей, Святлана, Валянціна, Міхаіл, Мікалай, Алена, Таццяна і Лілія (на жаль, яе ўжо няма). А яшчэ 30 унукаў і 13 праўнукаў. Шчыра кажучы, пакуль яна мне ўсіх пералічвала, я некалькі разоў заблыталася.

Сёння ва ўсіх дзяцей свае сем’і, справы. Яны дарослыя, але для Яніны Адамаўны ўсё тыя ж дзеці. У цяжкія хвіліны яна сагравае промнямі сваёй любові, свеціць, калі цёмна, грэе, калі холадна, аддае апошняе, заўсёды хвалюецца і думкамі жыве пра іх. Мацярынскае сэрца заўсёды адклікаецца на кожны покліч, на кожную вестку і трывогу. Дзеці, унукі таксама не забываюць матулю і бабулю, наведваюць, дапамагаюць.

Яна заўсёды сустракае гасцей з усмешкай, частуе. У гэтыя часы жанчына такая шчаслівая: калі хата поўніца гоманам самых родных людзей і дзіцячым смехам. А калі ўсе разыходзяцца, яна зноў думае пра тое, што ўжо шмат гадоў шчыміць сэрца, што вялікай ранай адбілася на яе сэрцы і ніколі не загоіцца.

– Усе пад Богам ходзім, – сцвярджае бабуля. – Кожнаму, як кажуць, сваё адмерана. Не пражывеш больш, чым лёсам наканавана… Але, паверце, няма нічога страшнейшага, чым хаваць сваё дзіця. Нікому гэтага не пажадаю… Калі папраўдзе, то і не ведаю, адкуль брала сілы жыць далей… Разумела, што варта дзеля іншых дзяцей. Лілі няма ужо дваццаць восем гадоў. Але для мяне яна заўсёды жывая…

А неўзабаве пасля смерці дачкі Яніну Адамаўну чакала новае выпрабаванне. Згарэла хата. Знішчыла полымя ўсё. Нічога не засталося з нажытага. Вяскоўцы дапамагалі, прыносілі, што мелі. Пасля сям’я знайшла дом, абжыліся на новым месцы, прывыклі. Але першы час вельмі складана было. Пасля быў і інсульт. І іншыя складанасці. І, ведаеце, што рабіла гераіня гэтай публікацыі, калі ёй было цяжка і сумна? Яна хадзіла да яблыні каля дома. Ёй давярала нягоды. Бо не магла нікому іншаму паказаць сваю слабасць. Яна моцная і стойкая. У яе свая філасофія і мудрасць сялянкі-працаўніцы. Не скардзіцца на лёс, а радуецца кожнаму новаму дню.

Калі закончылі гутарыць, і я прапанавала зрабіць здымак, Яніна Адамаўна папрасіла сфатаграфаваць яе каля любімых руж. Я пагадзілася. І мы пайшлі на вуліцу. Прызнацца, нават не заўважыла, наколькі прыгожыя кветкі, бо маю ўвагу перацягвалі вочы бабулі Яні, поўныя пяшчоты. Вочы, якія шмат бачылі…

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *