Верасень – самы любімы месяц у годзе. Таму што ён пахне флоксамі, яблыкамі і школай са свежапафарбаванымі сценамі. Таму што ўсміхаецца вясёлымі яркімі галоўкамі геаргінаў. Школа быццам набірае ў першыя дзянькі восені пабольш паветра, каб рынуцца ў гоман галасоў, шарканне соцен ног і імчаць у гэтай ажыўшай, забурліўшай прасторы да наступнага чарговага канікулярнага зацішша. А пакуль гучыць першы школьны званок…
Больш за 3300 вучняў селі за парты сёлета ў агульнаадукацыйных школах раёна, амаль для 300 з іх школьны званок прагучаў у першы раз.
Старшыня райвыканкома А.В. Бічан быў жаданым госцем на ўрачыстай лінейцы ў сярэдняй школе № 1 г. Хойнікі (верхні здымак). Ен павіншаваў усіх з Днём ведаў і пажадаў настаўнікам творчых поспехаў, цярпення, а вучням – стараннасці ў вучобе, выдатных адзнак.
Работнікі апарата райвыканкома таксама папрысутнічалі і выступілі ў школах. Не засталіся ўбаку і шэфы. Яны на лінейку прыйшлі не з пустымі рукамі. Самымі шчодрымі сярод іх былі: дырэктар ПУП “Палескія сыры” Г.В. Бондар Віцьеўскай СШ падарыла музычную апаратуру, дырэктар рамонтнага завода У.А. Хорсун СШ № 1 – капіравальна-размнажальную тэхніку, дырэктар КСУП “Велікаборскі” А.М. Тальчук Велікаборскай СШ – настольныя гульні, дырэктар “Хойніцкага лясгаса” Д.К. Гарбарук СШ № 2 – спартыўны інвентар. Грашовыя прэміі вучням Глінішчанскай і Стралічаўскай СШ за працу ў гаспадарках уручылі дырэктары сельгаспрадпрыемства імя Мележа і эксбазы “Стралічава” В.М. Каральчук і І.А. Каральчук.
А для ўсіх першакласнікаў галоўным падарункам на свяце ведаў была кніга ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі “Беларусь – наша Радзіма”.
У рамках акцыі “Квітней, мая Беларусь”, прысвечанай Году роднай зямлі, будучыя выпускнікі пасадзілі дрэвы.
Залівіста празвінеў першы школьны званок, пасля чаго на тэму “Зямля бацькоў – мая зямля” ва ўсіх агульнаадукацыйных установах раёна прайшоў першы ўрок.
*** *** ***
Святочная лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года, прайшла і ў ДПТВ-183. У гэтым годзе пад сваё крыло вучылішча прыняло 210 першакурснікаў (120 прадоўжаць сваё навучанне пасля заканчэння базавай школы і 90 – пасля 11 класаў).
Каля 60 працэнтаў навучэнцаў вучылішча ў час канікул працавалі на прадпрыемствах, у будаўнічых і сельскагаспадарчых арганізацыях нашага і суседніх раёнаў. Грашовыя прэміі ад кіраўніцтва КСУП “Агракамбінат “Віць” атрымалі навучэнцы Алена Гуз, Аляксей Халюк, Уладзімір Рудабелец, Дзмітрый Мележ, першакурснікі Аляксандр Гуз і Дзмітрый Мартыненка. Апошні, да таго ж, атрымаў і Падзячнае пісьмо.
Традыцыйна сімвалічны ключ у Краіну ведаў уручаецца ў вучылішчы тым, хто дабіўся найлепшых паказчыкаў у мінулым навучальным годзе. Сёлета яго прынялі кіраўнікі лепшай выпускной групы 2009 года І.М. Курленка і А.А. Стрыкун.