Дзеці – падтрымка і гонар Аляксандры Шасцярык

Общество

Сыходзячы з лёсу кожнай нашай субяседніцы можна здымаць фільмы і пісаць кнігі, бо сюжэт іх жыцця заўсёды трапляе нам, журналістам, прама ў душу.

Такое меркаванне ў мяне ўзнікла, калі я сустрэлася з Аляксандрай Шасцярык з вёскі Дворышча. Гэта жанчына нарадзіла дзевяць дзяцей (атрымлівае пенсію за асаблівыя залугі) і ўсё жыццё працавала ў калгасе.

 З болем у сэрцы і слязьмі бабуля Саша ўзгадвае школьныя гады: «Я нават 7 класаў не закончыла. У мяне не было чаго апрануць. Хадзіла ў фуфайцы, а на нагах кірзавыя боты. Не было аніякай спадніцы. А падручнікі, памятаю, насіла ў хустачцы, Цяжкі быў час. Маці выхоўвала мяне адна, зарабляла мала. На хлеб толькі і хапала, і то не заўсёды… Аднакласнікі з мяне смяяліся, здекваліся, што я такая бедная. Мне не хацелася, каб гэта працягвалася. Было сорамна і крыўдна. І ўжо ў 14 гадоў я пайшла даіць кароў. Пасля так і не атрымаўшы прафесіі. І 42 гады працавала ў сельгаспрадпрыемстве «Судкова». Затое ў мяне і сахар быў, і крупы, і мяса на стале».

Аб сваёй рабоце мая суразмоўца, ветэран працы, гаварыла і гаварыла. Казала, што вельмі любіла сваіх каровак. Негледзячы на тое, што 6 гадоў тры разы на дзень уручную даіла. Усім «буронкам» давала мянушкі – так поўны сарай быў Зорак, Машак, Самант. А Люська толькі адна, яна каля прахода першая стаяла і чакала ад сваёй гаспадыні аладак. Прычым, Саша не магла сваю групу галоў даверыць другой даярцы. А падзяк за добрую працу Аляксандра Рыгораўна назбірала за ўсе гады ні адзін дзесятак.

Але ж час бяжыць хутка, змяняемся мы, блізкія людзі пакідаюць нас, пачынаецца зусім другое жыццё. Прайшло 9 гадоў як Аляксандра Рыгораўна пахавала свайго мужа Мішу. Паставілі на ногі з ім восем дачок – Жанну, Алену, Наталлю, Вольгу, Таццяну, Інну, Юлію, Святлану і аднаго сына Сашу. Калі гаворка зайшла пра Свету на вочы бабулькі набеглі зноў слёзы. Светы ўжо няма сярод жывых…

«Мае дзеці не мелі патрэбы ні ў чым, яны заўсёды былі сытыя, апранутыя, нічым не пакрыўджаныя. Мы стараліся ім даць усё, чаго нам не хапала. І прафесію казалі, што патрэбна атрымаць, каб выбіцца ў людзі. Мне здаецца, што выраслі яны чалавечныя, і ўнукі такія ж. Нікому зла не жадаюць, і працуюць на сумленне. І клапатлівыя. Ніколі мяне не забываюць, телефануюць, прыязджаюць у госці. Дарэчы, амаль усе блізка жывуць, большая палова ў Хойніках. Вось у верасні 70-годдзе сваё святкавала, так поўны дом запрашала да сябе. Завушніцы мне залатыя падарылі, а кветак безліч!», – расказвае Аляксандра Рыгораўна.

А без веласіпеда мая суразмоўца не абыходзіцца. То па пенсію паедзе на ім ў райцэнтр, то на базар. Вось нядаўна куртку там прыкупіла, адзначыла, што зараз будзе прыбірацца. Правільна, у любым узросце трэба быць прыгожай.

«У мяне шчаслівая старасць. Сям’я – мая падтрымка і мой гонар. Кот ёсць, прадукты ў халадзільніку ляжаць, агародчык маю. Закатала на зіму варэнне, памідоры. Будзе, што дзецям даць. Трымаю кур, індыкоў, качак, свінню. І цукеркі кожны дзень ем». Урачы сказалі больш рухацца, так я і рухаюся», – кажа бабуля Саша.

Тэкст і фота Вікторыі МАРОЗ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *