Гэты тыдзень упрыгожыла выдатнае свята, якое заўсёды адзначаюць з цеплынёй. Дзень маці.
Адзін з самых прыгожых і кранальных дзён у годзе. Свята напоўнена яркімі фарбамі, усмешкамі, захапленнем і водарам кветак. Да прыемнай падзеі рыхтаваліся многія сем’і: маленькія дзеці вучылі вершы і малявалі малюнкі, старэйшыя набывалі падарункі і букеты кветак. Да віноўніц урачыстасці прыходзілі-прыязджалі госці, і ў тэлефоне часта гучалі словы: «Дзякуй табе, матуля, за ўсё». Ці нешта падобнае.
Нэлі Штыхнова з вёскі Хвойная Паляна віншаванні прымала дваццаць дзевяць разоў (гэта без уліку віншаванняў ад знаёмых). У яе дзевяць дзяцей, шаснаццаць унукаў і чатыры праўнукі. Уся дружная сям’я адрасавала жанчыне лепшыя пажаданні. Дарэчы, нягледзячы на тое, што сёлета Нэлі Іванаўна адзначыла юбілей – ёй споўнілася восемдзесят гадоў, назваць яе бабуляй язык не паварочваецца. Яна такая абаяльная, мілая жанчына з чароўнай усмешкай і прывабным бляскам у вачах.
Нарадзілася ў Дубровіцы, там скончыла чатырохгодку, пасля вучылася ў школах у Амелькаўшчыне і Партызанскай. Аднойчы прыгожую дзяўчыну Нэлі запрыкмеціў выбітны юнак Міхаіл, які пасля пяцігадовай службы ў марфлоце вярнуўся дамоў. Пачуцці адразу ўзніклі паміж маладымі людзьмі, і неўзабаве яны згулялі вяселле. А пасля лёс надзяліў іх неверагодным багаццем – дзесяццю дзецьмі (незагойная рана на сэрцы – смерць дачкі…).
Алена, Тамара, Таццяна жывуць на Міншчыне, Святлана – у Рэчыцы, Юрый і Марына – у Вялікім Боры, Уладзімір – у Хвойнай Паляне, Наталля і Віктар – у Хойніках. І што самае адметнае і цікавае – шэсць з іх педагогі, двое медыкаў і адзін працуе ў запаведніку. Безумоўна, я не магла не спытаць маю суразмоўцу аб тым, як атрымалася, што ў сям’і адразу шэсць педагогаў. На што Нэлі Іванаўна адказала так: «Усе дзеці самастойна выбіралі прафесію. І я шчыра рада, што яны сталі карыснымі людзям. Раней жа заўсёды высокі быў аўтарытэт настаўніка і ўрача, асабліва на вёсцы. Я заўжды з вялікім гонарам ставілася да іх, захаплялася і была ўдзячна. Напэўна, гэта маё стаўленне перадалося і маім дзецям».
Вядома, што кожнае дзіця (любога ўзросту!) – гэта цэлы свет, у кожнага свае таленты і зацікаўленасці, пра якія можна распавядаць гадзінамі. Але сціплая Нэлі Іванаўна толькі адзначыла, што ёй за дзяцей не сорамна, яны не дастаўлялі ёй асаблівых праблем і клопатаў, наадварот выступалі ў якасці памочнікаў.
Разам з мужам гераіня публікацыі працавала на мясцовым торфапрадпрыемстве. Яна была стрэлачніцай, загадчыцай склада, а таксама задзейнічана на разгрузцы вагонаў. Хадзілі з Міхаілам у розныя змены, каб па чарзе глядзець дзяцей. Да таго ж, даглядаць іх дапамагалі бацькі.
Пра радасці можна гаварыць шмат, бо ў сям’і Штыхновых іх было ў разы больш! Сёння адзін прынёс добрую адзнаку, заўтра – другі, паслязаўтра – трэцяя, вось вам колькі шчасця!
А калі сур’ёзна, нават усмешка на твары дзяцей для матулі вялікае шчасце. Шматдзетная сям’я – гэта, безумоўна, няпроста, гэта вялікая праца. Але, як зазначае мая субяседніца, калі Бог дае дзіця, то дае і сілы! Калі дзяцей шмат, то яны адзін аднаго і вучаць, і дапамагаюць, і гуляюць разам. І нават калі становяцца дарослымі і ствараюць свае сем’і, яны застаюцца адзінымі, перажываюць, падтрымліваюць і бясконца любяць адзін аднаго. І слова «разам» для іх мае вялікае значэнне і каштоўнасць.
Нэлі і Міхаіл пражылі разам без малога шэсць дзесяткаў гадоў. Чатыры гады таму мужа не стала. Але жанчына і сёння ласкава называе яго «наш папка» і ўдзячна за пройдзены разам жыццёвы шлях.
Узгадваючы мінулае, жанчына з настальгіяй расказвала пра былы пасёлак торфаздабытчыкаў. У Хвойнай Паляне былі вялікія інтэрнаты, два магазіны і ларок, добрая сталовая мелася, пякарня, лазня, якая працавала кругласутачна, двухпавярховая школа, дзіцячы сад, цудоўны быў і мясцовы клуб, моладзь на танцы з’язджалася з усіх бліжэйшых вёсак, а яшчэ на тэрыторыі вёскі размяшчаліся корпусы завода «Салют» саюзнага значэння. Але галоўнае, што падкрэсліла Нэлі Іванаўна, – ёй па жыцці вельмі шанцавала на добрых, душэўных людзей.
Вяртаючыся ў рэдакцыю па неапісальнай прыгажосці –восеньскаму «лясному тунэлю», я думала аб тым, што ёсць людзі, ад якіх зыходзіць столькі станоўчай энергіі, столькі душэўнага спакою, што ты і сам гэтым наталяешся. Пасля размовы з імі на душы светла, а думаецца толькі пра добрае. Менавіта такі чалавек Нэлі Штыхнова.
Наталля РЭВЯКА.
Фота аўтара.