Кветкі, напэўна, усім да спадобы. Хтосьці іх вырошчвае, нехта любіць атрымліваць у падарунак, іншыя проста любуюцца іх прыгажосцю. Жыхарка нашага горада А.П. Паўлючэнка не можа ўявіць свой прысядзібны ўчастак без кветак.
Прыходзіць вясна – распускаюцца цюльпаны, потым пачынаецца цвіценне лілей, восенню радуюць вока гладыёлусы і хрызантэмы. Ды і без руж не абысціся, іх тут некалькі сартоў. А год назад захапілася бісерапляценнем, і яе вырабы, захопліваюча прыгожыя, уяўляюць сабой таксама кветкі. Што ж падштурхнула жанчыну да гэтага занятку, які цяпер для яе – аддушына, самарэалізацыя ў вырабах?
– Працую я старшым навуковым супрацоўнікам сектара «Трагедыя Чарнобыля» раённага краязнаўчага музея, – расказвае Алена Пятроўна. – Адзін з раздзелаў экспазіцыі ўяўляе час адраджэння нашага раёна ад чарнобыльскай бяды. І вось там экспанавалася выстаўка твораў з бісеру цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якая мне вельмі спадабалася. Праз пэўны час экспазіцыя згарнулася. Вось я і вырашыла запоўніць вызваленае месца сваімі вырабамі. Раней аб гэтым рамястве мала чаго ведала. Але ж ёсць памочнік – Інтэрнет. Пакрокава асвойвала навуку майстроў бісерапляцення і цяпер сама магу даць майстар-клас жадаючым. Першай маёй работай была фіялка з бісеру, яе вырабіла вельмі хутка. Потым была сакура вышынёй 25 сантыметраў, якую падарыла сваёй дачцэ Ірыне. Вось так работа за работай і – гатовая экспазіцыя.
Захапляешся, гледзячы на гэтыя вырабы, усё так акуратна, так праўдападобна. Напрыклад, па сутнасці сапраўдная ружа, але толькі выраблена яна штучна: кожны пялёстачак, кожны лісточак, кожная жылка – усё зроблена з бісеру.
– Нічога не трэба прыдумваць спецыяльна, – зазначае майстрыха. – Вакол усё стварыла сама прырода: кветаспалучэнні, формы, сюжэты. Акружаючыя нас людзі і свет падкажуць вам, што патрэбна зрабіць пасрэднасцю таго рукадзелля, якое вам блізка.
Працуе Алена Пятроўна ў розных тэхніках, перавагу аддае французскаму пляценню. Лічыць, што любіць адну тэхніку або прыём у бісерапляценні – гэта ўсё роўна, што спытаць у мастака, чым ён больш любіць пісаць карціны: маслам або акварэллю. Галоўнае – дакладна выразіць вобраз, высекчы ўнутранае святло са сваёй душы і прымусіць жыць і дыхаць свой твор.
Прыдумванне вырабу пачынаецца з падбору матэрыялу. Разлажыўшы перад сабой бісер розных колераў і памераў, Алена Пятроўна прыкладвае адну да другой пацерачкі, пакуль фантазія яе не пачынае нараджаць будучы твор. Бісер выбіраецца глянцавы, хаця ён і даражэйшы за матавы, аднак роўненькі, круглы і на выкананай рабоце лепш выглядае. Яшчэ для работы патрэбны дрот, фларыстычная стужка для абмоткі сцяблоў, гіпс і, канешне, вазоны.
Гаворачы аб сакрэтах свайго майстэрства, рукадзельніца зазначае, што патрэбна працаваць, хаця пакрыху, але кожны дзень. Не чакаць, калі прыдзе натхненне – яно будзе абавязковым толькі тады, калі возьмеце ў рукі любімыя матэрыялы і інструменты.
– Ведаеце, – гаворыць Алена Пятроўна, – я нават навучылася думаць бісерам. Калі бачу нейкую мастацкую працу, фота або просты пейзаж, адразу ўяўляю, як гэта будзе ў бісеры. Бісерапляценне для мяне не проста захапленне, і ні ў якім разе не сродак неяк прыхарашыць адпачынак. Бо толькі адно сузіранне прыгожага робіць нас дабрэйшымі. Яшчэ гэты занятак – мая духоўная гімнастыка, я выхоўваю не толькі сваю душу, але веру, што ўплываю тым самым на настрой іншых людзей. Я бяру ў рукі бісер, складваю гэтыя дробныя рознакаляровыя часцінкі ў пэўную карціну і тым самым запаўняю прастору гармоніяй, радасцю і прыгажосцю. Калі хочаце, гэта мой метад, як зрабіць акружаючае жыццё лепш.
Як у кожнага творчага чалавека, у Алены Пятроўны Паўлючэнка ёсць свае задумкі. Хоча яна ў бліжэйшы час вырабіць з бісеру гліцынію – іспанскае дрэўца, якое цвіце спадаючымі блакітна-бэзавымі кветкамі, а таксама папрацаваць над вырабам калье: убачыла яго ў Інтэрнеце і загарэлася жаданнем зрабіць самой.
Мы заўсёды скардзімся: то часу не хапае, то натхненне пакідае, то цярпенне… І ў выніку нашы самыя светлыя задумкі так і застаюцца ўяўнымі. Алена Пятроўна ад душы жадае, каб у кожнай майстрыхі знайшліся і час, і цярпенне, а ідэі сталі рэальнасцю і ўвасобіліся ў самыя лепшыя творы ручной працы.
Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.