Як на «Кліч Палесся» адгукнуліся хайнічане

Рэха падзеі

IMG_3291Уздоўж Прыпяцкай касы густа паўсталі сялянскія падворкі, неба быццам напоўнілася гоманам беларускіх спеваў, замільгацелі яскравыя спадніцы і саламяныя капялюшы – у Ляскавічах сустракалі дарагіх гасцей з усяго Палесся. У трэці раз на поўдні Беларусі збіраліся палешукі, каб разам заспяваць любімыя народныя песні, пачаставацца нацыянальнымі прысмакамі і проста адпачыць на ўлонні прыроды. Пабывала там і хойніцкая дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама А.І. Цітком.
Сёлета ўдзельнічаць у фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» – яшчэ большы гонар: свята набыло новы статус – міжнародны. Сапраўды, на цэнтральнай пляцоўцы фестывалю ў гэты раз па-сяброўску цёпла сустракалі артыстаў з Расіі, Украіны, Польшчы і Кітая.
Як адзначыў губернатар Гомельскай вобласці У.А. Дворнік, які завітаў на міжнародны фестываль, гэта свята стане брэндам нашага краю. Па яго словах, значна павысілі сваё майстэрства арганізатары тэматычных падворкаў, упершыню госці пабачылі выступленні аўтэнтычных (самабытных) калектываў.
IMG_3219Дарэчы, кіраўнік вобласці стаў госцем хойніцкага падворка «Малочныя рэкі», дзе яго ветліва сустракалі і добра частавалі Гаспадар (А.А. Базулька) і Гаспадыня (Л.А. Смольская). Чаго только не было на вялікім стале, і ўсё з малака ці малочных прадуктаў: дамашні сыр, залацістыя блінцы з творагам, мандолікі з масліцам, лёгкія хрусцікі, аладкі, фруктовыя пірагі і, вядома, найсмачнейшыя малако, смятанка і кефір. А каля імправізаванай хаты – фігура ў натуральны памер карміліцы-кароўкі, з якой паспеў сфатаграфавацца хіба не кожны госць фестывалю. Да слова, аздабленне сялянскай хаціны і ўсяго падворка ўвасобіла дырэктар раённага Дома рамёстваў З.С. Бураўцава.
IMG_3240Падсілкавацца ў хайнічан можна было і ў духоўным сэнсе: на сцэне падворка «Малочныя рэкі» весялілі і заклікалі прахожых гарэзлівымі звеняцкоўскімі прыпеўкамі пад гармонік Г.Ц. Звягіна і З.Ц. Шкурко, зачароўваў любімымі мелодыямі народны ансамбль «Спадчына» цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Л.У. Краўчанка і салістка аматарскай самадзейнасці Н.М. Шарапава, пад інструментальны акампанемент народнага ансамбля «Крыніца» дзіцячай школы мастацтваў навучэнкі класа харэаграфіі ДШМ пад кіраўніцтвам А.Р. Гушча ўдзельнічалі ў забаўляльнай дзіцячай праграме «Бульбяная талака» з танцам «Бульбачка». Арганізавалі вясёлыя гульні культарганізатар Барысаўшчанскага СДК В.У. Вяргейчык і дырэктар Стралічаўскага ЦВЧ Н.У. Кавалёва разам з дзецьмі, якія наведваюць гурткі гэтых устаноў культуры. Майстар-класы па дэкупажу і пляценню з газетных трубачак у альтанцы «Хойніцкія майстрыхі» правялі Ж.М. Шлёг і С.А. Ляшчынская (ТЦСАН), Т.М. Раманоўская і Л.В. Пракошына (ЦТДіМ).
IMG_3329Вясёлыя конкурсы праводзіла на адкрытай пляцоўцы каля падворка загадчыца аўтаклуба М.Т. Дубінко. Каларыту дадавалі вакальны ансамбль «Чысты голас» Велікаборскага ЦВЧ з абрадам «Провады русалкі» і праграма народнага тэатра РДК «Велікаборскія пацешкі».
Свята з лёгкасцю можна было назваць сямейным. І не толькі з-за таго, што ўсе палешукі адзін аднаму як родныя. Сямейнасці падзеі дадаваў і конкурс маладых сем’яў «Уладар сяла», арганізаваны Гомельскім аблкамітэтам БРСМ, дзе ўзялі ўдзел жыхары в. Барысаўшчына Мікалай і Таццяна Гатальскія. Маладая пара прывезла на фестываль выстаўку творчых работ, сямейныя фотаздымкі, частавалі журы смачнымі стравамі, якія з любоўю прыгатавала Таццяна. Абаяльнасць і адкрытасць хайнічан станоўча падзейнічалі на гледачоў і суддзяў конкурсу, якія аддалі сям’і чацвёртае месца з 11.
Паспяхова для хайнічан завяршыўся і конкурс «Прыгажуня Палесся», які ўпершыню праходзіў на фестывалі. Канкурсантка ад Хойніцкага раёна Кацярына Заблоцкая атрымала тытул «Палеская прыгажуня – Інтэрнет», Дыплом і каштоўны падарунак. Вядома, нездарма ўвесь тыдзень напярэдадні фестывалю землякі абаяльнай дзяўчыны галасавалі за яе ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ў групе райкама БРСМ «Молодёжь Хойникщины».

IMG_3509
Намаганні творчай дэлегацыі былі годна ацэнены арганізатарамі маштабнай падзеі. За актыўны ўдзел і значны ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры хайнічане ўзнагароджаны Дыпломам міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Прыняла ўзнагароду і каштоўны падарунак (ноутбук) з рук намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама А.У. Прывалава начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хойніцкага райвыканкама Л.В. Няволіна.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *