У нашым раёне вялікая ўвага надаецца падтрымцы адоранай моладзі. Добрыя ўмовы для самавыяўлення рабят створаны ў школах і ўстановах культуры раёна. Карысна праводзяць час дзеці ў Доме рамёстваў, дзе працуюць дырэктар З.С. Бураўцава і майстры-метадысты В.Д. Шляхценка, Ю.А. Катлярчук (на здымку).
Яны знаёмяць рабят з рознымі відамі прыкладнога мастацтва, імкнуцца перадаць ім свае навыкі, дапамагаюць абдумаць кожную дэталь кампазіцыі і падабраць каляровую гаму. Агульнымі намаганнямі майстроў і дзяцей салома, бісер, ніткі ператвараюцца ў маляўнічыя пейзажы, партрэты, нацюрморты. З-пад іх рук выходзяць цудоўныя творы, напоўненыя непамернай любоўю. Многія з іх сталі дастойным упрыгожваннем інтэр’ера Дома рамёстваў, імі захапляюцца наведвальнікі, асабліва госці з замежжа.
З вялікім жаданнем цягнуцца да чароўнага і рабяты. Цяжка чаго-небудзь дасягнуць без энтузіязму і фантазіі, а яны ў школьнікаў прысутнічаюць. А яшчэ, гаворачы словамі А. Бальзака, “усё чалавечае ўменне – ні што іншае, як сумесь цярпення і часу”. Таму добрых вынікаў дасягаюць самыя настойлівыя і цярплівыя.
Заняткі ў гэтай установе культуры праводзяцца згодна з раскладам – кожны дзень розны від мастацтва. Дзеці маюць магчымасць самастойна выбіраць, які гурток наведваць. За парадамі да майстроў-метадыстаў прыходзяць і дарослыя, якім жанчыны заўсёды рады дапамагчы.
Умельцы Дома рамёстваў прымаюць актыўны ўдзел у розных конкурсах і выстаўках, з якіх, як правіла, вяртаюцца з дыпломамі і прызамі. Так, два гады таму назад яны прадстаўлялі наш раён на абласным конкурсе “Майстры-метадысты-2007”, дзе занялі трэцяе месца. Апошняе асабліва значнае дасягненне – Дыплом І ступені ад раённага выканаўчага камітэта за лепшую арганізацыю работы па развіццю народных промыслаў, самадзейную творчасць ва ўсіх катэгорый насельніцтва.
Адкрыць для сябе свет мастацтва ёсць магчымасць і ў сельскіх дзяцей. Філіял Дома рамёстваў адкрыты ў аграгарадку Судкова на базе мясцовага СДК. Наведваюць яго 12 школьнікаў. Яны займаюцца па аўторках і чацвяргах з 14.00 да 16.00. Асноўныя напрамкі работы – інкрустацыя і аплікацыя з саломкі і бісерапляценне. Пашырае гарызонт мастацтва для рабят Ю.А. Катлярчук, якая, атрымаўшы адукацыю ў Магілёўскім вучылішчы культуры, па размеркаванню прыбыла на Хойнікшчыну і засталася тут жыць. “Усе рабяты стараюцца, але хацелася б адзначыць асабліва адораных, – гаворыць Юлія Анатольеўна. – Гэта Валерыя Катлярчук, Вольга Юрчанка і Дзмітрый Гарбачоў”.
Сюжэты карцін, створаных дзецьмі, прыўносяць мір у сэрца, прымушаюць забыць аб праблемах, усяляюць веру і даюць надзею.
Сёлета Дому рамёстваў споўнілася 9 год. На працягу ўсяго гэтага часу ў яго пакоях кіпіць творчае жыццё, карпатлівая праца дае свае плады. А самае галоўнае – дэкаратыўна-прыкладное мастацтва захапіла вялікую колькасць рабят.
Наталля МІХАЛЕНКА.