Чым раней, тым выгадней

Сельское хозяйство

1-га верасня першымі ў раёне пачалі ўборку цукровых буракоў у сельгаспрадпрыемстве “Судкова”. Сёлета тут у паўтара раза – са 100 да 150 гектараў – павялічылі пасяўныя плошчы гэтай культуры. І не прагадалі, бо сітуацыя на сусветным рынку харчавання склалася спрыяльнай для беларускіх прадпрыемстваў-вытворцаў цукру, якія ў гэтым годзе павялічваюць аб’ёмы выпуску сваёй прадукцыі, а значыць, гатовы закупіць і больш сыравіны для яе вытворчасці.

А ўраджай цукровых буракоў у “Судкове” сёлета атрыманы нядрэнны. Гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Віктаравіч Мастабай (на здымку злева):

– У гэтым годзе мы ў аптымальныя тэрміны (з 12 па 20 красавіка) правялі сяўбу цукровых буракоў, у ходзе якой перавагу аддалі высокапрадуктыўным сартам замежнай селекцыі. Перад пачаткам сяўбы ў глебу ўнеслі борную кіслату, якой таксама заправілі пасевы ў фазе 4-6 лісткоў раслін. У перыяд вегетацыі ўнеслі яшчэ і марганец для павелічыння цукрыстасці караняплодаў, свой станоўчы эфект дало і ўнясенне азотных угнаенняў. Немалаважна і тое, што своечасова правялі хімапрацоўкі пасеваў супраць пустазелля. У выніку маем добрыя віды на ўраджай, які пакуль што складае 500 цэнтнераў з гектара. Летась жа мелі толькі 380 ц/га.

На ўборцы салодкіх караняплодаў заняты вопытныя механізатары Уладзімір Васільевіч Сянько (на здымку справа) і Іван Іванавіч Усс. Ужо ў 7 гадзін раніцы выходзяць яны на палетак. Міжволі залюбуешся тым, як зладжана працуе ўборачны канвеер: камбайн КЗР-10, якім кіруе У.В. Сянько, выбірае караняплоды на паверхню глебы, а потым І.І. Усс на трактары МТЗ-82 з падборшчыкам загружае іх у кузаў аўтамабіля. Усяго на адвозцы занята 6 адзінак аўтамабільнага транспарту. За тыдзень, па стану на 8 верасня, у гаспадарцы ўжо ўбраны 41 гектар.

Вераснёўская ўборка цукровых буракоў мае і свой плюс: раннія плады больш цэняцца перапрацоўшчыкамі і таму цукровыя заводы выплачваюць гаспадаркам 20-працэнтную надбаўку. Як кажуць, хто дбае – той і мае.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *