Не сакрэт, што людзі сталі чытаць менш. Перавагу аддаюць тэлебачанню, Інтэрнету. Ужо распрацаваны новыя тэхналогіі, якія дазваляюць захоўваць тоны інфармацыі на малюсенькім чыпе памерам са шпілечную галоўку. Але ніколі не страцяць для нас каштоўнасць кнігі.
Таццяна Аляксееўна Кардаш, якая працуе бібліятэкарам чытальнай залы цэнтральнай раённай бібліятэкі, зазначае, што вялікага адтоку наведвальнікаў, нягледзячы на новыя тэхналогіі, не назіраецца. І прыводзіць даныя: бібліятэка налічвае больш за дзве тысячы чытачоў, а кнігавыдача з пачатку года склала больш за 27 тысяч экземпляраў, адбылося 8695 наведванняў. Хаця, мяркуючы па ўсяму, большасць студэнтаў сёння рыхтуюць свае акадэмічныя працы па прынцыпу: “адкрываем Google, шукаем, знаходзім, капіруем”. Пры гэтым не абцяжарваюць сябе ніякімі дадатковымі дзеяннямі па праверцы інфармацыі, хаця павінны ведаць, што інфармацыі ў Інтэрнеце не заўсёды можна давяраць. У асноўным моладдзю ў бібліятэцы запатрабаваны платныя паслугі, якія тут аказваюцца: ксеракапіраванне, сканіраванне матэрыялаў. Не хочуць сёння студэнты сядзець у чытальнай зале і канспекціраваць.
Тут можна ўбачыць пенсіянераў, якія не заўсёды могуць дазволіць сабе выпісаць перыёдыку. А ў бібліятэцы можна бясплатна пачытаць часопіс або газету, узяць дамоў кнігу на абанеменце.
Дарэчы, аб абанеменце. Асноўную колькасць яго чытачоў складаюць, па словах метадыста ЦРБ Валянціны Якаўлеўны Міхед, людзі сярэдняга ўзросту. Дзве трэці чытачоў – жанчыны. Пастаянныя наведвальніцы бібліятэкі з вялікім стажам – пенсіянеркі Тамара Фёдараўна Пруткевіч і Еўдакія Фёдараўна Новікава, якія не ўяўляюць сваё жыццё без кнігі.
Сярод мужчын самымі актыўнымі наведвальнікамі назвалі жыхароў горада Алега Паўлавіча Гурскага, Пятра Сямёнавіча Ганчарэнку, Мікалая Рыгоравіча Сцешыца, Аляксандра Мікалаевіча Пінчука. Увогуле ж мужчын, як зазначаюць бібліятэкары, трэба заманьваць рыбалоўнымі часопісамі, спартыўнай перыёдыкай, літаратурай па паляванню.
Бібліятэкары ўспамінаюць чытачку, якая хадзіла сюды больш за 30 гадоў. Вельмі эрудыраваная жанчына, кіраўнік сярэдняга звяна на вытворчасці. Не чытала нічога, акрамя дэтэктываў, тлумачачы гэта так: “Я хачу прыйсці дамоў, адкрыць кнігу і забыцца пра ўсё”.
А яшчэ нашы жанчыны вельмі рамантычныя, падкрэслівае Т.А. Кардаш. Таму вялікай папулярнасцю ў іх карыстаюцца жаночыя любоўныя раманы. Хаця ёсць пара-тройка унікумаў мужчынскага полу, якія таксама любяць такую літаратуру.
Інтарэс да класікі таксама ёсць. І тут многае звязана з тым, што адбываецца ў грамадстве. Нядаўна на шырокім экране прайшоў фільм “Тарас Бульба”, і народ пацягнуўся ў бібліятэку за Гогалем: многім захацелася яго перачытаць. Часам людзі прыходзяць са спіскамі, складзенымі на аснове рэкамендацый для чытання з газет, часопісаў, Інтэрнета.
Бібліятэкары адзначаюць наяўнасць добрага літаратурнага густу ў многіх пажылых чытачоў. Есць наведвальнікі, якія рэгулярна чытаюць айчынныя часопісы “Маладосць” і “Полымя”. Карыстаецца попытам і “Сусветная літаратура”. Есць і тыя, хто цікавіцца рэлігіяй, прычым пытаюць вельмі сур’ёзную літаратуру, першакрыніцы. Таксама не змяншаецца попыт на гістарычную літаратуру.
Так, чытачоў у бібліятэцы цяпер значна менш, чым у 90-я гады мінулага стагоддзя. Але гаварыць аб тым, што публічныя бібліятэкі сёння не патрэбны – нонсенс. Інтэрнет іх не заменіць. Хаця ёсць многа выпадкаў, калі кнігі нідзе няма, а прачытаць яе хочацца або цытата патрэбна – у такім разе электронная бібліятэка ідэальная. Іншымі словамі, гэта вельмі зручны сродак для захоўвання і не самы зручны – для чытання.
А самі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі па-добраму здзіўляюцца актыўнасці сваіх чытачоў. Калі прапанавалі прыняць удзел у анкетаванні наконт сваёй дзейнасці, прачыталі ў адказах не толькі прапановы, але і словы падзякі за працу. Гэта вельмі падтрымлівае: прыемна ўсведамляць, што бібліятэкі патрэбны людзям.
Клаўдзія МІКАЛАЕВА.