У вёсцы Барысаўшчына Іван Аляксандравіч Краснаселец (на здымку) – чалавек паважаны і аўтарытэтны. Ён з катэгорыі тых шчаслівых людзей, захапленне якіх становіцца справай усяго жыцця. Яшчэ з маладых гадоў вабіла яго да сябе тэхніка, а таму пасля школы Іван цвёрда вырашыў пайсці ў механізатары. Скончыў у 1971 годзе Рудакоўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымаў пасведчанне трактарыста шырокага профілю, і да службы ў арміі яшчэ паспеў два гады папрактыкавацца ў родным саўгасе «Барысаўшчына».
Туды ж вярнуўся і пасля дэмабілізацыі, дзе і адпрацаваў да самага выхаду на пенсію ў 2010 годзе. Але і зараз не сядзіць Іван Аляксандравіч дома, заўсёды з гатоўнасцю адгукваецца на просьбы кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Аравічы» дапамагчы на ўборцы кукурузы і збожжавых, словам і справай паўдзельнічаць у рамонце трактараў і камбайнаў, іх вузлоў і механізмаў. І не проста паўдзельнічаць, а знайсці пры дапамозе ўласнага вопыту тое адзінае і правільнае рашэнне, якое і прыводзіць да вырашэння праблемы з паломкай альбо няспраўнасцю.
А прафесійны вопыт у гэтага чалавека такі, што яму можна толькі па-добраму пазайздросціць. І.А. Краснаселец дасканала ведае і памятае нават сёння ўсе нюансы работы на камбайнах СК-4 і СК-5, «Колас», «Дон», нямецкім Е-280, асвоіў ён і сучасныя «Ягуар-870» і КВК-800, КЗС-1218, 10 гадоў адпрацаваў на магутным «Кіраўцы», 11 – на МТЗ-80, кіраваў трактарамі МТЗ-50 і ДТ-20, С-80. Усю гэтую тэхніку ён і сёння можа сабраць-разабраць, як кажуць, з закрытымі вачыма. Дарэчы, такімі ж умельцамі-самародкамі выраслі і два яго сыны Анатолій і Сяргей.
З павагай і разуменнем ставіцца вопытны механізатар да сучаснага тэхнічнага прагрэсу.
– Канешне, магчымасці сённяшняй тэхнікі намнога выраслі, – гаворыць Іван Аляксандравіч. – Прыемна і тое, што паступова падцягваюцца да сусветных стандартаў беларускія трактаразаводцы і айчынныя вытворцы іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Многае змянілася са з’яўленнем шыроказахопных механізмаў і энерганасычаных трактараў, больш камфортнымі сталі і ўмовы працы механізатараў.
– Але ж да кожнай тэхнічнай адзінкі трэба ставіцца з разуменнем і ведамі, ашчадна і клапатліва, – працягвае ён сваю думку. – Напрыклад, нядаўна паклікалі мяне разабрацца з адным з камбайнаў: чаму не працуе ў ім кандыцыянер, тым болей, што нядаўна аглядвалі яго наладчыкі з завода-вытворцы. Давялося і мне пакумекаць, а прычына была простай: сілавыя правады гора-майстры падключылі да крыніцы току на 12 вольт. А патрэбна было на 24, бо магутнасці для работы проста не хапала. Як кажуць, справа была не ў бабіне – абы-хто сядзеў у кабіне…
Я да чаго гэта гавару: тэхніка не даруе абыякавасці і неахайнасці. Вось чаму, напрыклад, у аднаго механізатара новенькі камбайн альбо трактар бездакорна працуе 8-10 гадоў, а ў іншага ўжо праз год ён раз за разам выходзіць са строю? А ўся справа ў доглядзе за тэхнікай: як дагледзіш – так і паездзеш. Так што якой бы сучаснай і наварочанай не была машына, усё залежыць ад механізатара.
Хутка надыдзе час ставіць тэхніку на зімовае захоўванне. Па-мойму, гэты перыяд вельмі яскрава паказвае стаўленне да яе многіх людзей: адны старанна ачысцяць ад зямлі камбайны і глебаапрацоўчыя механізмы, пабеляць колы, заменяць вузлы і дэталі, здымуць гідраўліку, каб не перамерзла ўзімку і не ржавела, клапатліва паставяць іх на драўляныя апоры. А другія такую ж тэхніку палянуюцца нават пад павець закаціць, пакінуўшы яе пад снегам і дажджом. Пытанне: у каго яна вясной будзе працаваць лепш? Адказ відавочны…
Таму пачынаючым механізатарам перш за ўсё параю: беражыце тэхніку. Магчыма, пакуль вам не хапае практычных ведаў, аднак гэты недахоп папраўны – у ходзе работы набярэцеся вы і ўменняў, і ведаў. А вось павагу да тэхнікі, клопат аб ёй патрэбна выхоўваць у сябе з першых дзён работы. У гэтым ключ да поспеху, да выдатных вытворчых паказчыкаў, да стабільных і высокіх заробкаў. Не забывайце аб гэтым.
Мяркую, што з гэтымі словамі цяжка не пагадзіцца.
Тэкст і фота Віктара НАЗАРАНКІ.