Настаўнік – гэта лёс, гэта прызванне

Общество

Восемдзесят гадоў годнага жыцця

З самых даўніх часоў прафесія настаўніка лічыцца адной з самых важных і патрэбных.

Настаўнік – гэта хутчэй нават не прафесія, а прызванне. Каб стаць настаўнікам, мала атрымаць дыплом. Патрэбна любіць сваю працу, дзяцей, а бывае нават ахвяраваць нечым у імя гэтай справы.

Настаўнік – гэта асаблівая прафесія, і выбірае яна асаблівых людзей. Напрыклад, такіх, як Святлана Міхайлаўна Кушчава (Кучарава), ветэран педагагічнай працы, якая больш за 40 гадоў аддала любімай прафесіі.

Нарадзілася 6 лістапада 1940 года ў горадзе Хойнікі на Валоках у сям’і рабочых Міхаіла Мікалаевіча і Евы Васільеўны Кучаравых. Бацька прапаў без вестак у 1941 годзе. Як давялося ўстанавіць нядаўна, загінуў ён у 1944 годзе. Маці адна выхоўвала чацвярых дзяцей.

У 1958 годзе скончыла Святлана 10 класаў рускай школы (цяпер гэта сярэдняя школа № 2 г. Хойнікі) і паступіла ў Гомельскі аграпедагагічны інстытут на настаўніка рускай мовы і літаратуры.

Сваю педагагічную дзейнасць пачала ў 1962 г. у Карчоўскай сямігадовай школе настаўніцай пачатковых класаў, затым працавала ў сваёй роднай рускай школе. У 1966 годзе працуе настаўніцай пачатковых класаў у Судкоўскай пачатковай школе, а затым у 1988 годзе ў Судкоўскай сярэдняй школе. На заслужаны адпачынак выйшла толькі ў 2003 годзе, падрыхтаваўшы за гады плённай працы не адно пакаленне годных людзей.

На пытанне, што галоўнае ў працы настаўніка, Святлана Міхайлаўна, сціпла ўсміхнуўшыся, адказвае:

– Настаўнік не належыць сабе. Ён павінен шчыра любіць дзяцей, любіць такімі, якія яны ёсць на самой справе. А таксама сваім прыкладам рабіць іх лепшымі, вучыць іх любіць сваю зямлю, сваю сям’ю, з павагай адносіцца да сваёй Радзімы. Трэба адносіцца да іх як да роўных для таго, каб дзеці паверылі яму, каб дзяліліся сваімі поспехамі, праблемамі, радасцю, бо ў кожнага вучня свая асабістая біяграфія, свой лёс. Кожны вучань хоча, каб яго выслухалі, яму паверылі. Толькі так можна заслужыць давер дзяцей і іх павагу.

У вёсцы Святлану Міхайлаўну вельмі паважаюць. І шмат выпускнікоў школы, зараз ужо дарослых і самастойных мужчын і жанчын, з вялікай павагай і цеплынёй успамінаюць сваю першую настаўніцу. І яны з радасцю дзеляцца гэтымі ўспамінамі і пажаданнямі.

«Яна добрая, чулая, спагадлівая. І, што самае галоўнае, вельмі любіла нас, вучняў. З ранку да вечара знаходзілася ў школе. Бо яе галоўнай мэтай было навучыць не толькі чытаць, пісаць, лічыць, а быць сапраўднымі людзьмі. Магчыма ёй не заўсёды хапала часу на сваю сям’ю, але на нас у яе заўсёды знаходзіўся час», – узгадвае Наталля Коўзік, выпускніца пачатковай школы 1978 года.

«У жыцці кожнага чалавека ёсць свой настаўнік, без якога ўсё далейшае магло б не адбыцца. Для нас такім настаўнікам, строгім і ласкавым, мудрым і чулым, сталі Вы, Святлана Міхайлаўна. Вы добра ведалі кожнага з нас, знаходзілі агульную мову з усімі, з бацькамі, навучэнцамі. Восемдзесят гадоў годнага жыцця. Колькі Вы зрабілі дабра! Шчыра жадаем Вам самага моцнага здароўя, бадзёрасці духу. Хай цёплае стаўленне дзяцей і ўнукаў сагравае Ваша сэрца. З юбілеем Вас, шаноўная наша Святлана Міхайлаўна!» – дасылае свае віншаванні Ганна Чубай, выпускніца пачатковой школы 1995 г.

Святлана Міхайлаўна – чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, сядзець без справы – не ў яе характары, да таго ж ва ўласным доме асабліва і не пасядзіш, работы хапае, сяльчане гэта ведаюць як ніхто іншы. А яшчэ яна – вялікая аматарка чытання – мае ўласную бібліятэку, сабраную за столькі год толькі з самых цікавых аўтараў, ды і ў мясцовай бібліятэцы Святлана Міхайлаўна адзін з пастаянных чытачоў.

Л. КОЎЗІК, дырэктар Судкоўскай сярэдняй школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *