Стваральнікі добрага настрою

Гандаль і абслугоўванне

DSC_0267Работа ў сферы абслугоўвання, у прыватнасці грамадскага харчавання, толькі на першы погляд лёгкая. Не заўсёды ў сілу розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын кліенты застаюцца задаволенымі. Але ўсё ж такі імкнуцца да гэтага трэба, што і стараецца рабіць калектыў рэстарана райпо «Палессе». Нядаўна ў раёнцы публікаваліся некаторыя заўвагі ў адрас іх работы, пасля чаго прадстаўніцы калектыву прыйшлі ў рэдакцыю, доўга і шчыра расказвалі, як яны любяць і цэняць сваю працу, што выклікае глыбокую павагу.
З гэтымі жанчынамі мы сёння і знаёмім чытачоў.

DSC_0278
Рэстаран адкрыў свае дзверы ў 1985 годзе. З таго часу вяселлі, банкеты, сямейныя падзеі і проста задушэўны адпачынак сталі для хайнічан і гасцей горада часткай іх агульнай культуры. Гэта месца падыходзіць як для рамантычнага спаткання, вячэры ў коле сям’і, так і для сустрэчы дзелавых партнёраў. Рэстаран можа адначасова прыняць 86 чалавек, таксама маецца прыгожая банкетная зала на 20 месц.
Тут працуе дружны калектыў. Першую скрыпку ў ім адыгрываюць, канешне ж, повары, якія гатуюць разнастайныя стравы для сваіх наведвальнікаў.

DSC_0317
Старшы повар Алена Уладзіміраўна Іўлева ў сістэме грамадскага харчавання райпо 36 гадоў, у рэстаране працуе ўжо 12 гадоў. 35 гадоў складае працоўны стаж у райпо ў якасці повара Ніны Іванаўны Шубянок, 9 апошніх гадоў яна – старшы повар рэстарана. 17 гадоў працуе тут поварам Алена Станіславаўна Каток. Кулінары рыхтуюць знаёмыя людзям стравы. Каб палепшыць смак ежы, зрабіць больш прывабным іх выгляд, цікавяцца думкай сваіх наведвальнікаў аб якасці страў і ўлічваюць іх індывідуальныя схільнасці, апошняе асабліва актуальна пры арганізацыі юбілейных урачыстасцей, вяселля або карпаратыўнага мерапрыемства.

DSC_0300У рэстаране «Палессе» таксама зручна адабедаць пасярод працоўнага дня, але наведвальнікаў у гэты час вельмі мала, таму што ўстаноўлена першая нацэначная катэгорыя, такім чынам кошт абеду складае 60-70 тысяч рублёў, аднак можна выбраць ежу і на 30-40 тысяч. Таксама мала наведвальнікаў у будні вячэрні час. Аднак повары не сядзяць без справы, вырабляюць паўфабрыкаты – пельмені, галубцы, руляды, а таксама выпечку, гэтая прадукцыя рэалізуецца праз «Кулінарыю», якая знаходзіцца ў будынку рэстарана, і ў піцэрыі райпо.

DSC_0310
У Кнізе заўваг і прапаноў рэстарана людзі дзякуюць за смачна прыгатаваныя стравы, уважлівае абслугоўванне.
Важна і тое, што ўсе стравы свежыя, яны рыхтуюцца пасля атрымання заказу, варта пачакаць толькі мінут 15. А ветлівае і культурнае абслугоўванне гарантуюць афіцыянткі Алена Васільеўна Жаўняк і Вікторыя Аляксандраўна Літвін, усмешка – іх візітная картка пры зносінах з наведвальнікамі.

DSC_0313
Пры рэстаране «Палессе» працуе бар. Сапраўднымі барменамі зарэкамендавалі сябе Людміла Леанідаўна Лаеўская, якая працуе ў рэстаране 20 гадоў, і Святлана Міхайлаўна Філончык, яна тут з 2007 года. Яны прапануюць сокі і напіткі, рыхтуюць розныя кактэйлі, сёлетняй вясной асвоілі выраб малочных кактэйляў. Адпачынак людзей у рэстаране суправаджае прыемная музыка.
Многае ў стварэнні добрага настрою для наведвальнікаў залежыць ад кухоннай рабочай Ірыны Сяргееўны Дзянісавай і прыбіральшчыцы Валянціны Уладзіміраўны Краўчанка.

DSC_0263
Калектыў «Палесся» робіць усё магчымае для вашага адпачынку і максімальнага камфорту. І запрашае наведаць рэстаран у буднія дні і нядзелю з 12.00 да 23.00, у пятніцу і суботу рэстаран працуе да адной гадзіны ночы.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *