Павольна плывуць чароўныя мелодыі, сплятаючы нотныя радкі. Чорна-белыя клавішы кране мякка рука. Смычок слізгае па тонкіх жылах. Весела танцуюць малаточкі на цымбалах. З розных куткоў даносяцца і пяшчотна растаюць гукі. Раздольныя, вабныя, дзівосныя, таемныя, шчымлівыя. Яны хвалююць, захапляюць, натхняюць… У дзіцячай школе мастацтваў – асаблівая, неапісальная атмасфера, якую ствараюць выдатныя людзі, таленавітыя музыканты і харэографы, якіх вы бачыце на здымках.
22 лістапада яны разам са сваімі навучэнцамі, выпускнікамі і іх бацькамі будуць адзначаць 50-гадовы юбілей школы, гэта і паслужыла добрай нагодай для таго, каб расказаць пра яе гісторыю і дні сённяшнім.
Установа была адчынена ў 1964 годзе па вуліцы К. Маркса райцэнтра, яе першым дырэктарам з’яўляўся Д.П. Аўтушкоў. Першапачаткова дзяцей навучалі ігры толькі на баяне і фартэпіяна. У 1968 годзе адкрыўся клас духавых інструментаў, яшчэ праз год – клас домры. У 1970 годзе школа «перасялілася» ў другі будынак – па вул. Савецкая, 30.
З часам павялічвалася колькасць педагогаў, адкрыліся класы акардэона і цымбалаў, з’явіліся філіялы ў вёсках Храпкава, Глінішча, а таксама ў мікрараёне «Юбілейны».У пачатку 80-х гадоў пачынаюць працаваць мастацкае і харэаграфічнае аддзяленні, клас скрыпкі. Пасля аварыі на ЧАЭС былі зачынены ўсе філіялы школы, якія аднавілі сваю работу толькі ў 2004 годзе.
З 1992 года дзіцячая школа мастацтваў размяшчаецца па вуліцы Савецкай, 91, гасцінна адкрываючы свае дзверы для навучэнцаў. За апошнія дзесяць гадоў дабавіліся класы харавога спеву і эстраднага вакалу. Такім чынам, сёння хойніцкія рабяты маюць магчымасць авалодаць навыкамі ігры на фартэпіяна, скрыпцы, баяне, акардэоне, цымбалах, домры, атрымаць асновы харэаграфіі, выяўленчага мастацтва, харавых і эстрадных спеваў. З гэтага навучальнага года пачаў функцыяніраваць цэнтр эстэтычнага развіцця для жадаючых навучыцца розным відам мастацтва незалежна ад узросту.
За гады свайго існавання школа падрыхтавала многа таленавітых вучняў, якія станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі конкурсаў розных узроўняў. У кожнага настаўніка школы свой падыход, сакрэт развіцця у маленькім чалавечку вялікага таленту, але ўсе яны аб’яднаны адной мэтай – праз дзівосны музычны свет прывіць дзецям любоў да мастацтва, культуры.
Ад імя калектыву дзіцячай школы мастацтваў яе дырэктар Н.М. Варабей запрашае усіх навучэнцаў, выпускнікоў, былых работнікаў, бацькоў і жыхароў, якіх радуюць яскравыя выступленні юных дараванняў і іх мастацкіх кіраўнікоў, 22 лістапада ў 14.00 на канцэрт, прысвечаны 50-цігадоваму юбілею любімай установы.
У ЛІЧБАХ І ФАКТАХ
За 50 гадоў школу закончылі 764 выпускнікі, 126 з іх прадоўжылі навучанне ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах культуры і мастацтва краіны.
У 2004 годзе дзіцячая музычная школа была ператворана ў дзіцячую школу мастацтваў, а тры гады назад установа набыла статус юрыдычнай асобы.
Сёння вучэбны працэс ажыццяўляюць 20 настаўнікаў, 10 з іх з’яўляюцца
выпускнікамі школы. Зараз тут навучаецца 308 чалавек.
Філіялы працуюць на базе сярэдніх школ у Судкова, Стралічава, Глінішча, Вялікім Боры, Паселічах і Віці. Два калектывы школы маюць званні: дзіцячы
ансамбль «Верасок» – узорнага, а ансамбль «Крыніца», які сёлета адзначае сваё дваццацігоддзе, – народнага.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.