Устанавілі месца пахавання Васіля Дзенісенкі

Да Дня Вялікай Перамогі

P6187098Вялікая Айчынная вайна. Гераізм і здрадніцтва, любоў і нянавісць, слёзы гора і слёзы радасці, пакуты, боль… і вельмі многа смерцяў. У гэтай вайне наша краіна страціла кожнага трэцяга жыхара. Адметны свой след жорсткае ліхалецце пакінула на людзях, якіх цяпер называюць дзецьмі вайны. Жыхарка нашага горада Васіліна Васільеўна Фурс (на здымку з партрэтам бацькі), адна з прадстаўнікоў гэтага пакалення, расказвае.
– Верасень. 1943 год. Мне 7 гадоў. Ужо больш за дваццаць месяцаў Беларусь пад гітлераўскай акупацыяй. Яшчэ не пачаўшыся, а ўжо закончылася маё дзяцінства. Парадак, які ўсталявалі ворагі ў маёй роднай вёсцы Рудакоў, не пакідаў месца для дзіцячых гульняў. Цэнтр жыцця перамясціўся ва ўрочышча «Бліжнія Курані», дзе дыслацыраваўся партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Васіля Рыгоравіча Карася, у якім змагаўся мой бацька Васіль Сяргеевіч Дзенісенка. Тут, у нізенькіх зямлянках, жылі рудакоўскія і бабчынскія сем’і, як правіла, мнагадзетныя. Сюды мы трапілі яшчэ ў маі, калі аднойчы ноччу партызанскі сувязны прыбег да нас дамоў і расказаў, што немцы расстрэльваюць партызанскія сем’і. У тую ж ноч, прыхапіўшы самае неабходнае, гаспадыня і яе чацвёра дзяцей пакінулі сваю хату. Крыху пазней маці вярнулася ў вёску, каб раз-пораз з перасцярогай прыносіць нам харчаванне.
Падзеі тых дзён і мне запомніліся, ды так, што і зараз нагадваюць аб сабе то болем у паясніцы, то ламатой у нагах. Урачы тлумачаць: усё гэта ад прастудных захворванняў, перанесеных у дзяцінстве. Магчыма, канешне магчыма…
Памятаю той дзень, як учарашні. І хіба забудзеш? Палавіна атрада, дзе ў асноўным быў гаспадарчы ўзвод, хворыя і параненыя, жанчыны і дзеці, зацемкам перабіралася ў небяспечнае месца. Не паспелі агледзецца, як адзін з вяскоўцаў прыбег з крыкам: «Нас акружаюць!». Суправаджаемыя фашысцкай стралянінай, кінуліся балотам у выратавальны лес. А партызаны, зараней зрабіўшы засаду, увязаліся з карнікамі ў бой. Перавага была на баку народных мсціўцаў.
У лістападзе 1943 года партызанскі атрад сумесна з Чырвонай Арміяй удзельнічаў у вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мірныя жыхары вярнуліся ў родную вёску, на шчасце, Рудакоў не быў спалены фашыстамі.
Адразу пасля вызвалення мой бацька ўліўся ў рады дзеючай арміі. Маці, Марыя Антонаўна, на руках якой было чацвёра непаўналетніх дзяцей, атрымала на яго пахаванку ў 1944 годзе, захварэла і памёрла ў 1945 годзе. Застаўшыся сіротамі, мы жылі бедна, але дружна, старэйшыя клапаціліся пра малодшых. Кожны з нас знайшоў сваё месца ў жыцці. Я жыву ў Хойніках, сястра Юлія – у вёсцы Смалянкі Калінкавіцкага раёна, Кацярына – у Аксакаўшчыне Мінскага раёна. На вялікі жаль, у маладым узросце пайшоў з жыцця малодшы адзіны брат Уладзімір, які жыў са сваёй сям’ёй у Кішынёве.
Увесь час мы спрабавалі знайсці месца пахавання нашага бацькі, у кнізе «Памяць. Хойніцкі раён» прачыталі, што радавы Васіль Сяргеевіч Дзенісенка, 1896 года нараджэння, загінуў у 1944 годзе ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Аднак аб месцы пахавання даведаліся толькі пяць гадоў таму: пра тое, што бацька пахаваны ў брацкай магіле каля вёскі Вялікія Аўцюкі і яго прозвішча выбіта на помніку загінуўшым смерцю храбрых, паведаміла маёй сястры мясцовы паштальён.
Прыехаўшы сюды, мы, яго тры дачкі, даведаліся ад прадстаўнікоў сельскай улады і супрацоўнікаў Калінкавіцкага райваенкамата, што на гэтым месцы пайшлі ў бессмяротнасць воіны Чырвонай Арміі, якія цаной свайго жыцця праклалі шлях асноўным сілам 354-й Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі 65-й арміі для паспяховага завяршэння Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі. Гэты бой для нашага бацькі і яго аднапалчан стаў апошнім. Халодным студзеньскім днём 1944 года савецкія салдаты разам з нямногімі жыхарамі шматпакутнай вёскі Вялікія Аўцюкі хавалі загінуўшых воінаў.
…Калі знаходжуся ў зале маёй двухпакаёвай кватэры па вул. Першамайскай г. Хойнікі, са сцяны глядзяць даваенныя партрэты бацькоў – Васілія Сяргеевіча і Марыі Антонаўны Дзенісенка. Яны быццам засцерагаюць мой дом і маіх родных ад нягод, накіроўваюць на правільны шлях сваіх унукаў і праўнукаў.
Ёсць у мяне запаветная мара даведацца пра пасляваенны лёс землякоў, якія таксама хаваліся ад карнікаў у 1943 годзе ва ўрочышчы «Бліжнія Курані». Сёння там, на месцы былога балота, бяскрайняе хлебнае поле, і ў летні дзень бягуць за гарызонт залацістыя хвалі спелага жыта. Прашу адгукнуцца. Мой адрас і нумар тэлефона знаходзяцца ў рэдакцыі газеты «Хойніцкія навіны».

Запісала Клаўдзія БОСАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *