Адзіны фотаздымак, які застаўся як напамін аб маладых гадах Васілія Андрэевіча Дзейкуна, што прыпалі на ваеннае ліхалецце і цяжкае аднаўленчае жыццё пасля Перамогі, шматлікія пасведчанні да ўзнагарод, падзякі за ваенныя подзвігі і нават пажоўклыя яго запісы аб баях беражліва захоўвае жонка ветэрана Ганна Кандрацьеўна (на здымку).
Вайну Васілій Андрэевіч прайшоў радавым, быў сувязістам, а лініі сувязі, па словах прафесіяналаў, гэта сапраўдныя «нервы вайны». Пад жорсткімі бамбёжкамі і артабстрэламі практычна на перадавой даводзілася працягваць тэлефонны провад, каб забяспечыць сувязь, каардынаваць наступленне, весці прыцэльную стральбу. Таму і неаднаразова трапляў В.А. Дзяйкун у шпіталі ў час вайны, хварэў і пасля яе заканчэння, ды і першая група інваліднасці гаворыць аб многім.
Вызваленне сталіцы саюзнай Польшчы – Варшавы, авалоданне важным вузлом камунікацый, нямецкім горадам Дойч-Кроне ў Памераніі, авалоданне Брандэнбургам, Альтдамам і ліквідацыя ўмацаванага плацдарму немцаў на правым беразе ракі Одэр, прарыў абароны немцаў і наступленне на Берлін, яго акружэнне і ўзяцце сталіцы Германіі… Радкі запісаў аб баях 1945 года, у якіх прымаў удзел Васілій Андрэевіч, напісаныя ім як непасрэдным удзельнікам тых падзей, словы аб’яўленых Вярхоўным галоўнакамандуючым падзяк… Загадам прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР чырвонаармеец В.А. Дзяйкун за удзел у гераічным штурме і ўзяцці Берліна ўзнагароджаны медалём «За ўзяцце Берліна».
Дэмабілізаваны Васілій Андрэевіч быў у чэрвені 1946 года, вярнуўся на радзіму, вёску Карчовае. Пачалося мірнае працоўнае жыццё. У 1961 годзе ажаніўся з Ганнай, дзяўчынай з Паселіч, нарадзіліся дзеці. На жаль, сямейнае жыццё было не доўгім – хваробы і вайна не пакідалі ў пакоі, і ў 1975 годзе Васілій Андрэевіч пайшоў з жыцця. Падымала чацвярых дзяцей Ганна Кандрацьеўна адна.
– Мой муж быў добрым бацькам, клапатлівым, – расказвае Г.К. Дзяйкун. – Дзяцей вельмі любіў, мяне. Хварэў вельмі, усё вайна адбівалася на здароўі. Ды і працавалі ў тыя гады сябе не шкадуючы. Пра вайну расказваў, аднак тады дзеці былі малыя, не вельмі прыслухоўваліся. Шкадую, што медалі не захавала, але ж што тут зробіш. Затое дзеці ў нас добрыя – тры дачкі і сын. Адна дачка жыве ў г. Гродна, дзве другія – у Буда-Кашалёве, сын – разам са мной. Унукі дарослыя, 5 праўнукаў. Наведваюць, не забываюць.
Сама Ганна Кандрацьеўна пазітыўны ветлівы чалавек. У жніўні будзе адзначаць 80-годдзе з дня нараджэння, а яе энергіі і маладыя могуць пазайздросціць. Угаварыла нават унукаў яшчэ засеяць ёй агарод, які паціху сама і апрацоўвае.
– Канешне, – дадае Г.К. Дзяйкун, – слухаючы навіны, гледзячы на тое, што творыцца ў свеце, зноў і зноў задумваешся аб тым, каб толькі не было вайны…
Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.