Школьнае краязнаўства з’яўляецца адным з важных сродкаў выхаваўчай работы, якая павінна забяспечыць вучням магчымасць усебаковага даследавання свайго краю, грамадскага жыцця і перспектыў яго развіцця, вывучэння культурных традыцый свайго народа, яго гісторыі і выхавання пачуцця павагі да бацькоў і старэйшых пакаленняў.
З мэтай фарміравання ў вучняў пачуцця свядомага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у нашай школе створаны музей. Тут змешчаны этнаграфічны раздзел, экспазіцыі “Ваенная і працоўная слава”, “Гісторыя Казялужскай СШ”.
Усю работу ажыццяўляе савет музея на чале з настаўніцай гісторыі Л.Я. Прыходзька. Асаблівай актыўнасцю ў правядзенні мерапрыемстваў, вызначаюцца вучні Насця Сідзелава, Аксана Новікава, Таня Судзенка, Таня Корбіт, Ягор Баранаў.
Асноўнымі напрамкамі работы музея з’яўляюцца тэарэтычная падрыхтоўка, семінары і практычныя заняткі, самастойная работа, экскурсіі і паходы. Пазакласная і пазашкольная краязнаўчая дзейнасць уключае групавыя, індывідуальныя і масавыя формы работы. Гэта правядзенне вечароў, экскурсій у школьным музеі, удзел вучняў у народных святах і абрадах, сустрэчы з цікавымі людзьмі – удзельнікамі ці сведкамі тых або іншых гістарычных падзей.
Музей стаў сапраўдным цэнтрам выхаваўчай і ідэалагічнай работы са школьнікамі і іх бацькамі. Акрамя экскурсій тут праводзяцца ўрокі па беларускай мове і літаратуры, гісторыі, геаграфіі ў залежнасці ад вывучаемай тэмы. Члены краязнаўчага гуртка цікавяцца гісторыяй паходжання сваіх прозвішчаў, пішуць свае радаслоўныя. Яны таксама запісваюць успаміны свах бацькоў, дзядоў і бабуль.
Вельмі цікава праходзяць сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. На ўроках мужнасці гэтыя ўбеленыя сівізной людзі, прайшоўшыя гарніла жорсткага ліхалецця, заклікаюць хлопчыкаў і дзяўчынак шанаваць свой край, сваю Радзіму. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць успаміны ветэранаў, аформленыя членамі савета музея ў маляўнічыя альбомы.
Зараз на тэрыторыі сельскага Савета пражываюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: М.П. Лешчанок, А.І. Карповіч, Р.І. Данчанка, Р.І. Паўлюкавец – у вёсцы Казялужжа, В.С. Гардзеенка – у Клівах і А.С. Каваленка – у Паташні. Рабяты да кожнага свята дасылаюць ім віншавальныя паштоўкі, пры патрэбнасці аказваюць дапамогу ў хатніх справах.
Да 20-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана плануецца правесці ў музеі ўрокі мужнасці, воіны-інтэрнацыяналісты А.С. Варабей і У.А. Прышчэп раскажуць аб сваім удзеле ў афганскай вайне.
Усё гэта садзейнічае фарміраванню ў нашых вучняў пачуцця гонару за сваю малую радзіму, выклікае павагу да прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў, дапамагае нам выхоўваць сапраўдных патрыётаў Айчыны, дастойных грамадзян Рэспублікі Беларусь.
С. БАРЫСЕНКА,
дырэктар Казялужскай сярэдняй школы.