Узгадалі герояў Вялікай Перамогі, усклалі кветкі да помніка

Общество

Хойнікшчына далучылася да патрыятычнага праекта «Памяць сэрца»

За кожным прозвішчам у спісе загінуўшых – чалавечае жыццё, у якім былі радасці і смутак, каханне і разлука, цяжкасці і перамогі.

У аграгарадку Судкова каля помніка воінам-вызваліцелям ушанавалі памяць тых, хто падараваў нам мірнае неба над галавой.

Мітынг-рэквіем і дыялог пакаленняў, прымеркаваныя да 75-й гадавіны Вялікай Перамогі, прайшлі ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Памяць сэрца», які накіраваны на аднаўленне і захаванне памяці аб гераічных подзвігах, гісторыях і лёсах кожнага земляка, які ўнёс свой уклад у вызваленне Беларусі і Вялікую Перамогу.

У раёне пільную ўвагу надаюць ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, дзецям вайны, былым вязням, інвалідам, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Моладзь, валанцёры аказваюць ім разнастайную дапамогу ў добраўпарадкаванні тэрыторыі ва двары, навядзенні чысціні ў хаце, дастаўцы прадуктаў.

Першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання БРСМ Людміла Гаркуша на мітынгу адзначыла, што вельмі важна памятаць аб вялікім подзвігу суайчыннікаў. Бо толькі коштам сваіх жыццяў і вялізарных страт яны разграмілі ворага, вызвалілі народы еўрапейскіх краін ад нацысцкага прыгнёту. І мы павінны дзеля нашых унукаў і праўнукаў працягнуць жыццё герояў у памяці.

На мітынгу-рэквіеме ўсклалі кветкі да помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама запалілі лампадкі, выклалі імі сэрца, як сімвал акцыі.

У Судковской сярэдняй школе навучэнцы, актывісты ГА БРСМ, байцы студэнцкага атрада «Патрыёт» імя Героя Савецкага Саюза Мікіты Грачыхіна на дыялогу пакаленняў закранулі пытанні патрыятычнага выхавання моладзі, развіцця нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці, павагі да гісторыі краіны. У якасці эксперта запрасілі кіраўніка пошукавай групы школы «Следапыты» Кацярыну Петруненка. Таксама выступалі ўдзельнікі пошукавых аб’яднанняў «Память Отечества» і «Никогда не забудем».

У Гомельскім рэгіёне праект завершыцца на алеі Герояў 23 снежня ў абласным цэнтры.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *