Быць дружыннікам няпроста, але пачэсна

Людзі і лёсы

DSC_0265Сёння забеспячэнне грамадскага парадку – клопат не толькі праваахоўных органаў. Жыхары населеных пунктаў могуць аказваць ім пасільную дапамогу, з’яўляючыся членамі добраахвотных дружын.

Калісьці яшчэ пры Савецкім Саюзе ў 60-70-х гадах такі вопыт быў асабліва папулярным. Да пачатку 1985 года рады добраахвотных дружыннікаў па ўсёй краіне налічвалі больш за 13 мільёнаў чалавек! Аднак пасля распаду СССР гэта работа прыйшла ў заняпад, а рух па ўдзелу грамадзян у ахове грамадскага парадку знік. Між тым, добраахвотныя дружыны зарэкамендавалі сябе як дзейсны орган, здольны аказаць істотную дапамогу праваахоўнікам у барацьбе са злачыннасцю і правапарушэннямі.
У Беларусі «спахапіліся» ў 2003 годзе. Прыняты Закон «Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку» падштурхнуў да таго, каб паўзабытыя фарміраванні пачалі стварацца зноў. З таго ж года яны пачалі дзейнічаць і ў Хойніках.
Ветэран дружыннага руху ў нас – выкладчык дзіцячай школы мастацтваў па класу баяна Уладзімір Іванавіч Мінін (на здымку), які на працягу многіх гадоў з’яўляецца камандзірам добраахвотнай дружыны пры аддзяленні Дзяржаўтаінспекцыі РАУС. За сваю актыўную грамадскую дзейнасць ён узнагароджаны Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта, Гомельскага абласнога ўпраўлення і раённага аддзела ўнутраных спраў.
Кароткую, але ёмістую характарыстыку даў камандзіру дружыны начальнік аддзялення ДАІ РАУС У.П. Талюк.
– У жыцці краіны і горада можна ўдзельнічаць па-рознаму, – адзначыў Уладзімір Пятровіч. – Удзел жа ў нашай добраахвотнай дружыне – гэта адна з форм валанцёрскай дзейнасці, магчымасць бліжэй азнаёміцца з работай Дзяржаўтаінспекцыі «на справе», акрамя таго стаць прыналежным да забеспячэння парадку на дарогах. Уладзімір Іванавіч Мінін – гэта добрапрыстойны чалавек, які валодае вялікай выканальніцкай дысцыплінай, на яго ўскладзена ўся «папяровая» работа, ён распрацоўвае графік дзяжурстваў добраахвотнай дружыны і сам з’яўляецца ўдзельнікам усіх праводзімых рэйдаў.
У.І. Мінін, грамадскі аўтаінспектар з вялікім стажам, глядзіць на развіццё дружыны з аптымізмам. Зазначае, што, як і раней, асабліва ў савецкія гады, калі грамадзяне бралі на сябе ўсемагчымыя грамадскія нагрузкі, сёння трапіць у рады добраахвотнай народнай дружыны не так ужо проста. Што сюды прыходзяць добраахвотнікі – таксама факт. Больш таго, у дружыннікі ДАІ бяруць толькі тых, хто мае станоўчыя бытавыя і вытворчыя характарыстыкі і не менш станоўчыя асабовыя якасці. Асабісты ж прыклад паводзін на дарозе ў гэтым выпадку – сродак вельмі эфектыўны.
У свой час на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах горада У.І. Мініным праведзена растлумачальная работа па ўключэнню ў члены добраахвотнай дружыны ДАІ рабочых і служачых. Актыўна ўдзельнічаюць зараз у рабоце дружыны 15 прадстаўнікоў працоўных калектываў горада – дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, філіяла № 14 ААТ «Гомельаблаўтатранс», КСУП «Судкова», а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі.
Дружыннікі штомесячна згодна з графікам выходзяць на дзяжурствы, а пры неабходнасці накіроўваюцца ў рэйды і штотыднёва – на 2-3 гадзіны ў намечаны час сутак. Абавязковая працэдура перад кожным выхадам – інструктаж, які праводзіць начальнік аддзялення ДАІ.
Работа гэтай добраахвотнай дружыны будуецца на цесным узаемадзеянні з Дзяржаўтаінспекцыяй РАУС для вырашэння важных задач, накіраваных на забеспячэнне бяспекі дарожнага руху. Па-першае, гэта папярэджанне парушэнняў Правіл дарожнага руху вадзіцелямі і пешаходамі. Па-другое, кантроль за тэхнічным станам транспарту. Па-трэцяе, папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Нарэшце, выяўленне асоб, якія пакінулі месца ДТЗ, а таксама выяўленне ўгнанага аўтатранспарту і асоб, якія здзейснілі ўгон, сведкаў ДТЗ і вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. Дружыннікі працуюць у адной звязцы з дзяржаўтаінспектарамі, аказваюць ім дапамогу ў нясенні службы каля небяспечных участкаў дарог, пешаходных пераходаў і перакрыжаванняў. І ёсць відавочныя вынікі: толькі за апошнія тры месяцы імі выяўлены «бяспраўнік» і два чалавекі, якія кіравалі транспартам у стане алкагольнага ап’янення.
Што немалаважна, дружыннікаў пад кіраўніцтвам У.І. Мініна ўзвальваць на сябе дадатковую нагрузку пабуджае, хутчэй за ўсё, нераўнадушша. Большасць з памочнікаў ДАІ – людзі ў самым актыўным працаздольным узросце.
І ажыццяўляюць яны патруляванне на працягу ўсяго года і ў дождж, і ў снег, не толькі ў будні, але і ў святы, сваім прыкладам даказваючы, што быць дружыннікам – высакародна і пачэсна.
Можа быць, менавіта ў такой цеснай сувязі дружыннікаў і іх камандзіра з інспектарамі ДАІ сакрэт таго, што Хойнікшчына ў ліку лідараў ў арганізацыі бяспекі дарожнага руху ў нашай вобласці.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *