Святкаваць юбілей пачынаем у студзені

Культура

Да 100-годдзя славутага земляка

8 лютага мы будзем адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння нашага знакамітага земляка Івана Паўлавіча Мележа.

Аб тым, як праходзіць падрыхтоўка да гэтай падзеі, якія мерапрыемствы плануецца правесці і ці паўплывала на планы пандэмія каранавірусу, наша размова з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталляй Ешчанка.

– Наталля Уладзіміраўна, падзяліцеся, калі ласка, з нашымі чытачамі задумкамі.

– Падрыхтоўка да святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа пачалася яшчэ ў мінулым годзе. Гэта значная падзея, і не адзначыць стогадовы юбілей земляка нельга.

Праграма сфарміравана, мерапрыемствы будуць праходзіць не толькі ў сам дзень нараджэння Івана Мележа, а пачнуцца ўжо ў студзені.

Задзейнічаны будуць усе ўстановы культуры раёна, усе ўстановы адукацыі, у тым ліку і дашкольныя. Ёсць што паказаць, чым падзяліцца, пра што расказаць, што ўзгадаць.

– Каранавірус паўплываў на планы?

– Так, на жаль, эпідэмічная сітуацыя не дазваляе правесці мерапрыемствы з размахам, як планавалі першапачаткова. Святкаваць будзем, так сказаць, кропкава.

Планавалі запрасіць мноства гасцей, у тым ліку з Мінску (Саюза пісьменнікаў Беларусі), з Гомеля, іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа. Аднак, пакуль «пануе» каранавірус, патрэбна ўлічваць гэты момант і думаць пра здароўе.

На шчасце, у нашым раёне жывуць і працуюць родзічы Івана Паўлавіча Мележа, напрыклад, Лілія Краўчанка, чалавек творчы, таленавіты. Яны і стануць аднымі з галоўных удзельнікаў святочных мерапрыемстваў.

– Чым будзем здзіўляць?

– Асноўнай пляцоўкай для большасці мерапрыемстваў стане аграгарадок Глінішча.

Мітынг, экскурсія па Дому-музею Івана Паўлавіча, тэатральная мініяцюра, літаратурная гасцёўня, выставы работ юных мастакоў, літаратурна-музычны вечар – гэтыя мерапрыемствы пройдуць менавіта 8 лютага.

Напярэдадні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбудзецца квэст-гульня «Па старонках твораў Івана Мележа». Абавязкова зладзім «Мележаўскія чытанні» ў раённым краязнаўчым музеі.

Серыяй кароткіх відэаролікаў будзе знаёміць з жыццём і творчасцю пісьменніка краязнаўчы музей. Да таго ж яго супрацоўнікі здымаюць фільм: плануюцца сустрэчы з родзічамі пісьменніка, візіт у Мазырскі драматычны тэатр, які носіць імя Івана Мележа.

Будуць устаноўлены два тэматычныя банеры – у напрамку Рэчыцы і Калінкавіч. Распрацоўваюцца буклеты, паштоўкі, флаеры, календары – каб госці і ўдзельнікі мерапрыемстваў маглі яшчэ доўга ўзгадваць пра Хойнікшчыну.

Работнікі Хойніцкага лясгасу каля «Ганнінай грушы» ўстанавілі новую агароджу і інфармацыйны шчыт.

– Як плануецца інфармаваць аб мерапрыемствах?

– Уся інфармацыя будзе размешчана на старонках раённай газеты, на сайтах райвыканкама і «Хойніцкіх навін», у групах райвыканкама, газеты, устаноў культуры і адукацыі ў сацыяльных сетках, а таксама на прыпынках грамадскага транспарту.

Запрашаем хайнічан і гасцей горада наведаць святочныя мерапрыемствы, сапраўды будзе цікава.

Гутарыла Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *