Беларусь турыстычная: г. Гродна, г.п. Ружаны, г. Косава

Беларусь турыстычная

Расказвае Аксана Бандарэнка:

– У пачатку студзеня мы з мужам ездзілі на выхадныя да дачкі ў Гродна. Ведаеце, гэта было выдатнай ідэяй, бо атрымалася неверагоднае міні-падарожжа.

Гродна. Напэўна, ні ў адным беларускім горадзе не захавалася такой колькасці славутасцяў і помнікаў архітэктуры. Да таго ж там пануе «свая» атмасфера. У Гродна натхняўся Уладзімір Караткевіч, а элітным дагэтуль лічыцца раён, дзе жыў Васіль Быкаў.

Турыстам, бясспрэчна, ёсць што паглядзець. Гэта аптэка-музей, вежы-блізняты «Бася» і «Кася», Стары і Новы замкі, воданапорная вежа з выявай Мона-Лізы-выратавальніка, музей яўрэйства, Каложская царква, пешаходная вуліца Савецкая. Дарэчы, для горада гэта вуліца значыць тое ж, што Крэшчацік значыць для Кіева, а Арбат – для Масквы. Тут размешчаны розныя гандлёвыя, культурныя і адміністрацыйныя аб’екты – вельмі каларытнае месца.

Заканчэннем вуліцы з’яўляецца Савецкая плошча горада. Яшчэ адно знакавае месца. Менавіта тут размешчаны знакаміты Фарны касцёл (ён жа – Сабор св. Францыска Ксаверыя), які з’яўляецца, напэўна, самай «раскручанай» славутасцю Гродна. Яго выявы красуюцца на палове ўсёй сувенірнай прадукцыі, так ці інакш звязанай з гэтым горадам. І гэты факт зразумець вельмі проста. Будынак сапраўды зачароўвае. Пабудаваны ў 1667-м годзе ордэнам езуітаў, ён фактычна адразу ж стаў адным з галоўных сімвалаў горада. Тут маліліся вядомыя манархі, прадстаўнікі беларускай шляхты і мясцовага духавенства. Бывалі тут і вядомыя гістарычныя дзеячы – расійскі імператар Пётр Першы і польскі кароль Аўгуст Другі.

Увечары мы гулялі па парку Жылібера, дзе размясцілася традыцыйная алея крэатыўных елак. Гродзенскія арганізацыі і прадпрыемствы прадставілі каля 40 навагодніх прыгажунь ручной работы. Кожная елка адлюстроўвае сферу дзейнасці арганізацыі. Палёт фантазіі аўтараў здзівіў. На алеі сустрэлі елкі з бутэлек, бетону, пластыка, тканіны, пластыліну. Напрыклад, музычны каледж зрабіў елку з вінілавых пласцінак, магазін жаночай вопраткі «Элод» – з тканіны ў выглядзе вялікай сукенкі, а «Гродзенскі мясакамбінат» змясціў унутр елкі штучны свіны кумпяк.

У нядзелю, калі вярталіся ў Хойнікі, нечакана вырашылі паглядзець яшчэ на некалькі славутасцяў Беларусі, але ўжо ў Брэсцкай вобласці.

У Ружанах (Пружанскі раён) пабачылі палацавы комплекс Сапегаў – найпрыгажэйшы архітэктурны ансамбль, які называюць беларускім Версалем. Скажу, што прыязджаць сюды варта не за шыкоўнымі відамі і інтэр’ерамі (захавалася не так ужо і шмат), а хутчэй за магутнай энергетыкай, якая ўласцівая такім месцам сілы.

Неверагодныя эмоцыі пакінуў палац Пуслоўскіх у г.п. Косава (Івацэвіцкі раён). Унікальны помнік неагатычнай архітэктуры XIX стагоддзя выдатна мог бы ўпісацца ў ландшафт Вялікабрытаніі. За казачны вобраз і раскошу палац графаў Пуслоўскіх (Косаўскі замак) называюць «рыцарскай мрояй». У магутным будынку 12 вежаў – кожная адказвае за адзін месяц года.

У Косаве (урочышча Мерачоўшчына) таксама наведалі і музей-сядзібу імя Тадэвуша Касцюшкі. Да месца, дзе вырас чалавек, які ўпісаў сваё імя ў гісторыю многіх краін, штогод з’язджаецца мноства турыстаў.

«Падарожнічаць – значыць жыць», – казаў класік дзіцячай літаратуры Ханс Крысціян Андэрсан. І я з ім згодная: новыя ўражанні, незабыўныя эмоцыі, фатаграфіі – чараду шэрых будняў лёгка разбавіць яркімі фарбамі, галоўнае – не адкладаць гэта на потым.

І не абавязкова ехаць за трыдзевяць зямель, каб убачыць чарговы цуд. Пачніце з экскурсійнага «мінімуму» па нашай цудоўнай Беларусі.

Запісала Алена СМУСЯНОК.

Фота прадастаўлена А. Бандарэнка і з інтэрнэту.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *