Дом-музей Івана Мележа: тут памяць пра вялікага Чалавека жыве…

Культура

Маленькай дзяўчынкай я ўпершыню пераступіла парог Дома-музея Івана Мележа.

І ведаеце, ужо тады адчула тую асаблівую атмасферу. Было так усё цікава разглядваць – фотаздымкі, кнігі, карціны, рэчы, якімі карыстаўся пісьменнік.

Я вырасла, але музейная атмасфера менш душэўнай не стала. З задавальненнем наведваю музей, і кожны раз адкрываю для сябе штосьці новае. Упэўнена, што ў гэтай цёплай абстаноўцы добрая заслуга малодшага навуковага супрацоўніка Любові Рубан. Яна ў гэтай хатцы і гаспадыня, і таленавіты экскурсавод. Прызнаюся, што паход сюды мяне натхніў да перачытванне рамана «Людзі на балоце».

Сапраўды, аграгарадок Глінішча славіцца Домам-музеям Івана Паўлавіча Мележа, народнага пісьменніка Беларусі. Сюды неаднаразова прыязджаюць журналісты, любіць гэтае мястэчка прэса, прычым і замежная таксама.

Давайце пройдзем па дому. Згодны?

Экспазіцыя музея размешчана ў чатырох залах. Адчыняем дзверы і бачым прадметы хатняга ўжытку: калаўрот, маслабойку, ступу.

Пераходзім далей. Тут больш асабістае, сямейнае. Стэнды з фотаздымкамі нашага земляка, бацькоў пісьменніка, дзядуляў і бабуль, братоў і сясцёр, аднакласнікаў, настаўнікаў. Усё чорна-белае.

Трэцяя зала нас сустракае карцінамі мастака Івана Шастапалава «На Прыпяці», «Веснавы матыў» і Віктара Ціханава «Маладосць Мележа». У гэтым жа пакоі размешчаны пісьмовы стол, канапа, часопісны столік з друкаванай машынкай. Адразу ўяўляю, як за ёй сядзеў Мележ і набіраў радкі для «Палескай хронікі».

Паліто, гарнітур, капялюш, кепка, партфель, здымкі сяброў, пісьменнікаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанкі знаходзяцца ў апошняй зале. У вітрынах прадстаўлены дыпломы, віншавальныя тэлеграмы, паштоўкі і творы пісьменніка на розных мовах.

Звярнула ўвагу на кнігу водгукаў. Запісаў там шмат. Прывяду адзін з самых цікавых, на мой погляд: «Мы бывалі ў многіх музеях, вялікіх і маленькіх, але рэдка сустракаюцца такія месцы, дзе дзякуючы чалавечым адносінам усё так жыва і светла. І памяць пра вялікага Чалавека жыве, не пакрываецца музей Мележа пылам – гэты музей не падобны на суровы мемарыял. Гэта сапраўды дом, які ветліва расхінае дзверы, і ўсё тут напоўнена жыццём і цяплом чалавечай душы».

Прыязджалі турысты з Бельгіі, Італіі, Германіі, Ірландыі, Расіі, Украіны, Казахстана, Славакіі, Венгрыі, Ірака, Малдавіі. Сярод наведвальнікаў былі і дэпутаты, паслы, мэры, артысты. Быў на глінішчанскай зямлі і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кожны год прыблізна каля 600 чалавек бывае ў музеі Мележа.

Калі вы яшчэ не заходзілі ў гэтую хатку, раю вам: наведайце і паглядзіце ўсё сваімі вачыма.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *