Пакуль жыве вера – жывуць Губарэвічы

Вёсачка мая

ЗнакГубарэвічам давялося ў поўнай меры перанесці на сабе боль наступстваў чарнобыльскай аварыі. Да 1986-га гэта была вялікая, у 176 двароў, прыгожая вёска, цяпер жа яе пастаяннымі жыхарамі з’яўляюцца ўсяго 7 чалавек. І толькі пяць адзінока стаячых хат не дазваляюць канчаткова перарваць цяпер ужо тонкую нітку багатай гісторыі населенага пункта.
Нягледзячы на пануючую тут цішыню, уражанне пакінутасці не ўзнікае. Пэўныя рэчы і прадметы сялянскага побыту на вуліцы, на якіх то тут, то там спыняецца позірк, а таксама добраўпарадкаваныя прыдамавыя тэрыторыі красамоўна сведчаць: тут жывуць гаспадарлівыя людзі.

Дед
Нетаропка крочу па вуліцы, любуючыся шэдэўрамі наваколля, якія стварае мастак-сакавік. У вёсцы, нават такой маленькай, усё нейкае асаблівае, непаўторнае… Веснавыя пейзажы з незвычайным мноствам розных колераў, гукаў і пахаў. Прастор палеткаў, жывыя будзільнікі-пеўні, тоненькія стужкі дыму з пячной трубы… Але больш за ўсё чапляе душу тутэйшы спакой: настолькі рэзка кантрастуе ён з гарадской мітуснёй.

Образ
Звычайна людзі ў вёсцы жывуць адной вялікай сям’ёй, добра ведаюць адзін аднаго. Калі трэба – дапамагаюць, пазычаюць, пра нешта раяцца, разам сумуюць і разам святкуюць. Так раней было і ў Губарэвічах… Зараз мясцовыя жыхары таксама жывуць дружна, але іх агульная сям’я адчувальна зменшылася.

График-автолавки
Жылі тут Бордакі, Бандарэнкі, Марчанкі, Дашукі, Хорсуны, Васюкі, Сакуны, Лешчуны, Рудзянкі, Семенчукі… Раніцай дружным гуртам ішлі ў калгас на работу, а ўвечары збіраліся на танцы ў клуб. Працавалі магазін і пачатковая школа.

Куры
Тыя шчаслівыя часы, калі па вуліцах Губарэвіч разносіўся дзіцячы смех, калі багатыя квітнеючыя сады ап’янялі сваім водарам, і калі тры дні ўся вёска святкавала Прачыстую, навечна пасяліліся ў душы карэнных жыхароў Марыі Данілаўны Дашук, Міхаіла Нікіфаравіча Рудзянка  і Аляксандры Уладзіміраўны Бандарэнкі. Гэта надзвычай працавітыя людзі, якія ўсё жыццё шчыравалі ў калгасе, а яшчэ яны – сапраўдныя патрыёты сваёй зямлі. Гартаючы старонкі памяці, узгадваючы мінулае, іх сэрцы сціскае боль за лёс маленькай радзімы. Але апошнія жыхары ўпэўнены, вёска павінна жыць, хоць ужо і не на поўную моц. Галоўнае – жыць!
Не страчвае аптымізму і адзіная пражываючая тут сямейная пара – Біран Аляксандра Васільевіча і Надзеі Іванаўны. Муж і жонка трымаюць гаспадарку, даглядаюць агарод, так і ляціць непрыкметна час у паўсядзённых клопатах і турботах. Яшчэ два, самыя маладыя, жыхары вёскі – Васілій Бандарэнка і Генадзій Дашук.

Дерево
Ну і, канешне, нельга не згадаць пра выяву Богамаці з дзіцём на зрэзе магутнага дрэва, якая з’явілася ў маі 2012 года. З таго часу ў многіх людзей Губарэвічы асацыіруюцца менавіта з гэтай цуда-з’явай. Тут пабывалі сотні жыхароў не толькі нашай рэспублікі, але і замежных краін. І сёння едуць людзі, каб дакрануцца да дрэва, памаліцца, ды проста пастаяць, падумаць аб нечым сваім… Дрэва агарадзілі, упрыгожылі стужкамі, ручнікамі, абразкамі. Побач устанавілі драўляны крыж.
Гэты вобраз для мясцовых жыхароў стаў добрым знакам, усяліў надзею. Дык няхай яна не згасае ніколі, бо пакуль жыве іх вера – жывуць Губарэвічы.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *