Трэба верыць у лепшае

Вёсачка мая

IMG_4058Усюды адчуваецца халаднаваты подых восені. Прырода пышная, яркая: дрэвы змяняюць зношаны ўжо зялёны ўбор на шыкоўнае залатое адзенне. Жоўта-аранжавае лісце павольна кружыць у паветры. Раскошнымі чырвонымі гронкамі звісае рабіна. Прыпала да зямлі трава. На вуліцы чароўны час года – прыгажуня-восень, ідзеш і любуешся хараством і багаццем фарбаў навокал. Мы з вамі, паважаныя чытачы, вандравалі па нашых хойніцкіх вёсачках зімой, вясной, летам і вось першае восеньскае падарожжа – у вёску з адметнай гісторыяй Рудакоў.

IMG_3957
Гэту экскурсію вырашыла пачаць са старадаўняга маёнтка, які належыў дзяржаўнаму дзеячу Расійскай Імперыі, дэпутату другой і трэцяй Дзярждум Станіславу-Костке Ваньковічу. У XIX стагоддзі ён ператварыў Рудакоў у сапраўды райскі куток: праклаў дарогі, меліяратыўныя сістэмы, пабудаваў цагляны, спіртавы і масласыраробны заводы, разбіў парк і інш.

IMG_4055
Пад’язджаем да сядзібнага дома Ваньковічаў. Па даных нашага краязнаўчага музея, яна была пабудавана ў 1909 годзе. Нягледзячы на тое, што помнік архітэктуры з часам руйнуецца і зарастае, атмасфера тут асаблівая, быццам пераносішся на два стагоддзі таму. Сядзіба была выканана ў італьянскім стылі барока з чырвонай цэглы. Зрабіўшы колькі крокаў уздоўж рэшткаў старадаўняга будынка, натыкаюся на цэглу з выціснутым кляймом «W» (першая літара прозвішча ўладальніка), дарэчы, такія пазнакі былі зроблены на кожнай цаглінцы.

IMG_3973
Маёнтак складаўся з трох корпусаў. Сцены ва ўсіх пакоях былі пакрыты алейнай фарбай, у некаторых памяшканнях ляжаў рознакаляровы паркет, а вестыбюль выкладзены чорнай і белай мармуровай пліткай. Увесь інтэр’ер сядзібы быў выкананы ў паляўнічым стылі: для антуражу па абодва бакі ад уваходных дзвярэй стаялі пудзілы мядзведзяў, а на сценах віселі голавы дзікоў, рогі аленяў і ласёў. Вялікая зала была абстаўлена двума камплектамі мэблі ў стылі часоў Людовіка ХVI, пакрытымі шоўкам крэмавага колеру. Чайная зала мела пазалочаную мэблю ў стылі ампір. У калідоры размяшчаліся доўгія дубовыя шафы, прыстасаваныя пад бібліятэку, сярод кніг было шмат нот, бо сам Станіслаў Ваньковіч, яго брат і сыны захапляліся ігрой на скрыпцы. Мяккія крэслы, якія стаялі ўздоўж шаф, былі абцягнуты ласінай скурай… Толькі ўявіце – усё гэта хараство знаходзілася ў нашым раёне!
У савецкія часы маёнтак пераўтварылі ў машынатрактарную станцыю, якая абслугоўвала амаль палову калгасаў раёна, а потым – у вучылішча. Аб гэтым мне ўжо расказалі мясцовыя жыхары. Адзначу, што люблю падарожнічаць па нашых вёсках найперш таму, што знаёмішся з добрымі, надзвычай цікавымі людзьмі. Распытваючы вяскоўцаў аб мінулым, здзіўляюся не толькі іх часта цяжкаму, гIMG_4040ераічнаму жыццю, але і мудрасці, аптымізму.
За шчырай гутаркай рудакоўцы распавялі мне, што ў другой палове 1920-х быў створаны саўгас «Рудакоў», а ў 1929 годзе арганізаваны калгас. Працавалі два ветракі і дзве кузні. У 1930-м працавалі пачатковая школа і аддзяленне спажывецкай кааперацыі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны былі тут згадваемае вышэй прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі мелірацыйных работ, а таксама сельвыканкам, васьмігадовая школа, ферма, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, швейная і шавецкая майстэрні, сталовая, тры магазіны. Якая вёска была!
«Дабрэнна жылі. Раней пад трыста дамоў было, а цяпер засталося трынаццаць. А як умелі весяліцца! Як зайграе наш Казакевіч на гармоніку, дык усе спяваюць і танцуюць. Так добра граў Вячаслаў Сяргеевіч, што ўся вёска збягалася», – успамінае Васіліна Васільеўна Карнакова. – Памятаю, на канцэрты ездзілі ў Мокіш, Стралічава выступаць. Каб нас хто арганізаваў, дык мы б і сёння паспявалі не горш, чым тыя Буранаўскія бабулі».
Васіліна Васільеўна сама з Навасёлак, але роднай лічыць вёску Рудакоў, дзе жыве ўжо пяцьдзесят гадоў. З мужам Міхаілам Андрэевічам, які ў апошнія гады працаваў старшынёй Рудакоўскага сельвыканкама, яны сёлета ў снежні будуць святкаваць залатое вяселле. У шчаслівым шлюбе нарадзіліся дзве дачкі, адна з іх жыве ў сталіцы, другая – у Гомелі. Дзеці раз’ехаліся, а бацькі прыкіпелі душой да гэтых мясцін, не хочуць іх пакідаць. Трымаюць кароўку, курэй, апрацоўваюць агарод. Гаспадыня дома любіць кветкі, каля дома высаджвае прыгожыя клумбы. На развітанне яна падарыла мне насычана аранжавы букет фезалісу, і ў мяне адразу настрой стаў такім жа яркім.

IMG_4001
Пасля я пазнаёмілася з Анатоліем Цімафеевічам Радчанкам. Родам ён з Брагіншчыны, у Рудакоў прыехаў на вучобу ў вучылішча. Пасля атрымання дыплома стараннаму юнаку прапанавалі стаць загадчыкам склада,= і ён згадзіўся. «Калі я працаваў, а гэта шасцідзесятыя гады, у СПТВ было 752 навучэнцы, я ўсіх іх апранаў і абуваў. Яшчэ на мне былі захаванне збожжа і бульбы, – успамінае добразычлівы дзядуля. – А так я ўсё жыццё адпрацаваў на меліярацыі, толькі апошнія перад пенсіяй гады быў брыгадзірам у саўгасе «Стралічава». Анатолій Цімафеевіч сам пабудаваў дом у Рудакове, у якім выраслі пяцёра дзяцей. Дарэчы, доўгі час, калі ў вёсцы яшчэ віравала жыццё, на ім вісеў трафарэт «Дом узорнай культуры». Такім чынам яго адзначыла мясцовая ўлада.
Гаспадар хаты захапляецца пчалярствам і ведае толк у мёдзе, а яшчэ любіць вырошчваць вінаград. Управіцца са ўсімі хатнімі справамі, выходзіць на вуліцу, павольна, абапіраючыся на палачку, сядзе на лавачку і глядзіць… Доўга глядзіць удалечыню, застаючыся сам насам з няўрымслівымі думкамі. Ніхто не ідзе ні адтуль, ні адгэтуль. Самотна становіцца, наварочваюцца слёзы…
Раз-пораз бліскучыя кроплі з’яўляліся ў яго вачах і ў час нашай гутаркі. Складана, але трэба трымацца і верыць у лепшае…

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *