Вочы разбягаюцца – столькі цікавага і ўнікальнага ў Доме рамёстваў.
Гэтаму можна навучыцца ў раённым Доме рамёстваў ці проста набыць там адпаведны абярэг.
На пачатку 2000-х па ўсёй нашай Беларусі пачалі арганізоўваць Дамы рамёстваў. У краіне на той час паўстала задача на аднаўленне і ўзбагачэнне народных промыслаў. Хойнікшчына заўжды славілася сваімі рамеснікамі, і да аварыі на Чарнобыльскай АЭС ад нас на продаж пастаўлялі кошыкі ручной работы і вырабы з лазы. Тканыя посцілкі з мясцовымі ўзорамі і па сёння застаюцца сімваламі нашай зямлі.
Калі раней гэтыя артэфакты імкнуліся паўтарыць непасрэдна ў сем’ях рамеснікаў, а вынікі працы тых часоў траплялі хіба што ў музейныя архівы, то 20 гадоў назад арганізавалі спецыяльную ўстанову – раённы Дом рамёстваў, які працуе і сёння, каб зберагчы не толькі самі прадметы ручной работы, але і працэс. І перадаць такія веды ўсім жадаючым.
У невялічкім будынку насупраць чыгуначнай станцыі «Хойнікі» па вул. Калесніка, 79, ёсць на што паглядзець. Дакладней, вочы разбягаюцца – столькі цікавага і ўнікальнага там знаходзіцца.
ЯК КАЖУЦЬ, ЛЕПЕЙ ПАБАЧЫЦЬ…
Па выставах, арганізаваных у зале Дома рамёстваў, лёгка прасачыць самыя папулярныя раённыя промыслы па гэты час. У адным куце багата прадстаўлены вырабы з саломкі – карціны, лялькі і капелюшы. Насупраць паліцы з драўляным хатнім дэкорам, каларытныя фігуры вітаючыхся гаспадара і гаспадыні, паблізу нават вясельная атрыбутыка – бутафорскія святочныя торты і фотазона ў стылі нявесты – словам, чаго толькі няма. А якія лялькі ўсіх відаў і колераў тут – нельга адарвацца!
Свой непаўторны ўклад у назапашванне экспазіцыі зрабілі майстрыхі Юлія Катлярчук, Вольга Зелянкоўская і Вікторыя Новік, а таксама пачынаючыя майстры Ігар Шаўчэнка і Ягор Сафонаў. Прыемна ўспомніць першага кіраўніка ўстановы – майстрыху на ўсе рукі Зою Бураўцаву.
Сёння гэту адказную работу выконваюць майстры народных промыслаў – Вольга Шляхценка і Людміла Кузняцова, кіраванне ўзяла на сябе загадчык Людміла Смольская.
Руплівыя дамы імкнуцца расказаць пра работу, якой ганарацца.
РУСАЛКУ ПРАВЯЛІ – СУВЕНІР НА ПАМЯЦЬ
Штогод у аграгарадку Вялікі Бор праводзіцца аўтэнтычны абрад «Провады Русалкі», які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. З часам культурнае мерапрыемства набыло такую папулярнасць, што пахадзіць за ўпрыгожанай кветкамі дзяўчынай прыязджалі з іншых абласцей і таксама сталіцы нашай краіны, не гаворачы пра групы тэлебачання і кінадакументалістаў.
Каб у гасцей засталося нешта большае за прыемныя ўспаміны, у Доме рамёстваў спецыяльна распрацавалі сувенірную капсулу – набор па матывах культурнага абрада. Кожны жадаючы непасрэдна ў час святкавання мог набыць такі наборчык.
Акрамя таго, для гасцей нашага горада прапануюць яшчэ адзін унікальны сувенір – маленькі рушнічок з вышытым традыцыйным хойніцкім узорам. Такі падарунак распрацавалі для абласнога семінара «Духоўны патэнцыял традыцыйнай народнай культуры Хойніцкага раёна» і пазней увялі ў продаж. Прыклады можна знайсці на вітрыне раённага краязнаўчага музея.
МАЙСТАР-КЛАСЫ АД МАЙСТРЫХ «КЛАС!»
Адным з відаў дзейнасці Дома рамёстваў сталі заняткі з дзецьмі. Хто ж адмовіцца ўласнаруч змайстраваць абярэг, тым больш пад наглядам вопытнага эксперта. Раней Дом рамёстваў ахвотна наведвалі школьныя экскурсіі, а на масавых мерапрыемствах раённага і гарадскога маштабу выставачны куток установы заўсёды акружаны колам цікаўнай моладзі і нават маладзей. Майстрыхі ў сваю чаргу з радасцю дзяліліся ўменнямі і матэрыяламі для вырабаў. У выніку – кожны вучань быў забяспечаны ўласным абярэгам і пачуццём гонару за самога сябе.
У гэты няпросты час калектыў са светлым смуткам успамінае тыя часы, калі дзеткі маглі вось так проста прыйсці да іх і навучыцца мясцовым рамёствам. Але жанчыны спадзяюцца, што хутка у сцянах Дома рамёстваў зноў загучаць галасы гасцей.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.