Якое ж хуткаплыннае і пераменлівае наша жыццё! Усяго два месяцы назад пісала пра Сяргея Аляксандравіча Міцуру як пра маладога спецыяліста, а цяпер ён ужо выконвае абавязкі дырэктара КСУП «Велікаборскі». Што і казаць, гаспадарка гэта не самая стабільная ў раёне – праблем і клопатаў хапае, але прадпрымальны, упэўнены ў сабе, энергічны малады кіраўнік цяжкасцей не баіцца.
Ён ужо з галовой акунуўся ў вытворчыя справы і імкнецца выправіць іх становішча ў лепшы бок. Пра нейкія кардынальныя змены пакуль казаць, безумоўна, рана, але пэўныя зрухі ёсць. Так, у мінулым нумары мы паведамлялі пра тое, што гэта гаспадарка ўнушальна падцягнулася па збору макулатуры і ў бліжэйшы час ужо закрые гадавы план па гэтаму паказчыку. Акрамя таго, прыкметна ўмацоўваецца працоўная дысцыпліна, якая тут добра-такі кульгала, наводзіцца парадак на тэрыторыі фермы і мехдвара.
Новы кіраўнік шукае і новыя падыходы ў рабоце з людзьмі. Пры гэтым маладосць перашкодай для яго не з’яўляецца. Кіраваць людзьмі старэйшымі і вопытнейшымі, вядома, нялёгка, але ён імкнецца з усімі знайсці агульную мову і лічыць, што ў яго выдатны калектыў.
Нават нашу размову пачаў са слоў: «Пра мяне не трэба пісаць, лепш пра людзей – нашых работнікаў», – і павёў па мехдвары. – «Абавязкова сфатаграфуйце галоўнага інжынера гаспадаркі Аляксандра Васільевіча Бандарэнку. Гэта вельмі адказны і надзейны чалавек». Раблю здымак. Ідзём далей.
– А гэта рамантуе тэхніку механізатар Віктар Леанідавіч Праходскі. Глядзіце, як старанна ўсё робіць, ён сапраўды хварэе за сваю справу. Варта і яго здымак размясціць у газеце – ён заслугоўвае.
Што ж, пазіруйце! Толькі паспела закончыць з гэтай фотасесіяй, як Сяргей Аляксандравіч паспяшаўся да двух мужчын, якія займаліся ўборкай тэрыторыі – завіхаліся з сякерамі ў руках. «Гэта нашы майстры на ўсе рукі – слесары Мікалай Аляксандравіч Харошка і Мікалай Мікалаевіч Дземідзенка, – гаворыць С.А. Міцура. – Першы працуе ў гаспадарцы амаль трыццаць гадоў, другі – амаль сорак! Іх таксама трэба адзначыць». На некалькі хвілін адрываю мужчын ад работы, каб зрабіць новыя здымкі.
Трэба адзначыць, што цяпер у сельгаспрадпрыемстве надаюць належную ўвагу добраўпарадкаванню, для гэтага выкарыстоўваецца кожная вольная ад асноўнай работы хвіліна. Людзі ахвотна бяруць у рукі неабходны інвентар і наводзяць вакол сябе чысціню. Праўда, зрабіць яшчэ патрэбна нямала.
Я ўжо падумала, што на гэтым спынімся, але кіраўнік папрасіў яшчэ сфатаграфаваць дыспетчара Валянціну Міхайлаўну Скакун, вельмі чулую і працавітую, па яго словах, жанчыну, і праехаць разам на ферму, каб яшчэ там зрабіць некалькі кадраў.
Па дарозе ў гутарцы даведваюся пра прынцыпы адносін Сяргея Аляксандравіча з калектывам: галоўнае, на яго думку, – умець слухаць. Разам з тым, ён не стамляецца тлумачыць калгасную эканоміку кожнаму: і спецыялісту, і механізатару, і даярцы – атрымаюць тое, што заробяць. Малады кіраўнік імкнецца натхніць работнікаў, бо, вядома, што без працы і старання зярнятка не стане коласам, а без штодзённых догляду і клопату кароўка не будзе даваць малако.
На ферме абедзенная дойка была ўжо закончана, таму з даяркамі не ўдалося пагутарыць, але дырэктар хутка знайшоў для здымкаў іншыя заслугоўваючыя ўвагі кандыдатуры – вадзіцеля, які здзяйсняе падвоз аператараў машыннага даення, Аляксандра Іванавіча Камарова і слесара малочнага абсталявання Івана Іванавіча Конухава. А пасля яшчэ і работнікаў паляводчай брыгады, якія разам з будаўнікамі засыпалі ямы і чысцілі жывёлагадоўчыя памяшканні. Наогул у мяне складвалася ўражанне, што была б яго воля, Сяргей Аляксандравіч кожнага работніка зрабіў бы героем газетнай старонкі. Ён пастаянна паўтараў, што ў яго ўсе людзі старанныя і руплівыя. Але ж газета не гумавая, усіх у яе не змесціш, таму на заканчэнне робім здымак вадзіцеля дырэктара Сяргея Васільевіча Жаўняка, які заўсёды адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, і на гэты раз хопіць.
Варта адзначыць, што не толькі выконваючы абавязкі кіраўніка сельгаспрадпрыемства С.А. Міцура гаварыў добрыя словы ў адрас сваіх падначаленых, але і работнікі ў сваю чаргу толькі станоўча адгукаліся аб маладым дырэктары. Яны падкрэслівалі, што яго рэдка можна застаць у кабінеце, бо ён з раніцы і да вечара сярод людзей, на ферме, мехдвары.
Сяргей Аляксандравіч шчыра радуецца любым поспехам калектыву і верыць, што разам яны здольны на многае. Хаця не вядома, што і як будзе далей, бо пакуль ён толькі выконвае абавязкі дырэктара, але тое, што ў велікаборцаў паступова ўсяляецца пазітыў – факт відавочны. Няхай, здабыўшы цяпер, яны не страчваюць яго ніколі.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.