Адзначаюць святы беларускія і польскія

Вёсачка мая

7Раніца. На тэрмометры мінус восем. Мароз гарэзліва шчыпле нос, шчокі гараць пунсовым агнём. Уцяпляюся перад паездкай шалікам і пальчаткамі, бяру фотаапарат, нататнік з ручкай і – у шлях! Сёння мы пабываем з вамі яшчэ ў адной цудоўнай невялічкай вёсачцы нашага раёна – Паташні. Ад горада да яе адзінаццаць кіламетраў. Едзем.

6
За акном плывуць шэрыя пейзажы. Позірк чапляюць высокія дрэвы ў іскрыстым інеі. Паварочваем з трасы налева, і вось мы на месцы. Павольна праязджаем па вёсцы, каб «злавіць» каго-небудзь з жыхароў, але вакол цішыня – ні душы. Гэта не ў цёплае надвор’е, калі можна застаць пасядзелкі на лавачцы каля плоту. Зараз яны апусцелі. Стаяць адзінока, прыпарушаныя першым снегам.
Што ж рабіць? Вырашаем заехаць на ферму – нават здалёк было відаць, што там жыццё кіпіць. Працуюць тут пятнаццаць чалавек, пераважна мясцовыя жыхары, а таксама з Храпкава і Віці. Насустрач ідзе жанчына. Знаёмімся. Гэта Тамара Пятроўна Казлоўская. Яна – брыгадзір. Слова за слова, завязалася гутарка. Жанчына расказала, што раней Паташня вельмі прыгожай вёскай была, клуб меўся, пошта, магазін, школа. Але пасля аварыі на ЧАЭС збяднела, цяпер тут усяго 22 «жывыя» хаты. Потым Тамара Пятроўна параіла мне звярнуцца да старэйшых жыхароў, якія больш бачылі, ведаюць і ўзгадаць могуць. Прапанавала зайсці да сям’і Аношкаў ці Арлоўскіх.
Развітваюся з жанчынай і накіроўваюся да выхаду з фермы. Тут сустрэлася з маладой дзяўчынай Аляксандрай. Аказалася, што гэта дачка маёй папярэдняй субяседніцы. Пытаюся ў яе аб тым, як у невялікай вёсцы моладзь бавіць вольны час. «Асабіста ў мяне яго няшмат, бо тройчы ў дзень іду сюды, на ферму, на дойку, а так у асноўным у Інтэрнеце ўсе «засядаем», – усміхаючыся, гаворыць Саша. І дадае: «Але мне мая вёска і работа падабаюцца». Згадзіцеся, такі аптымізм не можа не радаваць. Больш не стала адрываць яе ад работы і накіравалася да сям’і Аношкаў.

8
Трапіла якраз на час абеду, калі сям’я сабралася за сталом. Але я была ў доме не адзінай госцяй: за некалькі мінут да мяне праведаць іх зайшла ўпаўнаважаная вёскі Галіна Кандрацьеўна Шаціла.
– Калі ласка, калі ласка, у хату! – запрасілі гаспадары Ганна Андрэеўна і Міхаіл Фёдаравіч.
На стале скварчэла патэльня, стаялі сакавітыя памідорчыкі з банкі, вінегрэт, каўбаска, салата з морквы, блінцы. Які пах! Мне прапанавалі далучыцца і пакаштаваць смачнасці, за што была вельмі ўдзячна, але ўсё ж адмовілася і прынялася занатоўваць расказы маіх новых знаёмых: «У асноўным засталіся ў нас людзі пажылога ўзросту. Гэта Кайтан Арлоўскі, Юлія Цішкевіч, Ганна Броўкіна, Алена Віннік, Казімір Грыневіч, Стась Арлоўскі, Дуня Мароз, Віктар Смычкоўскі, Ніна Арлоўская, Аліфон Крывіцкі, ну і мы. У Тамары Казлоўскай пяцёра дзяцей, у Наталлі Смычкоўскай, Іны Арлоўскай, Ларысы Дубікоўскай і Алены Чарняк – па трое.

1
У 1959 годзе ў нас было 416 жыхароў. Большую частку з іх складалі польскія сем’і. Быў у Паташні нават свой дзіцячы дом, пасля яго «перасялілі» ў Журавічы, а на яго месцы зрабілі школу з прыгожымі алейкамі. Дарэчы, у ёй бываў сам Іван Паўлавіч Мележ. Школы ўжо гадоў сем як няма, дзеці вучацца ў Казялужскай. Яшчэ была тут свая бальніца. І клуб. Цудоўны! Артысты прыязджалі, ды мы і самі спявалі і танцавалі добра.

2
Людзі ў асноўным на ферме працавалі, якая была жывёлагадоўчым падраздзяленнем саўгаса «Хойніцкі» ў Казялужжы, а цяпер уваходзіць у склад сельгаспрадпрыемства «Судкова». Гаравалі кожны дзень, але і адпачыць добра ўмелі. І спіртное было, але ніхто не напіваўся – усё ў меру і з розумам. Галоўнае, што гулянні ніколі адмоўна не адбіваліся на рабоце. Кіраўнікі ў нас усе былі добрыя, заўсёды панавала ўзаемапавага. Вёска наша ўвесь час лічылася польскай. Святы адзначалі ў розныя даты, да прыкладу, у палякаў Каляды 25 снежня, Вадохрышча – 6 студзеня. Мы іх да сябе звалі ў госці ў свае святочныя дні, а яны нас – у свае. Што і казаць, дружна жылі. А яшчэ мы вельмі любілі адзначаць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – у клубе два дні гулялі з песнямі ды танцамі. Ох і весела! А якія прыгожыя вуліцы былі – нашы жыхары вельмі любілі ружы, у іх уся вёска патанала. Многія трымалі вялікую гаспадарку: палова вёскі ў адзін бок пасвіцца статак ганяла, другая – у іншы…»

3
Размова была вельмі цікавай, але не абышлося і без крыўд. Скарыстаўшыся магчымасцю, жыхары паскардзіліся, што да іх не заходзіць рэйсавы аўтобус – трэба ісці ў Віць ці на «шлях» і «лавіць» транспарт, які праходзіць міма. Хочуць, каб хоць раз на тыдзень у вызначаны час аўтобус заязджаў да іх, можна было б у бальніцу з’ездзіць ці на рынак. Гаварылі і аб тым, што не працуе радыё, нават у новых прыёмніках, можа наладзіць у іх не атрымліваецца? Адзначылі і мінусы «пошты на колах» – ездзіць два разы на тыдзень: па серадах і суботах, з раённай газетай у гэтым плане праблем няма, а вось выпісваць «СБ» не мэтазгодна, страчваецца ўся аператыўнасць.

5
Прытуліўшыся каля печы, я добра прыгрэлася і ўжо складана было ад яе адарвацца, але развітвацца ўсё ж трэба. Дзякую гаспадарам – шчырым людзям сялянскай закваскі – за гасціннасць і размову, жадаю здароўя і не падаць духам. Зараз работы на гародах закончаны, можна спакойна чакаць наступлення зімы. Рыхтавацца да святаў, на якія з’едуцца дзеці і сваякі. Усе разам збяруцца за сталом, а гэта для кожнай сям’і – вялікае шчасце і радасць. А там прыйдзе вясна, і ў Паташні зноў закруціцца калаўрот адвечных сялянскіх спраў.

4
Што ж, гэта наша з вамі, паважаныя чытачы, апошняя восеньская вандроўка. Паслязаўтра ўжо першы дзень зімы, жадаю вам чараўніцтва, каб на душы і ў доме было цёпла, выдатнага настрою. Беражыце сваіх каханых і родных, наведвайце іх часцей, і – вандруйце разам з намі!

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *