Шчаслівае, радаснае жыццё, стваральная праца. Як гэта дорага і свята! Жывучы пад мірным небам, мы проста абавязаны памятаць аб той жудаснай вайне, памятаць аб тых, хто вёў барацьбу з ненавісным ворагам не дзеля славы, а дзеля жыцця на зямлі, хто праліваў кроў сваю за наша шчасце, за гэты мірны дзень.
Вайна спрадвеку лічылася мужчынскай справай. Але калі над СССР навісла смяротная пагроза, шарэнгі яе абаронцаў самкнуліся ў адзін ланцуг.
Ім было па 17, 18, 19… Замест белай сукенкі – шынель, гімнасцёрка, кірзавыя чобаты. Замест студэнцкай аўдыторыі – медсанбат, акопы. Але бралі на сябе ўвесь гэты цяжар яны добраахвотна, маладыя дзяўчаты станавіліся не проста смелымі, а бясстрашнымі, без хістання кідаліся ў самае пекла агню, уступалі ў бой з гітлераўцамі, калі патрэбна было абараніць, выратаваць сцякаючага крывёю савецкага салдата.
Скупыя радкі афіцыйных папер: «…з 22 чэрвеня 1941 года па 17 снежня 1944 года праходзіла службу ў дзеючай арміі ў званні сяржанта, служыла ў шпіталі 429 медсястрой». Гэта пра нашу зямлячку, ураджэнку вёскі Рудыя Антаніну Мікалаеўну Шумілаву, якая праявіла сапраўдны гераізм і мужнасць на полі бою ў барацьбе за жыцці нашых слаўных воінаў. Нездарма ж у святочныя дні на грудзях пасівелай жанчыны віселі такія ж баявыя ўзнагароды, як і ў тых, хто са зброяй у руках абараняў Маскву, Ленінград, фарсіраваў Днепр, штурмам браў Берлін, – ордэн Вялікай Айчыннай вайны, медалі «За баявыя заслугі», «За адвагу», шматлікія юбілейныя ўзнагароды.
ЮНАЦТВА, СПАЛЕНАЕ ВАЙНОЙ
Медыцынскай сястрой ваеннага шпіталю ў Калінкавічах працавала выпускніца Мазырскага медвучылішча Антаніна тады яшчэ з дзявоцкім прозвішчам Дзмітрыенка, калі вогненным смерчам уварвалася ў мірнае жыццё вайна. Маладыя медсястрычкі аб многім марылі, і калі раптоўна быў дадзены загад шпіталю эвакуіравацца, не думалі, што гэта надоўга. У дарогу, вядома, не забыліся прыхапіць гітару, патэфон. Толькі не да весялосці было. Ужо пад Васілевічамі трапілі пад бамбёжку. Хацелася ўціснуцца ў любую шчыліну, каб не чуць раз’юшанага свісту, разрываў бомб, каб выжыць, не бачыць усяго гэтага.
Састаў спыніўся. І ўсе пабеглі, лёгкапараненыя дапамагалі несці асабліва цяжкіх. Усю ноч сядзелі ў лесе, хаваліся. Пад раніцу паехалі зноў. Наперадзе былі баі на Смаленскім напрамку.
Калінінскі, Прыбалтыйскі, Заходні франты. Параненыя ляжалі на зямлі, на насілках. Спачатку санітары пыталіся, каго браць першымі. Чулі ў адказ, што тых, хто маўчыць. Праз два чалавекі трэці – мёртвы. Не паспявалі ўсім дапамагчы. Самымі невыноснымі для Антаніны былі ампутацыі. Не ўсе дзяўчаты вытрымлівалі, некаторыя медсёстры страчвалі прытомнасць.
У горадзе Тарапец (Калінінскі фронт) пачалося наступленне. Але параненых не паменшылася. Чатыры дні не спалі, не прысядалі, увесь час чуючы: «Сястрычка, дапамажы, міленькая!»
Аднойчы Антаніну паслалі суправаджаць аўтобус з параненымі да эшалона. У час бамбёжкі там пачалі гарэць цыстэрны з нафтаю, стаяў чорны дым, дзень змяшаўся з ноччу. Дачакалася адпраўкі людзей у тыл і вярнулася ў шпіталь.
Старшая медыцынская сястра ў поўнай меры пазнала ўсе жахі вайны. І хаця Антаніна не хадзіла ў бой з аўтаматам, але кожны раз была ў першых радах наступаючых, ішла ў бой за жыццё людзей. У батальённым медпункце (тут жа, у супрацьтанкавым рове) аказвала з сяброўкамі дапамогу параненым: накладвала павязкі, шыны, жгуты, рабіла ін’екцыі.
Дзе, адкуль толькі сілы браліся, калі чула бездапаможнае «сястра…»? Аб сабе не думалася. Так хацелася хутчэй вынесці з-пад шквальнага агню, дапамагчы, прыкрыць параненага.
Якую сілу волі патрэбна было мець, каб з дня ў дзень, з ночы ў ноч бачыць на полі бою акрываўленых, бездапаможных людзей, бачыць іх пакуты, сціскаць халадзеючыя пальцы незнаёмага байца, глядзець у яго затухаючыя вочы і гаварыць яму абнадзейваючае: «Патрымайся, дарагі, яшчэ крышачку, зараз нашы падыдуць» і чуць у адказ апошняе: «Не, сястрычка, не жылец ужо… Вазьмі адрас у гімнасцёрцы, напішы жонцы, сынок у мяне…».
Цяжка было фізічна – не раз на сваіх кволых плячах медсястра выносіла з поля бою параненых. Але яшчэ больш складана было маральна – штодзень бачыць сваіх равеснікаў, скалечаных вайной, асабліва калі паступалі цяжкапараненыя салдаты, у якіх адарвала ў баі руку або нагу.
Мужна прайшла Антаніна Мікалаеўна ўсе франтавыя выпрабаванні. Колькі параненых байцоў з яе дапамогай выжылі, вярнуліся ў строй!
Вялікае агульнанароднае гора збліжала савецкіх людзей, даючы кожнаму сілу на барацьбу з ворагам. Фашысты разлічвалі на танкі, самалёты, гарматы. Ім няўцям было тое, што ў нашых людзей была непераможная зброя – патрыятызм. Праўда, і ў нас потым стала не менш жалезнай зброі, аднак жа галоўную ролю ў перамозе над гітлераўцамі адыграла любоў да Радзімы, помста за забітых, за спаленыя гарады і вёскі. Антаніна не думала аб смерці, яна грэбавала ёю. Марыла аб доме, аб міры.
КАХАННЕ, ВЫПРАБАВАНАЕ АГНЁМ
Перад ад’ездам на фронт адна пажылая фельчарыца нагадала кожнай з маладых медсясцёр далёкую дарогу і сустрэчу з маладым і прыгожым каралём. Чаканне гэтай сустрэчы з суджаным перапаўняла іх душы. Антаніне фельчарыца сказала паўшэптам: «Твой – чарнявы, высокага росту, з добрымі вачыма».
Аляксей Шумілаў быў сапраўды статны, прыгожы, са спартыўнай паходкай… Родам з Удмурціі, ён удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг., потым вучыўся ў ваенным вучылішчы. Вялікую Айчынную вайну сустрэў афіцэрам, быў намеснікам камандзіра роты запаснога стралковага палка, потым камандзірам лыжнага батальёна. Храбры камбат узнагароджаны медалём «За адвагу», пад Ленінградам, дзе атрымаў цяжкае раненне, самае небяспечнае з усіх пяці, што былі за час вайны. А ордэн Аляксандра Неўскага адважны камандзір атрымаў за асабістую мужнасць у баі за прыбалтыйскі горад Ліепая.
Аляксея, рускага афіцэра, і беларускую медсястру Антаніну лёс звёў не на маладзёжнай вечарынцы, не на пляжы і не на буйным застоллі. І вяселле ігралі ім не хвацкія музыкі, а нямецкія мінамёты. Не ў нявесціным вэлюме шыкавала маладая, а ў зялёнай гімнасцёрцы медсястры, і не салодкім віном яны частавалі сяброў сваіх, а пайкавым сухаром ды спіртам, што давалі байцам у акопах. І падарункаў не было ніякіх – толькі пажаданні, каб мінавала новую сям’ю, якую зарэгістраваў камандзір палка, куля ці асколак, каб не перарвалася жыццё маладой пары.
У самых трагічных сітуацыях жанчына выбірае жыццё, а значыць – каханне. Сваё каханне Антаніна сустрэла ў шпіталі і адчувала сябе шчаслівай 52 гады – столькі муж і жонка Шумілавы пражылі разам. Пасля вайны выхавалі трох дзяцей: дочкі Галіна і Тамара пайшлі матчынай дарогай, сын Уладзімір стаў юрыстам. Прайшоў час, дзеці ўжо абзавяліся сваімі сем’ямі, з’явіліся чатыры ўнукі, унучка Алена таксама выбрала спецыяльнасць медсястры, і сем праўнукаў, якія не давалі гараваць бабулі, калі памёр яе муж. А.М. Шумілава мела вялікую і дружную сям’ю, у якой вырасла тры пакаленні, ім яна перадала лепшыя рысы свайго характару.
Для Антаніны Мікалаеўны да ўходу з жыцця ў 2004 годзе (муж памёр на 9 гадоў раней) дзень Вялікай Перамогі быў галоўнейшым за іншыя чырвоныя даты афіцыйнага і царкоўнага календара. У гэты дзень ветэраны Шумілавы былі заўсёды разам. Садзіліся за святочны стол і «зялёным» віном паміналі сяброў-таварышаў. І гарчэй за памінальную чарку слёзы памяці бярэдзілі душу. Тым цвярдзейшым быў наказ двух сэрцаў, з’яднаных агнём, – любіць і берагчы Радзіму, яе свабоду.
У МІРНАЙПРАЦЫ, НАПОЎНЕНАЙ КЛОПАТАМІ АБ ЗДАРОЎІ ЛЮДЗЕЙ
Вайна загартавала характар А.М. Шумілавай, пасеяла зярняты чуласці і суперажывання, што вельмі спатрэбілася ў мірнай працы ў якасці медыцынскай сястры раённай паліклінікі. Доўгі час яна ўзначальвала пярвічную партыйную арганізацыю райбальніцы, з’яўлялася членам групы народнага кантролю. Гаворачы цяперашняй моваю – мела імідж сацыяльна актыўнага чалавека.
Не старэла душою былая франтавая медсястра, усе свае веды і сілы аддавала медыцыне, служыла здароўю людзей. Яна, ветэран працы, да апошніх дзён свайго жыцця заставалася жыццярадаснай, нястомнай, абаяльнай жанчынай. Шчаслівыя тыя, хто жыў і крочыў побач з ёю.
Гэта пра такіх, як Антаніна Мікалаеўна Шумілава, пісала паэтэса Юлія Друніна:
Я пальто из шинели давно износила,
Подарила я дочке с пилотки звезду,
Но коль сердце моё тебе нужно, Россия,
Ты возьми его, как в сорок первом году.
Н. ЗАЛЕЎСКАЯ, былая калега па рабоце ў райбальніцы.