Нават не верыцца, што ў нейкіх трох дзесятках метраў адсюль – шумная сталічная вуліца. А ў гэтым цяністым парку пануе цішыня і прахалода. Па акуратных дарожках з пафарбаванымі бардзюрамі, сярод квяцістых клумб крочаць у медустанову пацыенты. А за вокнамі кожнага з лячэбных корпусаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі, дырэктарам якога з’яўляецца наша зямлячка Л.Э. Макарына-Кібак, схаваліся боль і надзея. Надзея на добрыя сэрцы і залатыя рукі людзей у белых халатах.
Людміла Эдуардаўна сімпатычная, стройная, з прыгожымі вачыма, быццам выпраменьваючымі ласкавае паўднёвае мора, нейкую асаблівую, пяшчотную цеплыню. Яна вельмі адпавядае ўяўленню аб сучаснай жанчыне. Разумная, прывабная, энергічная, баявая, настойлівая, дзелавая, высока прафесіянальная… Які з гэтых эпітэтаў не вазьмі, кожны да яе падыходзіць.
Вырасла Людміла Эдуардаўна ў горадзе Хойнікі, у простай сям’і, вучылася у другой гарадской сярэдняй школе. Нельга гаварыць, што яе неяк спецыяльна выхоўвалі. Проста хтосьці траціць час на асабістыя справы, а хтосьці – на грамадскія. У школе не толькі добра вучылася, але і актыўна займалася грамадскай работай. Настаўнікі не сумняваліся ў тым, што Людміла Раманчык усё зробіць самым належным чынам. Была і старшынёй савета дружыны, і сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі, і членам бюро райкама камсамола. Кіравала падрыхтоўкай выпуску школьных насценных газет, была экскурсаводам у школьным музеі, які лічыўся адным з лепшых ленінскіх музеяў у СССР. Меркавала, што гэта спатрэбіцца будучаму журналісту, марыла паступіць на гэту спецыяльнасць у Маскоўскі ўніверсітэт імя Патрыса Лумумбы.
Бацькі не пярэчылі выбару дачкі. А вось родны дзядзька па лініі маці, урач па прафесіі, які ў той час працаваў загадчыкам біяхімічнай лабараторыі, угаварыў вучыцца на ўрача, запэўніваў, што гэта прафесія – самая пачэсная і патрэбная людзям. Магчыма паўплывала і тое, што сама Людміла ў дзяцінстве пакутвала ад частага і абільнага крывацёку, давялося перажыць хваравітую аперацыю па прычыне пералому касцей носа. Зрэшты, лічыць яна, у жыцці нічога не бывае выпадковага, усё, што адбываецца ў дзяцінстве, накладвае адбітак на будучае.
Закончыўшы школу з залатым медалём, Людміла паступіла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут, да канца пятага курса давялося сумяшчаць вучобу з сямейнымі клопатамі: выйшла замуж за старшакурсніка Сяргея Макарына-Кібака, нарадзіла сына Андрэя. Пасля заканчэння інстытута атрымала накіраванне на працу ў Брэсцкую абласную бальніцу ў якасці ЛОР-урача, там ужо працаваў урачом-анестэзіёлагам яе муж. Закончыўшы інтэрнатуру, Людміла пайшла ў дэкрэт, у маладых мужа і жонкі нарадзілася дачушка Ліна. Праз два з паловай гады вярнулася на работу.
Акрамя працы ў бальніцы, Людміла Эдуардаўна пастаянна павышала кваліфікацыю на курсах. У 1998 годзе яе назначылі загадчыцай отарыналарынгалагічнага аддзялення. І ў гэтым жа годзе два месяцы на курсах у ЛОР НДІ горада Санкт-Пецярбурга асвойвала новыя тэхналогіі ў отарыналарынгалогіі. Праз год былі курсы ў Польшчы, затым у Германіі. У 1999 годзе паступіла ў клінічную ардынатуру, тады ж прыступіла да працы над кандыдацкай дысертацыяй на тэму «Спыненне насавога крывацёку з захаваннем функцыі насавога дыхання».
На працягу дзесяці гадоў была загадчыцай аддзялення, выконвала функцыі галоўнага спецыяліста ў вобласці, працавала над дысертацыяй, паралельна лячыла хворых пацыентаў. У 2006 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю. А ў 2007 годзе Людміле Эдуардаўне прапанавалі пасаду галоўнага ўрача Рэспубліканскай бальніцы паталогіі слыху, голасу і мовы, якую праз два гады пераўтварылі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр отарына- ларынгалогіі.
Сёння цэнтр аказвае высо-какваліфікаваную дапамогу пацыентам з захворваннямі вуха, гартані, насаглоткі і каляносавых сінусаў дзецям і дарослым. Усе сучасныя методыкі лячэння, якія існуюць зараз у свеце, ёсць у беларускім РНПЦ отарыналарынгалогіі.
Цэнтр аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, кадравы патэнцыял медыцынскай установы – высокакваліфікаваныя спецыялісты: кандыдаты медыцынскіх навук, урачы вышэйшай катэгорыі. Яны праходзяць стажыроўку і практыку ў клініках Еўропы і Амерыкі, прымаюць удзел у міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах. У клінічную практыку актыўна ўкараняюцца і ўласныя інавацыйныя распрацоўкі. Хірургі цэнтра праводзяць увесь спектр высокатэхналагічных хірургічных умяшальніцтваў на ЛОР-органах. Штогод тут выконваюць больш за 3800 аперацый, прычым не толькі жыхарам Беларусі. Прыязджаюць з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Узбекістана, Казахстана і з іншых краін.
Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак – не кабінетны кіраўнік. Незалежна ад пасады і навуковай ступені, яна, як практыкуючы ўрач, у любы момант гатова прыйсці на дапамогу. Кожны яе рабочы дзень напружаны. Акрамя планавых аперацый, ёй часта даводзіцца аказваць і экстранную дапамогу, і кансультаванне маладых калег, праводзіць абход прааперыраваных пацыентаў.
Займаючы пасаду дырэктара РНПЦ, адначасова з’яўляецца галоўным пазаштатным отарыналарынголагам Міні-стэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Уся навуковая работа цэнтра пад яе кантролем, і практычная таксама – на стале ў кабінеце ўстаноўлены манітор, па якім можна назіраць за тым, што адбываецца ў аперацыйнай. Закончыла ў 2011 годзе Акадэмію пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працуе над доктарскай дысертацыяй.
Муж Людмілы Эдуардаўны зараз працуе ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Іх дзецям не трэба было расказваць, наколькі цяжкая і адказная работа ўрача, дастаткова было часу і прыкладаў, каб яны ўпэўніліся ў гэтым самастойна. І тым не менш, сын Андрэй закончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, працуе хірургам ва ўстанове, якую ўзначальвае маці. Многа чытае, вывучае манаграфіі, у яго ёсць шэраг навуковых прац. Дачка Ліна таксама хутка стане кваліфікаваным медыкам – перайшла на чацвёрты курс Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Людміла Эдуардаўна не шкадуе, што дзеці звязалі сваё жыццё з медыцынай. Як і не шкадуе аб уласным выбары. Дарэчы, нейкім чынам ажыццявілася і яе мара – яна з’яўляецца галоўным рэдактарам міжнароднага навукова-практычнага часопіса «Отарыналарынгалогія ў Беларусі».
Сіндром выгарання – гэта не пра яе. Яна – медык, гэта яе любімая справа. У ёй няма руціны і заўсёды прысутнічае момант навізны. А галоўнае – дзейсная дапамога людзям, якія пакутваюць на ЛОР-захворванні.
– Слухаць і гаварыць, – зазначае Л.Э. Макарына-Кібак, – гэтак жа натуральна, як дыхаць. Слых і мова – гэта спосаб самавыражэння і магчымасць паўнацэнна жыць у грамадстве. Але аб тым, каб берагчы галасавыя звязкі і барабанныя перапонкі, неяк не задумваемся, па крайняй меры да таго часу, пакуль яны не пачынаюць нас падводзіць. Аказваецца, галасавы і слухавы апарат настолькі складаныя і кволыя ўстройствы, што адносіцца да іх трэба з павагай яшчэ да таго, як «певень пракрычыць», а… мы яго не пачуем. Па сусветнай статыстыцы, 1 працэнт усіх нованароджаных мае парушэнні слыху. Каб пазбегнуць гэтага, настойліва раім будучым мамам не курыць, не ўжываць спіртныя напіткі, не парушаць рэжым сну, не прымаць бескантрольна лекавыя прэпараты – антыбіётыкі і іншыя, якія забаронены да прыёму цяжарнымі жанчынамі.
Яшчэ адна з праблем сучаснасці – алергічны рыніт, захворванне, якое прыносіць многа нязручнасцей. Нашы алерголагі і отарыналарынголагі працуюць на высокім узроўні, каб не выконвалася хірургічнае лячэнне тым людзям, якім яно можа быць яшчэ і не патрэбна.
Папярэджваючы пытанне, як трапіць у цэнтр на кансультацыю, Людміла Эдуардаўна адказала, што накіраванне патрэбна для бясплатнай кансультацыі. Калі пацыент прыязджае ў цэнтр без накіравання і мае жаданне трапіць на прыём, гэта можна зрабіць на платнай аснове ў дзень звароту. Размяшчаецца цэнтр у г. Мінску, вул. Сухая, 8.
НАВУКОВАЯ ПРАЦА
Пад непасрэдным кіраўніцтвам Л.Э. Макарынай-Кібак арганізаваны навукова-практычны цэнтр отарыналарынгалогіі, праводзяцца навуковыя даследаванні па прыярытэтных напрамках гэтай галіны медыцыны. Людміла Эдуардаўна з’яўляецца аўтарам 2 патэнтаў на вынаходніцтва, 5 інструкцый па прымяненню, больш за 80 навуковых артыкулаў і тэзісаў. Рэгулярна выступае з дакладамі на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях.
З яе ўдзелам праводзяцца сумесныя навукова-даследчыя распрацоўкі з НДІ отарыналарынгалогіі гарадоў Санкт-Пецярбурга і Кіева на падставе дагавораў аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
Укараняе высокатэхналагічныя віды аказання медыцынскай дапамогі.
АБ ЛЮДМІЛЕ МАКАРЫНАЙ-КІБАК ГАВОРАЦЬ:
Бацькі Эдуард Ульянавіч і Ніна Уладзіміраўна, якія жывуць па вуліцы Дабравольскага, 26 райцэнтра:
– Сваёй дачкой ганарымся. З-за вялікай занятасці яна не часта можа бываць на радзіме. Аднак штодзённа звоніць, цікавіцца нашым здароўем, дае карысныя парады. Задаволены, што яна выбрала прафесію, якая заключаецца ў служэнні людзям.
В.Л. Касабуцкая, былы дырэктар СШ № 2 г. Хойнікі:
– Хачу сказаць, што такія вучні, як Людміла Раманчык, рэдка трапляюцца. Яна вызначалася асаблівай прыстойнасцю, актыўнасцю, абавязковасцю. З’яўлялася арганізатарам многіх культурна-масавых мерапрыемстваў, удзельнічала ў іх пастаянна.
Л.М. Тупіца, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
– З Людмілай знаёма з дзяцінства, бо мая сястра жыла па суседству з сям’ёй Раманчыкаў. Хаця вучылася я ў першай гарадской сярэдняй школе, але разам хадзілі на дыскатэку ў гарадскі парк, мелі агульных сяброў. На яе вяселлі ў г. Гродна я была сведкай. А летась была на залатым вяселлі бацькоў Людмілы, якое праводзілася ва ўрачыстай абстаноўцы. Хаця жывём у розных мясцінах, але падтрымліваем сувязь: рэгулярна размаўляем па тэлефоне, па магчымасці сустракаемся. Я вельмі рада, што мая надзейная сяброўка дабілася высокіх прафесійных вяршынь.
Клаўдзія БОСАК.