Традыцыя рабочай суботы існуе ўжо больш за сто гадоў. Лічыцца, што першы суботнік прайшоў 12 красавіка 1919 года.
Аднак слова «суботнік», якое ўзнікла яшчэ ў савецкі час, у нашы дні набыло новую афарбоўку. Беларусы сёння ўсё часцей параўноўваюць яго са звычаем талакі – вырашэннем праблем разам, усёй грамадой.
Сёлета рэспубліканскі суботнік адбыўся 17 красавіка. Удзел ў ім прынялі 2,3 мільёнаў беларусаў, сабрана больш за 9 мільёна рублёў.
Нагадаю, што палова выручаных сродкаў застанецца ў мясцовых бюджэтах. Іх накіруюць на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Грошы таксама выдаткуюць на рамонт і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы. Другія 50% сродкаў накіруюць на ўмацаванне базы медустаноў, закупку абсталявання для меддапамогі насельніцтву, фінансаванне закупак вакцыны ад інфекцыі, выкліканай каронавірусам.
На прапанову шчыра папрацаваць у выхадны дзень адгукнуліся і хайнічане. Дэпутаты, калектывы арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў, старанна працавалі на вызначаных аб’ектах у адпаведнасці з зацверджаным планам мерапрыемстваў.
Хтосьці з удзельнікаў суботніка добраўпарадкоўваў помнікі, месцы пахаванняў, нехта быў задзейнічаны на пасадцы дрэў, іншыя наводзілі парадак на вуліцах горада (ажыццяўлялі ўборку пяску, смецця, сухой травы, непатрэбнай расліннасці, устанаўлівалі, фарбавалі і бялілі агароджы), у сельскіх населеных пунктах. Усе стараліся ад душы, каб на зямлі панавалі чысціня і парадак.
Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Анатолій Гура, такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей, а ў Год народнага адзінства гэта асабліва актуальна.
Усяго на Хойнікшчыне падчас суботніка шчыравалі 4913 чалавек. Агульнымі намаганнямі зароблена больш за 16 тысяч рублёў.
Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара і Вольгі БЕЛАШ.