Дронькі… Невялікая палеская вёска, якая, калі глядзець з вышыні птушынага палёту, падобна на дрэва.
Цэнтральная вуліца, якую вяскоўцы называлі Сяло (афіцыйнай назвы не было), вяла ў бок Пагоннага. Ад яе, як галіны ад ствала дрэва, адыходзілі вулачкі і завулкі: Хутар, Ніўкі, Залом, Крушыны… Усе гэтыя вулачкі і завулкі, дарогі і сцяжынкі і, вядома, родныя падворкі жывуць у памяці дронькаўцаў, якім давялося пакінуць мясціны, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе быў знаёмы кожны куточак, кожны ўзгорак, лясок, балотца.
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС рэзка змяніла прывычны ўклад жыцця маіх аднавяскоўцаў. Як гром з яснага неба ўспрынялі людзі гэтую падзею. Спачатку не верылі, меркавалі, што ўсё абыдзецца, што інжынеры, рабочыя станцыі, салдаты абавязкова справяцца з бядой. Таму кожны гаспадар спяшаўся пасеяць агарод, бо стаялі цёплыя красавіцкія дні. Ды і святы набліжаліся: хрысціянскае – Вялікдзень і савецкае – Першамай.
Але трывога і неспакой нарасталі з кожным днём. А калі аб’явілі, што неабходна вывезці дзяцей і цяжарных жанчын, стала зразумела, што прыйшла вялікая бяда. Непапраўная, што нябачны вораг захапіў палі і лясы, рэкі і балоты, што нельга піць дамашняе малако і ваду з калодзежаў, нельга гуляць па вуліцы, нюхаць кветкі, нельга жыць у родных хатах, бо на нашу прыгожую палескую зямлю ўпала «чорная зорка Палыні».
Жанчыны плакалі, галасілі, мужчыны былі панурыя, у вачах боль і роспач, нібы ў кожнай хаце ляжаў нябожчык.
У пачатку мая вёска апусцела. Мёртваю стала вёска.
Людзі вымушаны былі шукаць новае месца жыхарства. Большасць дронькаўцаў у верасні 1986 года была пераселена ў вёску Бабоўка Жлобінскага раёна, дзе былі пабудаваны дамы для пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.
Бабоўка стала другой радзімай і для маёй сям’і. Тут выраслі мае дзеці, нарадзіліся ўнукі. У Бабоўцы, а не ў Дроньках, правяла я ў апошні шлях сваіх бацькоў. Але чамусьці ўсё роўна ў снах я там, у сваёй палескай вёсачцы Дронькі.
На Радаўніцу ў Дроньках, 1995 год
Сёння я вельмі добра разумею дронькаўцаў старэйшага пакалення (многіх ужо няма ў жывых), якія кожны год на Радаўніцу наймалі аўтобусы і ехалі на Хойнікшчыну, у Дронькі, каб не толькі прывесці ў парадак могілкі родных, але і сустрэцца з блізкімі, суседзямі, знаёмымі і пабываць у родных хатах, пахадзіць па знаёмых сцежках. І, здавалася, родная зямля дзялілася з імі сваёй цеплынёй і сілай, і любоўю, якой ім хапала на цэлы год.
Мінула 35 гадоў з тых трывожных дзён, поўных гора і смутку. Многія сведкі і ліквідатары аварыі на ЧАЭС адышлі ў іншы свет. Знікаюць з зямлі і сляды тых вёсак, якія засталіся за калючым дротам у зоне першачарговага адсялення. Нарадзіліся новыя людзі, і мы, сведкі тых трагічных падзей, павінны расказаць сваім унукам і праўнукам пра той страшны дзень, каб яны ведалі і помнілі.
Помнілі свае карані, сваіх дзядоў і прадзедаў, якія вялі вайну з мірным атамам.
Лідзія АНІСЕНКА (Ядчанка), ураджэнка в. Дронькі.