У хвіліну маўчання схілім галаву

Общество

У памяць тых, хто загінуў

На мітынг-рэквіем каля помніка Смутку, па сумнай, але нязменнай традыцыі, сабралася шмат людзей. Кіраўніцтва вобласці і раёна, дэпутаты, удзельнікі ліквідацыі катастрофы на ЧАЭС, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь, школьнікі, і проста людзі, праз жыццё якіх глыбокай незагойнай ранай прайшла Чарнобыльская трагедыя.

Прысутнічаў на мерапрыемстве і звярнуўся да хайнічан з прамовай старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзій Салавей. Кіраўнік вобласці ў сваім выступе падкрэсліў: «Мы зробім усё неабходнае, каб нашы дзеці і ўнукі жылі на чыстых землях пад мірным небам роднай Беларусі».

На мітынгу ўспаміналі горкія, страшныя моманты той «чорнай вясны» 1986-га. Гучалі кранальныя словы і кампазіцыі. Мы памятаем! Але жыццё не стаіць на месцы і наш раён, які адносіцца да ліку найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, працягвае развівацца, а яго жыхары смела і ўпэўнена глядзяць у будучыню. Пра гэта гаварылі старшыня райвыканкама Анатолій Бандарэнка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская.

Сярод ганаровых гасцей – непасрэдныя ўдзельнікі падзей тых дзён. Пра тое, як і што адбывалася ў той красавік 86-га, распавёў ліквідатар Валянцін Баранаў. Разам з групай адказных літаральна за два-тры дні яны эвакуіравалі каля шасцісот чалавек, якія так і не вярнуліся на сваю малую радзіму. Назаўжды знікла з карты раёна і родная вёска Валянціна Ігнатавіча – Леніна.

Шчымела сэрца, перахапляла дыханне, на вочы наварочваліся слёзы. Удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і жывыя кветкі да падножжа помніка.

А пасля высадзілі алею з 35 шарападобных верб у гонар кожнага года, які прайшоў з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

*** *** ***

Традыцыйны мітынг-рэквіем прайшоў каля Памятнага знака ў гонар энергетыкаў Савецкага Саюза – ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Удзел у мерапрыемстве прынялі міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі ДВА «Белэнерга» і РУП «Гомельэнерга», грамадскіх арганізацый, ліквідатары, ветэраны энергасістэмы, спонсары, моладзь, жыхары горада.

Звяртаючыся да прысутных, Віктар Каранкевіч падкрэсліў, што 26 красавіка – асаблівы дзень для краіны і многіх беларусаў. І застанецца такім назаўсёды.

Амаль 2,5 тыс. беларускіх энергетыкаў (980 работнікаў Гомельскай энергасістэмы) прынялі непасрэдны ўдзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС і зрабілі ўсё магчымае, каб мінімізаваць наступствы катастрофы, самааддана і мужна выконвалі свой абавязак.

Міністр выказаў падзяку ліквідатарам і сем’ям тых, каго ўжо няма, за мужнасць і патрыятызм і пажадаў усім моцнага здароўя, міру і дабрабыту.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых ліквідатараў, усклалі кветкі і вянкі да манумента.

*** *** ***

Адбыўся мітынг-рэквіем і каля Памятнага знака ў гонар вадзіцеляў, якія выконвалі свой грамадзянскі абавязак пры ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Удзел у мерапрыемстве прынялі генеральны дырэктар ААТ «Гомельаблаўтатранс», дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Старасценка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская, работнікі і ветэраны аўтатранспартнага прадпрыемства.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да памятнага знака і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць тых, хто аддаў свае жыцці за выратаванне іншых людзей і зямель пасля трагедыі.

Дзмітрый Старасценка адзначыў: «Чарнобыль пакінуў свой след, але жыццё працягваецца. Гэта вопыт, які патрэбна перадаваць будучаму пакаленню. Як кажушь, што забываецца, то паўтараецца».

Падрыхтавалі Святлана ВАШЧАНКА, Наталля РЭВЯКА, Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *