У Гомелі прайшлі фінальныя старты ІІІ абласной спартакіяды інвалідаў розных катэгорый, удзел у якіх прынялі пасланцы 14 раёнаў Гомельшчыны. Спаборніцтвы праводзіліся па 6 відах інваспорту: шахматы, шашкі, гонкі на інвалідных калясках, бег на 200 і 400 метраў, дартс і настольны тэніс.
За каманду нашага раёна выступалі Аляксандр Данчанка, Ігар Равідовіч і Аляксандр Крукаў. Хайнічане ўзялі на ўзбраенне сувораўскі прынцып: не колькасцю а ўменнем, і нават такім невялікім саставам здолелі заняць высокае 5 месца, усяго толькі некалькі ачкоў не дацягнуўшы да прызавой тройкі.
Удзельнікі спаборніцтваў у адзін голас адзначалі выдатную арганізацыю спаборніцтваў, а хойніцкія інваспартсмены шчыра ўдзячны начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Хойніцкага райвыканкома В.С. Васькевічу, дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Л.В. Ермаковай і ўсім яго супрацоўнікам за дапамогу ў арганізацыі гэтай карыснай і цікавай паездкі.
Віктар НАЗАРАНКА.