Дзе спяваюць, там шчасце маюць

Культура

«Спадчына» шчодра дорыць свой талент землякам

Ансамбль народнай песні «Спадчына» быў створаны ў 1987 годзе. Мэтай удзельнікаў гэтага творчага калектыва стала збіранне і захаванне народных песень – старажытных аўтэнтычных, абрадавых, тых, якія пакінулі нам у спадчыну продкі. Таму калектыў і атрымаў такую назву – «Спадчына».

У рэпертуары спадчынцаў – музычныя кампазіцыі на любы густ і выпадак. Пераважна артысты выходзяць на сцэну з беларускімі народнымі песнямі ў суправаджэнні баяна або гармоніка з шумавымі інструментамі. Удзельніцы ансамбля валодаюць выдатнымі галасамі. Нягледзячы ні на якія складанасці, у тым ліку праблемы са здароўем, яны ніколі не губляюць аптымізму і атрымліваюць асалоду ад выступленняў. Гэта дружная суполка песняй і справай сцвярджае сваю любоў да роднай зямлі, шануе і працягвае традыцыі беларускай народнай культуры.

Спяваюць шчыра, ад душы. І зусім немагчыма ўседзець на месцы, калі яны выступаюць з прыпеўкамі, якія не толькі рупліва збіраюць, але і складаюць самі.

З асаблівым творчым запалам спадчынцы выступаюць перад сталымі жыхарамі раёна, выязджаюць у маланаселеныя пункты Хойнікшчыны. Сярод апошніх раённых мерапрыемстваў, у якіх прымалі ўдзел, – Дзень Перамогі і 85-годдзе са дня нараджэння Барыса Сачанкі.

Мастацкі кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання Лілія Краўчанка – натхняльнік калектыву, вельмі харызматычная, запальвае публіку, як кажуць, з паўабароту. Кожную песню душой пражывае, рухавая, прытанцоўвае ўвесь час, каму падміргне, з кім загаворыць…

Яна адзначае, што спадчынцы вельмі любяць выступаць на канцэртах, таму што гэта жывы кантакт з гледачом: ты бачыш вочы людзей у зале, адчуваеш энергетыку. Гэта вельмі важна для кожнага выканаўцы.

Дзеля такіх момантаў ўдзельнікі ансамбля шмат рэпеціруюць, не шкадуючы вольнага часу. Не дзіўна, што калектыў «спеўся» ва ўсіх сэнсах гэтага слова: жанчыны сталі не толькі «калегамі па творчасці», але і сяброўкамі.

Відаць, нездарма па ўсім свеце, у культурах розных народаў, бытуюць падобныя па сэнсу прымаўкі, якія раюць: каб быць шчаслівым, трэба «жыць там, дзе спяваюць, бо хто спявае – той зла не ведае».

Наталля РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *