Рэквіем вёсцы Ізбынь


(Заканчэнне. Пачатак у №№ 72, 74, 76 “ХН»)


АБ ЖАНЧЫНАХ ХАДЗІЛІ ЛЕГЕНДЫ


Ізбынь не даў свету вялікіх людзей, але даў прыгожых галасістых жанчын. Як заспяваюць, бывала, дзяўчаты, велікаборскія хлопцы за дзесяць кіламетраў чулі, запрагалі коней і гналі галопам бедную жывёлу да нашай вёскі. Так расказвалі.

Але не  проста было пракласці сцяжынку да сэрцаў галасістых прыгажунь. Па-першае, на шляху ляжалі чыгуначныя пуці, па якіх бегаў “чорт з белай барадой” – паравоз. Велікаборцы яго баяліся. Даедуць да чыгункі, а далей ні нагой. Магчыма, ад нас і з’явіўся знак “Стоп!” Ен і зараз там стаіць.

Па-другое, ізбыньскія хлопцы па характару свайму не маглі дапусціць велікаборцаў да сваіх дзяўчат. Бо Ізбынь даў свету мужчын з вялікім пачуццём гонару.

У гэтай вёсцы першыя пасяленцы адносіліся да пагранічнай варты яе імператарскай вялікасці Кацярыны ІІ. Па граніцы служылыя людзі ставілі хаты на двух гаспадароў, а граф Пацёмкін маляваў тыя вёскі, не сам, безумоўна. Рэвізуючы межы, Кацярына ехала і радавалася. А потым і маляваць не патрэбна стала, бо дзякуючы прытоку беглых людзей вёскі разрасталіся. Жылі ў зямлянках, куранях, называючы сябе казакамі. Пагранічныя хаты з’яўляліся акумулятарам і сітам першых пасяленняў палешукоўскага казацтва. Па расказах старажылаў, першыя пасяленцы былі Іванюшкі. Кацярына, праязджаючы па гэтых месцах, сказала пасяленцам “Ауфідэрзейн, іванушкі!” Так і з’явілася прозвішча “Іванюшка”. Пасля ўсіх прыбудоў і пабудоў курані і зямлянкі назвалі ізбынямі. Пры пасяленні беглых салдат Напалеона “Лье Щенок” ператварылася ў “Лешчанок”, з  “Казимир Чук” – у “Казмярчук”. Так гавораць.


АД ВЕРЫ І ШКОДНЫХ ЗВЫЧАК


У асноўным у Ізбыні жылі католікі. Пабудавалі культавае памяшканне – капліцу, дзе маліліся, спраўлялі абрады. У час вайны, памятаю, калі мяне хрысцілі,  чакаючы чаргі, сядзелі на лаўках. У 1943-м, калі нас уганялі ў Германію, гэтую капліцу спалілі, як і вёску.

Зараз ад веры нашых продкаў засталіся каталіцкія могілкі. Калі памірала мая маці, папрасіла: “Ты, сынок, пастаў мне крыж такі, як у майго бацькі”. Такія крыжы з адной перакладзінай стаяць і зараз.

Ад веры і культуры засталіся імёны: Адольф, Станіслаў, Уладзіслаў. Сярод жанчын больш усяго Софій, Разалій, Ліз, Марый.

Чамусьці непачціва адносіліся да жывёл і пярнатых. Гэтага дабра ў прыродзе вялося зашмат, мусіць таму авечак, гусей, індыкоў і качак не заводзяць ізбыньцы да гэтага часу.

Захаваліся вялікія вадаёмы, як Качай-Балота, Замошкі, дзе водзіцца шмат рыбы. Яшчэ, памятаецца, ва ўрочышчы Шчоўб, якое знаходзіцца ў пойме рачулкі Баявая Канава, людзі лавілі і салілі дзежамі ўюноў і карасёў.

Што датычыць шкодных звычак, то яны дасталіся ізбыньцам, кажуць, ад французаў. З-за адсутнасці вінаграднага віна навучыліся і навучылі іншых рабіць самагон. Хмелю ў нашых балоцістых мясцінах многа, ён як ліяны звісае з дрэў. Было чаго выпіць і закусіць, але ўсё роўна нечага не хапала. Тады гэтай святой справе стаў дапамагаць жыццярадасны яўрэй Хаім Гайбавіч. У яго заўсёды быў адчынены шынок – хоць уначы, хоць днём. Людзі тоўпіліся там, бралі ў доўг.

…Са 130 двароў даваеннага часу зараз жывё ў вёсцы крыху больш за  20 чалавек.

Кожны памёршы чалавек, а тым больш населены пункт, заслугоўваюць таго, каб іх помнілі. Памірае неперспектыўная вёска Ізбынь. Успамінаючы яе, у душы смуткую я і плачу аб незваротным часе. Яна ў снах маіх, мае родзічы, суседзі, проста знаёмыя. Там прайшло маё дзяцінства і юнацтва.


Аляксандр ЧАРЭЙКА,
г. Ляхавічы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *