Любяць дзеці, паважаюць дарослыя

Образование

Думка напісаць аб музычным кіраўніку і настаўніцы музыкі І.М. Тузавай узнікла пасля лінейкі ў сярэдняй школе № 1, дзе выступалі яе выхаванцы, дарэчы, вельмі ўдала. Убачыўшы іх на лавачцы, дзе яны сядзелі ў чаканні аўтобуса, вырашыла сфатаграфаваць. Праз некалькі дзён прыйшла ў дзіцячы сад для размовы. З Ірынай Мікалаеўнай і гаварыць лёгка, і  сама яна каго хочаш разгаворыць.

– Хваліць мяне не патрэбна, – пачала размову Ірына Мікалаеўна, – сама ведаю, калі што атрымліваецца, а калі ёсць  недахопы. Таму спачатку давайце раскажу пра вытокі майстэрства. Музыкальнасць і голас у мяне ад родзічаў па бацькоўскай лініі. Татавы цёткі вельмі добра спявалі, умелі іграць на музычных інструментах. У час вучобы спявала ў вакальным ансамблі, не прапускала канцэрты і іншыя  мерапрыемствы. Маці і сястра па-ранейшаму радуюцца маім поспехам, ганарацца, хаця, здаецца, за столькі гадоў можна было і прывыкнуць.

А ганарыцца ёсць чым. Дыпломы, ганаровыя граматы, падзякі за работу з дзіцячымі і дарослымі калектывамі. Прызнаннем заслуг музычнага кіраўніка з’яўляецца і вышэйшая катэгорыя, якая была прысвоена ў лютым мінулага года. Прызавыя месцы на розных конкурсах – таксама паказчык удалай і стараннай працы. На адкрыцці аграгарадка “Судкова” давялося працаваць з незнаёмымі дзецьмі, аднак усё прайшло выдатна, дзеці не разгубіліся. На мерапрыемстве прысутнічаў Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка, які пагутарыў з Ірынай Мікалаеўнай, паваліў яе работу.

–  Я  па натуры народніца, не першы год збіраю фальклорны матэрыял. Мне лёгка перадаваць свае веды дзецям, асабліва дашкольнікам. Яны разумеюць добра і схопліваюць веды хутка. Хаця па адукацыі настаўнік музыкі, але пастаянна прыходзіцца быць і вакалістам, і харэографам, а часам і аўтарам.



У гэтым годзе ў І.М. Тузавай два юбілеі: жыццёвы (45 год) і працоўны (25 гадоў). Закончыўшы ў 1984 годзе Гомельскае музычнае вучылішча, пачынала працаваць у Брагінскім раёне, затым у нашым раёне была загадчыцай клуба, выкладчыцай у музычнай школе, з 1991 года  –  музычны кіраўнік у дзіцячым садзе № 1. З лета – яшчэ і настаўніца музыкі ў сярэдняй школе № 2. Часта запрашаюць Ірыну Мікалаеўну правесці мерапрыемствы ў розных арганізацыях, падрыхтаваць калектывы да конкурсаў. Запрашаюць і на прафесійныя святы.



З 2003 года ў дзіцячым садзе № 1 пад кіраўніцтвам І.М. Тузавай дзейнічае фальклорны гурток “Каласкі”, у якім дзеці далучаюцца да фальклору, народных традыцый, самабытнасці беларускага народа. Часта паказваюць абрадавыя святы. Музычная кампазіцыя “Сваты” ў іх выкакананні на абласным аглядзе ў Чачэрску заняла ІІ месца, уразіўшы ўсіх прысутных.

Ірына Мікалаеўна, падбіраючы рэпертуар, аддае перавагу фальклору больш гумарыстычнага плана, з паказальнымі элементамі, рухамі, каб і дзецям было цікава, і гледачам весела. У якасці музычных інструментаў прымяненне знайшлі бляшанкі, накрыўкі, гарошыны – усё, што гучыць. Прыгожыя касцюмы –  заслуга выхавальнікаў дзетсада: яны і пашыюць, і ўпрыгожаць, і захаваюць у належным стане.

– З выхавальнікамі дзіцячага сада ўзаемадзеянне поўнае. Яны заўсёды дапамагаюць з падрыхтоўкай касцюмаў, сумесна прапрацоўваем сцэнарыі. Не адмаўляюць выйсці з дзецьмі ў якую-небудзь арганізацыю. Сёлета вельмі ўдала пакалядавалі, хадзілі ў банк, на рамонтны завод, у райвыканком. Калі прыходзім да сваіх шэфаў у Беларусбанк, то ўвага нам забяспечана стопрацэнтная, у захапленні і работнікі, і кліенты.

Ірына Мікалаеўна пастаянна павышае свой кругагляд. Наведвае бібліятэку, у тым ліку тады, калі выязджае за межы раёна, ездзіць на спецыяльныя курсы, адкуль прывозіць распрацоўкі. Да таго ж, з’яўляецца старшынёй прафкома дзіцячага сада, а гэта таксама патрабуе пэўнага часу і сіл.

– Пэўна, нешта ўсё ж такі дадзена мне Богам, калі атрымліваецца данесці музыку, творчасць, самабытнасць да людзей, калі дзеці любяць мяне, а дарослыя паважаюць.


Вольга БЕЛАШ.
На здымку: І.М. Тузава са сваімі выхаванцамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *