Урок дабрыні і чалавечнасці

Образование

Хойніцкая дзяржаўная гімназія па праву лічыцца вядучай установай адукацыі раёна. Тут сабраны самыя здольныя вучні і найбольш кваліфікаваныя педагогі, і тым болей пачэсна ўзначальваць такі моцны настаўніцкі калектыў. З 2005 года, з таго самага часу, калі агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 4 была рэарганізавана ў гімназію, намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце працуе тут Наталля Уладзіміраўна Раманчык.

Над выбарам будучай прафесіі яшчэ ў час вучобы ў СШ № 1 яна доўга не раздумвала. Перад вачыма быў прыклад маці Ніны Рыгораўны Карась, настаўніцы, чый агульны педагагічны стаж пераваліў за 50 гадоў. На рашэнне паступаць у педінстытут паўплывалі і любімыя настаўнікі – Галіна Пятроўна Чарнякова, Галіна Іванаўна Нікіценка, Станіслава Рыгораўна Пярцоўская, Аліна Цярэнцьеўна Бялова, Алена Уладзіміраўна Каток.

– Усе яны, – расказвае Наталля Уладзіміраўна, – карысталіся бясспрэчным аўтарытэтам у вучняў, дэталёва ведалі свой прадмет і давалі нам не толькі глыбокія тэарэтычныя веды, але і ўрокі сапраўднай дабрыні, чалавечнасці і жыццёвай мудрасці. Мне таксама вельмі хацелася стаць для дзяцей такім жа добрым і ведаючым настаўнікам і навучаць іх не толькі прадметным ведам, але і самастойнасці ў прыняцці рашэнняў, уменню правільна арыентавацца ў няпростых жыццёвых сітуацыях.

З паступленнем у Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут праблем не было. Школу Наталля закончыла з залатым медалём і, як медаліст здавала адзін экзамен – па грамадазнаўству. Выцягнула экзаменацыйны білет і ўспомніла, як цікава і захапляюча расказвала гэтую тэму ў школе Г.П. Чарнякова. Таму асабліва не хвалявалася, а адказ абітурыенткі экзаменатары ацанілі на цвёрдую “пяцёрку”.

Гады вучобы праляцелі непрыкметна, і ў 1990 годзе Наталля вярнулася ў родную школу ўжо ў якасці настаўніцы пачатковых класаў. У 1998 годзе Н.У. Раманчык назначылі намеснікам дырэктара СШ № 1, а ў 2005 годзе наступным пунктам яе працоўнай біяграфіі стала дзяржаўная гімназія.

Яе цяперашняя вучэбна-метадычная дзейнасць мае на ўвазе як работу з вучнямі, так і з настаўнікамі і ў асноўным сканцэнтравана на пазаўрочным часе. Метадычныя распрацоўкі арганізацыі вольнага часу, удзел у конкурсах і прадметных алімпіядах, арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці вучняў па самых розных пытаннях – вось далёка не поўны спектр пытанняў, па якіх працуе  намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце. А яшчэ пры гімназіі дзейнічае навуковае таварыства, работу якога таксама арганізуе Наталля Уладзіміраўна Раманчык.

Са сваімі шматлікімі абавязкамі Наталля Уладзіміраўна спраўляецца з гонарам. Аб гэтым сведчаць шматлікія перамогі гімназістаў і іх выкладчыкаў у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і алімпіядах. Тут і мінулагодняя перамога праекта вучняў гімназіі ў рэспубліканскім конкурсе па энергазберажэнню, і другое месца ў конкурсе сачыненняў “Выратавальнікі вачыма дзяцей”, і дыпломы за ўдзел гімназістаў у традыцыйных мележаўскіх чытаннях у г. Гомелі, конкурсе “КоллегиУМ” у Рагачове, і шматлікія дыпломы за перамогі і прызавыя месцы ў прадметных алімпіядах. Пачэсна і тое, што ў 2006 годзе Хойніцкая дзяржаўная гімназія атрымала статус абласной інавацыйнай пляцоўкі па фарміраванню ў вучняў навыкаў даследчай дзейнасці.

Сёлета работа гімназіі названа ў ліку пераможцаў у абласным конкурсе праектаў па арганізацыі шостага дня тыдня ў школе. Яна ж вылучана ад Гомельскай вобласці і на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе.

Ад раніцы і да позняга вечара доўжыцца рабочы дзень Наталлі Уладзіміраўны Раманчык. І можна толькі дзіву давацца, як выдатна спраўляецца яна як на рабоце, так і па хатніх справах. У працы па дому дапамагаюць ёй муж Эдуард Вільевіч, які працуе ў РАУС, і сын Ягор – вучань 10-га фізіка-матэматычнага класа гімназіі.

– Абавязкова адзначце наш дружны і творчы настаўніцкі калектыў, – папрасіла Наталля Уладзіміраўна, – без дапамогі калег я б і сотай долі не зрабіла таго, што сёння можна смела занесці ў наш актыў.

А яшчэ Н.У. Раманчык ад усёй душы павіншавала ўсіх настаўнікаў гімназіі і школ раёна з прафесійным святам і пажадала здароўя, творчасці, аптымізму і поспехаў у іх такой патрэбнай і высакароднай справе.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *